Вы тут

З кнігай павядзешся — розуму набярэшся


З кнігай павядзешся — розуму набярэшся

Да нас у школу досыць часта заходзіць пісьменнік Аркадзь Жураўлёў, аўтар кніг «Я жадаю вам дабра», «Жывіца», зборнікаў сатыры і гумару, а таксама выдатных казак «Чароўныя словы», якія, дарэчы, намінаваліся на Нацыянальную літаратурную прэмію... Але ж заходзіць Аркадзь Трафімавіч не толькі для таго, каб выступіць перад школьнікамі і калектывам настаўнікаў, каб пазнаёміць са сваімі новымі творамі. Пісьменнік — наш выпускнік.

Яго жыццёваму і творчаму шляху прысвечана адна з экспазіцый у школьным музеі «Скарбніца Вішнеўскай старонкі». Там жа знаходзіцца падараваная пісьменнікам пішучая машынка, на якой калісьці Аркадзь Трафімавіч надрукаваў свае першыя кнігі…

Вучні цікавяцца беларускай літаратурай, аналізуюць сутнасць прачытанага. У прыватнасці, па творчасці Аркадзя Жураўлёва адзінаццацікласніца Анастасія Смаленская напісала адмысловую даследчую работу. У ёй падкрэслена, што мастацкая літаратура — найлепшы сродак выхавання асобы, што творы Аркадзя Трафімавіча сілкуюць розум і выхоўваюць найлепшыя маральныя якасці, рыхтуюць чытача да магчымых жыццёвых цяжкасцяў, што дзеці, маючы ўласцівасць параўноўваць сябе з героямі твораў, вучацца праяўляць смеласць, знаходлівасць і міласэрнасць.

...Усім бацькам хацелася б, каб іх дзеці раслі справядлівымі, чулымі і сумленнымі. Аднак не ўсе, магчыма, ведаюць, якія магутныя магчымасці схаваныя ў творах любімых пісьменнікаў.

Нэлі ТУМАШ, настаўніца

В. Вішнева, Смаргонскі раён


«Я вельмі люблю дзяцей І вельмі рада, што многім змагла дапамагчы»

...Перш чым знайсці справу па душы, Лілія Міхайлава чаго ні спрабавала: пабыла бібліятэкарам, загадчыцай вясковага клуба, адвучылася ў педінстытуце... Аднак сапраўднае задавальненне стала атрымліваць толькі тады, калі трапіла ў спецшколу для глуханямых дзяцей.

Нарадзілася Лілія Іванаўна (да шлюбу — Дарожка) у маі 1941-га ў шматдзетнай сялянскай сям’і, дзе гадавалася адзінаццаць дзяцей. Праўда, за час вайны гэта вялікая сям’я стала значна меншай. За сувязь з партызанамі немцы забілі бацьку, пад Кёнігсбергам загінуў Лілін брат Уладзімір, Яўген падарваўся на міне, двое малых памерлі ад голаду.

Нагараваліся ў час вайны... Не нашмат палягчэла і пасля вызвалення: трое малых — і, вядома ж, не ад добрага жыцця — апынуліся ў дзіцячым доме.

— Там я скончыла шэсць класаў, — успамінае Лілія Іванаўна, — там навучылася быць настойлівай, помніць людскую дабрату і, дарэчы, вельмі многае іншае. Злёту, напрыклад, запамінала вершы, песні, прыпеўкі, якія вельмі любілі слухаць і мае равеснікі, і меншыя дзеці, і нават падлеткі. Яны, здаралася, кралі па вёсках яйкі, а я — было і такое — хадзіла ў краму, мяняла іх на папяросы «Прыбой». Заўважце, не на ежу, бо ў адрозненне ад многіх мы, гальшанскія дзетдомаўцы, зусім не галадалі. Клопатам шэфаў (вайсковай часці, якая знаходзілася ў Венгрыі) мы, выхаванцы, да свят атрымлівалі падарункі, а мне, як выдатніцы вучобы, некалькі разоў перападалі нават адрэзы харошых тканін на сукенкі. Праўда, я іх сабе не пакідала, не шыла — аддавала ў сям’ю старэйшай сястры Веры, дзякуючы якой засталася ў жывых... У мяне да сёння слёзы на вачах, калі ўспамінаю, як да паступлення ў дзіцячы дом мы з мамай хадзілі па палях, збіралі каласкі жыта, а вясной — перамерзлую бульбу, каб спячы аладак…

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю ў Гальшанскай школе, Ліля не адразу паступіла ў інстытут: патрэбен быў год працоўнага стажу. Дзяўчына атрымала яго, уладкаваўшыся на работу ў вясковы клуб. Без адукацыі, без ніякага вопыту ёй, вядома ж, цяжка было, але на працу дзяўчына не ішла, а бегла. Днём была бібліятэкарам, па выхадных ды святах ладзіла вечары адпачынку і, вядома ж, танцы.

