Вы тут

У Брэсцкай гарадской дзіцячай бібліятэцы рэалізуецца цікавы праект развіваючага чытання


Так, на заняткі гуртка па развіваючым чытанні ў бібліятэку прыходзіць самы сапраўдны сабака. Як высветлілася, чатырохногі сябар можа быць уважлівым і ўдзячным слухачом. А яшчэ ён любіць гуляць з малымі. Яны ж не хаваюць свайго захаплення. Малыя без апаскі падыходзяць, гладзяць, нават абдымаюць сабачку, а галоўнае, усе стараюцца добра чытаць.


Гэты незвычайны праект бібліятэка рэалізоўвае пяты год. Першы такі занятак адбыўся ў 2019 годзе. Каардынатарам праекта, можна сказаць, яго аўтарам з’яўляецца загадчыца аддзела аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Ірына Клімовіч. Праект для дзіцячай аўдыторыі зладзілі ў дзіцячай бібліятэцы, якая з’яўляецца філіялам гарадской.

Гурток называецца «СоЧитайка». На яго заняткі запісваюцца загадзя, апошняе асабліва важна для навічкоў, бо бацькі павінны даць пісьмовую згоду і пацвердзіць, што ў дзіцяці няма алергіі на сабак, што дзіця не баіцца сабак. Калі ўсё патрэбнае ёсць, можна прыходзіць на заняткі, якія праходзяць звычайна раз на месяц. Цяпер нават у Вайберы з'явілася група аматараў гуртка, таму яго расклад усе ведаюць загадзя. Гурток наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з першага па пяты клас. Але гэта не строгія рамкі, за якія нельга выйсці. Напрыклад, сёння былі і шасцікласнік Коля, і дзве сястрычкі-двайняткі дашкольніцы.

Ірына Клімовіч расказала, што спачатку, чатыры гады таму, звярнуліся да дыпламаванага кінолага, і першымі ўдзельнікамі гуртка былі службовыя сабакі. За гэты час слухачамі юных чытальнікаў станавіліся і джэк-расел-тэр’ер Джэкі, і нямецкая аўчарка Бьёрн, і йорк Рыч, і бернскі зененхунд Берта. А вось цяпер апавяданні і казкі слухае зененхунд Фрося. 

Загадчыца Гарадской дзіцячай бібліятэкі-філіяла №13 Святлана Івашкова, расказала, што ніводная сустрэча аматараў гуртка не бывае падобнай на папярэднюю. Кожны раз выкарыстоўваюцца новыя формы. На занятках бываюць віктарыны і конкурсы, мультфільмы па кнігах і літаратурныя гульні. Прапаноўваюцца практыкаваннні для паляпшэння тэхнікі чытання, якія распрацавалі самі бібліятэкары. І самае галоўнае, што дзеці з захапленнем удзельнічаюць у занятку, камунікуюць з чацвяраногім сябрам. У апошнім змагла ўпэўніцца аўтар гэтых радкоў, калі пабывала на занятках 11 лютага.

На гэты раз занятак быў прысвечаны творчасці Віталя Біянкі, 130-годдзе якога адзначаецца ў гэтым месяцы і менавіта ў гэты дзень.

Святлана Іванаўна, як кіраўнік гуртка, запрасіла малых у падарожжа па памяшканні бібліятэкі. Ішлі доўгімі, пакручастымі калідорамі, што прыдало загадкавасці. Зайшлі ў цёмнае памяшканне, расселіся на мяккім дыване і ўключылі праектар. На экране паявілася карцінка і некалькі радкоў з апавядання «Першае паляванне» Біянкі. Хуценька разабраліся па нумарах, хто за кім чытае, і пачалі. Коля, як самы старэйшы, чытаў першым, за ім самыя актыўныя і смелыя дзяўчынкі. Малыя Соня і Паліна, папярэдзілі, што не ўмеюць чытаць, за іх чытала Святлана Іванаўна. Але ў астанім — у конкурсах і гульнях — дзяўчыкі-двайняткі былі вельмі актыўныя.

Хутка прачыталі першае апавяданне, узяліся за гульні. Трэба было шукаць таблічкі з назвамі жывёл, з дапамогай інтэрактыўнай указкі хадзіць па лабірынтах разам з насельнікамі лесу. І самае большае захапленне выклікала, калі Фрося таксама пачала ўдзельнічаць у гульнях. Напрыклад, паказваюцца дзве карцінкі, на адной воўк, на другой кракадзіл, задаецца пытанне: «Пра якую з гэтых жывёл мог пісаць наш аўтар?» І што вы думаеце? Фрося выбірае карцінку з ваўком! Потым на адным з заданняў яна адгадала вавёрку, што стала яшчэ адной нагодай для агульнай радасці.

Шмат чаго было на гэтым гуртку. Адгадвалі насельнікаў лесу па гуках. І галоўнае, тут ніхто нікога не прымушае, не робіць заўваг па тэхніцы чытання. Скажам, Ліза, якая была першы раз, сказала, што чытаць не будзе, і ёй тут жа прапанавалі проста паслухаць. Затое у іншых конкурсах дзяўчынка ўдзельнічага актыўна.

Святлана Яроміч, мама 9-гадовай удзельніцы гуртка Марыны, сказала, што дачка любіць наведваць гурток, імкнецца загадзя падрыхтаваць урокі, каб вызваліць дзень для паходу ў бібліятэку. Святлана заўважыла, што Марына пачала лепш чытаць, з ахвотай бярэ кнігі ў бібліятэцы: «Ды і сама форма заняткаў вельмі пазнавальная, дзеці атрымліваюць шмат карыснай інфармацыі, а ў гульнявой форме яна засвойваецца. Думаю, агучу меркаванне ўсіх бацькоў, чые дзеці тут займаюцца, калі скажу, што мы вельмі ўдзячныя за гурток "СоЧитайка"», — падсумавала мама школьніцы.

Таксама ўдзячныя арганізатары і наведвальнікі Кацярыне Астапчык, гаспадыні Фросі, за тое, што выступае валанёрам добрай справы, і кожны месяц прыязджае з гадаванцам у бібліятэку. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.