Вы тут

Ключ да разумення народа


Ці папулярная сёння родная мова сярод моладзі, ці будзе ўплываць на яе штучны інтэлект, што варта зрабіць дзеля захавання гэтага нацыянальнага скарбу — вось тыя пытанні, якія былі ўзнятыя ўдзельнікамі прэс-канферэнцыі «Беларускамоўнае асяроддзе. Папулярызацыя роднай мовы».


У мове жыве душа

Сёння беларускімі вучонымі робіцца вельмі шмат для вяртання нацыянальных моўных здабыткаў. Раней ужо былі выдадзены Полацкае і Слуцкае Евангеллі, а зусім нядаўна вернуты яшчэ адзін духоўны сімвал — Жухавіцкае Евангелле. Доўгі час гэты помнік ХVІ стагоддзя захоўваўся ў бібліятэцы Урублеўскіх у Вільнюсе. Сёння ён стаў даступным і для беларускіх чытачоў. Падрыхтавана не толькі яго факсіміле, але зроблена і навуковае даследаванне, дзе паказана, што моўныя рысы Евангелля сведчаць аб беларускім паходжанні помніка.

На думку намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Аляксандра Бараноўскага, выдатнай крыніцай для вывучэння мовы павінны стаць фальклорныя пісьмовыя (каля чатырох тысяч) і гукавыя (каля 70 тысяч) запісы, сабраныя ў экспедыцыях рознымі пакаленнямі даследчыкаў, якія сёння захоўваюцца ў калекцыі цэнтра. Запісы дазваляюць не толькі больш даведацца пра моўныя працэсы, у іх перадаецца жывая гаворка. Пры іх алічбоўванні можна было б зрабіць цудоўныя гукавыя дадаткі да моўных даведнікаў, папулярызаваць аўтэнтычнае гучанне.

— Захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце — вельмі важная праблема. Калі знікае якая-небудзь мова — гэта духоўная страта для ўсяго чалавецтва, — упэўнены дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў. — Кожная мова — ключ да разумення духоўнага пачатку нацыі з шматвяковай культурай, яе знікненне вядзе да страты сувязі паміж пакаленнямі.

Для захавання мовы трэба ўлічваць і патрабаванні часу. Таму вучоныя прычыніліся да стварэння сінтэзатара беларускага маўлення, якраз з выкарыстаннем нейронных сетак. Яго можна выкарыстоўваць у інтэрактыўных даведачных сістэмах, напрыклад у аўтаматах па продажы квіткоў, банкаматах, аўдыягідах, навігатарах, ён будзе карысным і для людзей з парушэннямі зроку.

Запрацавала і так званая «Моўная даведка». З мінулага года можна задаць вучоным Інстытута мовазнаўства пытанні, якія датычацца мовы, і атрымаць анлайн-адказы на сайце ўстановы.

Беларуская мова ўведзена ў такую важную для дзяржавы сферу, як заканадаўчая. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы вучоныя завяршаюць работу па перакладзе кодэксаў на беларускую мову. Дарэчы, 
18 кодэксаў ужо перакладзены.

У юбілейны для Інстытута мовазнаўства год запланавана перавыданне граматычных слоўнікаў па ўсіх часцінах мовы. Працягваецца работа над падрыхтоўкай новага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ў 15 тамах, аб’ёмам больш за 250 тысяч слоў.

Звяртацца да класікі 

Шмат зроблена і вучонымі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Найперш яны робяць стаўку на класічную спадчыну. Як заўважыў дырэктар установы Іван Саверчанка, шэдэўры, створаныя геніямі нацыі, мастацкага слова, павінны быць наперадзе. Дзеля гэтага выдаецца серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры». Ужо выйшла 26 тамоў, для якіх абраныя найлепшыя творы беларускай літаратуры. Візітнай карткай Інстытута літаратуразнаўства з’яўляецца выданне збораў твораў класікаў. Такія праекты сведчаць і пра ўзровень літаратуразнаўчай навукі, і пра высокую філалагічную культуру. Цяпер вучоныя працуюць над зборам твораў Кузьмы Чорнага. Першы том ужо выйшаў, да канца 2025 года будзе падрыхтавана дванаццаць.

Намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп расказаў пра сучасныя выдавецкія праекты. Адна з самых запатрабаваных серый — «Бібліятэка беларускай аповесці». Гэта класічныя творы, якія вывучаюцца ў школах. Спадабалася чытачам серыя «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». У серыі «Жывая класіка дзецям» рыхтуюцца невялікія добра ілюстраваныя кнігі, а дзякуючы выданням праекта «Сямейнае чытанне» малыя могуць знаёміцца з казкамі і вершамі, на якіх раслі іх бацькі. Да кніжнай выстаўкі-кірмашу, што пройдзе ў сакавіку, рыхтуецца альманах «Першацвет», дзе змешчаны адабраныя ў выніку конкурсу творы дваццаці маладых аўтараў (паэтаў і празаікаў). Гэта ўжо сёмы выпуск, усяго ж, дзякуючы яго выданню, ужо прадстаўлена 140 маладых аўтараў. Вялікую ўвагу папулярызацыі беларускай мовы ўдзяляе і часопіс «Полымя». Сярод цікавых праектаў — публікацыя дзённікаў Уладзіміра Караткевіча, якія раней не друкаваліся, а ў чацвёртым нумары часопіса пабачыць свет невядомая чытачам аповесць класіка.

З родным словам — да чытача

Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота расказаў, што за мінулы год членамі саюза праведзена звыш 10 тысяч сустрэч з чытачамі па ўсёй краіне. Яны праходзяць у самых розных формах, гэта могуць быць і квэсты, і прэзентацыі, зробленыя з разлікам на розную аўдыторыю. Пісьменнікі прыходзяць у дзіцячыя садкі, школы, ВНУ, сустракаюцца ў бібліятэках з прадстаўнікамі залатога ўзросту. Вялікую ролю для папулярызацыі роднай мовы адыгрывае перакладчыцкая дзейнасць. У выдавецкіх праектах робіцца акцэнт на дзіцячую літаратуру, каб у юнай аўдыторыі выхоўваць любоў да роднай мовы.

Старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі «Акадэміі адукацыі» Вячаслаў Караткевіч звярнуў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на даследаванне, праведзенае ў канцы 2022 года сярод выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Больш за 90 працэнтаў выпускнікоў назвалі роднай беларускую мову, што сведчыць пра яе запатрабаванасць у маладога пакалення. Беларуская мова становіцца ўсё больш папулярнай, бо ўяўляе сабой своеасаблівы маркер інтэлігентнасці, далучанасці да эліты, а яе вывучэнне — гэта адзін з паказальнікаў патрыятызму і грамадзянскасці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.