...Пасля вучобы на бібліятэчным факультэце педінстытута выпускніца па камсамольскай пуцёўцы махнула ў Сібір, у горад Марыінск Кемераўскай вобласці. Там быў зусім іншы (і куды больш суровы) клімат, іншыя людзі, незнаёмы горад. Ёй, вяскоўцы, вельмі нялёгка было да ўсяго прывыкаць, як магнітам цягнула дамоў, на радзіму.

Вярнулася яна не адна — з мужам, абое ўладкаваліся на работу, але сямейнае жыццё не склалася…

Тым не менш з тройкай дзяцей на руках Лілія Іванаўна змагла завочна атрымаць прафесію дэфектолага-лагапеда — перайшла працаваць у спецшколу для глуханямых дзяцей і нарэшце адчула сябе шчаслівай.

...Успамінаючы пражытае і перажытае, Лілія Іванаўна ў кожным часе знаходзіць нешта добрае: нават у маленстве, нягледзячы на ўсе яго жахі!

«Я вельмі люблю дзяцей — і сваіх, і чужых, — прызнаецца жанчына. — Вельмі рада, што многім змагла дапамагчы, што і малыя, і дарослыя прыслухоўваюцца да маіх парад».

А найболей яна рада таму, што моладзь жыве пад мірным небам, не гібее, не пакутуе ад голаду і холаду, як некалі яна сама.

Мікалай БАЛЫШ

г. Ашмяны


Наш зямляк з Аўстраліі, які не паспеў вярнуцца дамоў

У сям’і нашага сваяка Эдмунда Коласа перад вайной нарадзілася трое сыноў. Старэйшы Янка і малодшы Збышак засталіся ў родных мясцінах. А вось лёс сярэдняга — Каэтана — крута змяніла вайна. Ён стаў адным з амаль дзвюх тысяч (пераважна хлопцаў і дзяўчат), якіх прымусам вывезлі з нашага Пастаўскага раёна на работы ў Германію. Родныя доўгі час лічылі, што Каэтан загінуў... Аж, дзякаваць богу, не: 57 гадоў пражыў у прыгарадзе Сіднея і ніколі не забываў Радзіму.

Неяк раз, пачуўшы, што аўстраліец прыязджае на Бацькаўшчыну, я дамовіўся з ім аб сустрэчы. Помню, адразу ж па-добраму здзівіўся, што ў свае 82 сваяк досыць рухавы і бадзёры, што размаўляе ў асноўным на... роднай мове, зрэдку пераходзячы на рускую з англійскімі словамі.

Спачатку я пацікавіўся, адкуль у яго такое рэдкае імя?

Выбар сваіх набожных бацькоў зямляк патлумачыў тым, што Каэтанам звалі выбітнага каталіцкага багаслова і кардынала, які жыў яшчэ ў ХV стагоддзі. Такое ж імя было ў бацькі нашага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі... Лічылася, што сярод Каэтанаў шмат паспяховых асоб, што яны вылучаюцца ўпартасцю і смеласцю. «Я не ведаю, — казаў Каэтан Эдмундавіч, — ці ёсць у мяне такія рысы, бо ўсё маё жыццё перакруціла вайна. З перасыльнага пункта ў Варапаеве разам з іншымі аднагодкамі мяне сілай вывезлі ў Нямеччыну, зрабілі астарбайтарам (работнікам з Усходу). Першы немец, на якога я мусіў працаваць, аказаўся чалавекам подлым: адправіў мяне ў папраўча-працоўны канцлагер за дрэннае, як быццам, выхаванне... Адтуль мяне забралі ў іншую фермерскую гаспадарку, дзе адносіны былі ўжо больш чалавечыя».

Пасля вызвалення сваяк не стаў вяртацца дамоў. Праз некаторы час падпісаў двухгадовы кантракт на працу на аўстралійскім металургічным заводзе ды там і застаўся: адпрацаваў 38 гадоў, у 66 — выйшаў на пенсію. З грашыма, як расказваў, праблем не меў, жыў ва ўласным доме на беразе акіяна, а вось асабістае жыццё ў земляка не склалася. Яго каханая дзяўчына выйшла замуж за іншага, што крыўдна — блізкага сябра.

...І на заслужаным адпачынку Каэтан Эдмундавіч не сумаваў: кожны дзень працаваў у сваім гародзе, шмат чытаў і гуляў, ездзіў у суседні гарадок па морапрадукты ды іншыя неабходныя тавары.

Нечаканасцю для мяне стала прызнанне, што на тым далёкім мацерыку наш зямляк так і не прыжыўся — не толькі з-за клімату. Расказваў, што ўзімку там ноччу можа быць 7 градусаў марозу, а днём — да 20 цяпла, што пасля моцных дажджоў наступаюць доўгія засухі, што Ціхі акіян бывае зусім не ціхім, што месцічы — людзі нядрэнныя…

Нечаканасцю стала тое, што аўстралійскае грамадзянства сваяк прыняў толькі год таму і што вельмі хацеў бы вярнуцца дамоў.

