Вы тут

Рэлігійны турызм — шлях да храма?


У Беларусі актыўна развіваецца рэлігійны турызм. Штогод тысячы паломнікаў наведваюць святыя месцы. Усё больш людзей падарожнічаюць па краіне, каб пазнаёміцца з архітэктурай, пакланіцца цудатворным абразам, трапіць на фестывалі і фэсты.


«Сёння мы бачым патэнцыял каля 690 аб’ектаў рэлігійнага турызму. Прычым цікавасць разам з беларусамі праяўляюць замежныя грамадзяне, перш за ўсё жыхары Расійскай Федэрацыі», — заўважыў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, кіраўнік рабочай групы па развіцці рэлігійнага турызму Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Герасіменя. Ён упэўнены, што сёння паломніцтвы і рэлігійны турызм спрыяюць выхаванню грамадзян праз веру і рэлігію. Таксама знаёмства з храмамі дазваляе адкрываць старонкі гісторыі нашай краіны. Вельмі актыўная патрыятычная работа вядзецца ў сталічным Храме-помніку Усіх Святых, тут створаны музей, крыпта, праходзяць разнастайныя сустрэчы, круглыя сталы. За мінулы год УсіхСвяцкі храм наведала каля ста тысяч чалавек. Сярод самых папулярных аб’ектаў таксама — Свята-Елісавецінскі манастыр, манастыры ў Жыровічах і Полацку, касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску.

Безумоўна, пры арганізацыі экскурсій у храмы трэба вырашаць шэраг пытанняў і праблем. Прынамсі, і арганізатарам, і экскурсантам варта наладжваць наведванне рэлігійных аб’ектаў такім чынам, каб, з аднаго боку, атрымаць патрэбную інфармацыю, з другога — не перашкаджаць вернікам, якія ў гэты час могуць знаходзіцца ў храмах. Як паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце інстытута тэалогіі Беларускага дзяржуніверсітэта Андрэй Гаранскі, па запыце Нацыянальнага агенцтва па турызме была падрыхтавана кніга з метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі і правядзенні рэлігійных экскурсій. Сёння на месцах як прадстаўнікамі канфесій, так і свецкімі ўстановамі вядзецца работа па збіранні матэрыялаў пра мясцовыя святыні, а гэта не толькі храмы, але і тое, што знаходзіцца ўнутры. Напрыклад, многія ведаюць пра цудатворныя абразы ў Жыровічах і Будславе, але шанаваныя святыні, да якіх звяртаюцца па дапамогу тысячы людзей, ёсць і ў іншых месцах. Плануецца стварыць папяровыя і электронныя рэсурсы, дзе такая інфармацыя будзе актуалізавана.

Кіраўнік Сінаідальнага аддзела па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Павел Сярдзюк звярнуў увагу, што часам у храме людзі знаходзяць адказы на галоўнае пытанне аб прызначэнні жыцця чалавека. Знаёмства з гісторыяй храма дапамагае ўсвядоміць сябе як прадстаўніка нацыі з багатымі тысячагадовымі традыцыямі і глыбокай верай. Нават убранне храма ўзвышае чалавека. Часам рэлігійны турызм, экскурсіі дапамагаюць людзям знайсці шлях да веры.

Супрацоўнік Сінаідальнага паломніцкага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Наталля Закрэўская заўважыла, што сёння ў Беларусі працуе 35 манастыроў. Развіццё рэлігійнага турызму магчыма дзякуючы таму, што храмы рэканструяваны, вяртаюцца святыні, святары ідуць на кантакты: з імі можна звязацца, узгадніць час, нават заказаць малебен для групы, якая наведае святыню. На базе Мінскага духоўнага вучэлішча рыхтуюцца праваслаўныя экскурсаводы. Вельмі запатрабаваны ралігійны турызм у гасцей з Расійскай Федэрацыі. Групы прыязджаюць практычна на кожныя выходныя. Іх уражвае архітэктура, многім цікава пабачыць каталіцкія храмы, напрыклад, храм у Гервятах, які называюць беларускім «Нотр-Дамам», пазнаёміцца з хрысціянскімі традыцыямі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?