Мы прагаварылі з ім амаль цэлы дзень…

Гэта была наша апошняя сустрэча: Каэтан Эдмундавіч не паспеў аформіць усе патрэбныя паперы. Яго сэрца спынілася, калі на той кантынент прыйшла восень, а ў нас тым часам была вясна.

Уладзімір ШЫК

г. Паставы


Хто пытае, той не блудзіць?

...Ад дажджу тым лістападаўскім ранкам я схавалася пад дахам вясковага прыпынку. Туды ж неўзабаве «нырнуў» пажылы вясковец у шапцы-аблавушцы і акулярах з вялікімі лінзамі.

— Толькі што каля нашай грамадскай лазні Сцяпашку сустрэў, — паведаміў ён.

— А гэта хто ж такі? — спытала, каб падтрымаць размову.

Мужчына, як выглядала, толькі гэтага і чакаў.

— Сцяпашка, — незнаёмец гулліва (?) падсунуўся бліжэй да мяне, — гэта мой знаёмы заяц. Каторы год мы з ім сустракаемся! І кожны раз ён ад мяне ўцякае... Ну што з яго возьмеш — дурны. Разумны ўжо даўно зразумеў бы, што я, хоць паляўнічы, але ў знаёмых звяроў не страляю.

Мужчына змоўк: я думала, чакаючы маёй пахвалы за свае гуманныя адносіны да зайца... 

Аж не! Ён (гэта відавочна) разглядаў... новую (і досыць мілавідную) жанчыну з вялікімі сумкамі, якая ішла ў наш бок.

— Вось, зноў еду ў горад па камбікорм, — стала наракаць яна, павітаўшыся. — Рукі паадрывалі гэтыя сумкі! Колькі часу патраціла на дарогу, колькі грошай змарнавала... Не мела баба клопату... І навошта мне былі тыя куры? Ды каб яны падохлі!

— Ты б так не казала, — заступіўся за нясушак паляўнічы. — У Пашкі, майго суседа, усе да адной прапалі. Шкада было.

— А мае дык толькі палыселі вясной. Я ім і вітаміны, і камбікорм, і збожжа, — расказвала жанчына, — і бульбачкі звару, і ўсё лета «салаткі» з травы ды гародніны... Не паверыце, сабе так не гатую, як ім!

— Анютачка, ты вельмі добрая гаспадыня, — прызнаў акулярык, падсоўваючыся бліжэй да прыгажуні. — І, трэба прызнаць, недурная жанчына! Дык ты мне скажы: навошта табе тыя лысыя куры? Мо завяла б лепш аднаго лысага мужчыну?

(Мусіць, для таго, каб Анютачка правільна зразумела пытанне, паляўнічы зняў аблавушку, дэманструючы сваю шырокую лысіну.)

...Што яму адказала жанчына, я, на жаль, не пачула. Да прыпынку падышоў аўтобус, з яго сталі выходзіць людзі, у асноўным — жанчыны: акулярык моцна напружваў зрок некага (ці ўсё ж нейкую?) выглядаючы…

«Прафесія» ў яго такая — паляўнічы.

Наталля ШАСТАКОВА

г. Гомель


«Смерці ў паэта няма — ёсць нараджэнне!»

У суботнім нумары «Звязды» з цікавасцю прачытаў артыкул Людмілы Рублеўскай «Аддаўшы птушкам вышыню...» У ім навукоўцы і літаратары разважаюць пра творчасць і лёс нашай знакамітай Яўгеніі Янішчыц.

Да 75-й гадавіны з дня нараджэння паэткі ладзіцца мерапрыемства і ў нас, у народным клубе самадзейных паэтаў пры раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Але ж я не пра тое, якія светлыя ці журліва-самотныя вершы мы будзем чытаць, аддаючы даніну павагі «палескай ластаўцы», «Чароўнай кветцы беларускай паэзіі». Я — пра наканаванасць, трагізм і магічную сілу слова. Я пра... акно.

Як часта ўсё гэта сустракаецца ў вершах:

Жыццё маё, і там, на схіле,

Ты ўсё — загадкавы палёт.

...Аберажы! Я ўцехі знала мала

З таго, што наракаецца вясной,

Пакуль мяне святлом 

не расстраляла

Акно, што ў гром адчыненае мной...

Адпускаю душаньку на волю

Ты яе дарэмна не пільнуй!

...Усё яшчэ... Яшчэ не ўчора.

Але з якіх глухіх начэй

Мне зазірае ў вочы воран

Бязлітасна, нібы кашчэй...

...Яшчэ адну біблейскую жанчыну

Прыбіла, нібы зорку да акна.

...Колькі б не прывёў цытат з вершаў Паэткі, гэта ўсё роўна будзе не ўсё, на што звярнуў увагу, чытаючы Яўгенію Янішчыц. У сапраўдных  паэтаў і насамрэч смерці няма…

Аляксандр МАТОШКА

в. Янкавічы, Расонскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.