Вы тут

У дом Валянціна Таўлая сцежка прывяла


8 лютага ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея ўрачыста адзначылі 110-годдзе з дня нараджэння паэта. Госці і прыхільнікі яго творчасці пазнаёміліся з экспазіцыямі і выстаўкамі ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, наведалі галоўную славутасць горада — Лідскі замак. 


Фрагмент экспазіцыі.

Затым быў арганізаваны аўтобусны маршрут па мясцінах Валянціна Таўлая «сТАЎЛенне». Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з вуліцамі горада (у прыватнасці вуліцай Таўлая, якая носіць імя паэта ўжо 60 гадоў), па якіх хадзіў Валянцін Таўлай, даведаліся, дзе размяшчаліся гістарычныя будынкі, звязаныя з лёсам паэта-юбіляра. Адным з прыпынкаў стаў сучасны будынак рэдакцыі «Лідскай газеты», на якім змешчана памятная дошка ў гонар калегі. Цікавым і эмацыянальна напружаным аб’ектам у маршруце стала мэблевая фабрыка. Падчас вайны на яе тэрыторыі была фашысцкая турма, у якую 23 верасня 1943 года трапіла сям’я Таўлаяў. Да сёння пад адным з будынкаў захаваліся сутарэнні, якія падчас вайны выкарыстоўваліся пад турэмныя камеры. 

Асноўным месцам правядзення мерапрыемства па ўшанаванні памяці паэта стаў дом, у якім перад вайной жыў Таўлай. Гасцям паказалі інсцэніраваны аповед «У Таўлая пабываем — жыцця дарогі мы згадаем», ролі Валянціна Таўлая і яго жонкі Кіры Брандт у якім выконвалі супрацоўнікі музея. Праз дыялогі і дзеянні герояў госці мерапрыемства даведаліся пра шляхі паэта-рэвалюцыянера, якія пракладзены праз гарады і мястэчкі заходняй часткі Беларусі і за яе межамі. 

Пасля інсцэніроўкі ўдзельнікі ўрачыстасці пазнаёміліся з выстаўкай «У дом твой сцежка прывяля сама...», на якой былі прадстаўлены матэрыялы з 15 устаноў: Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Баранавіцкага краязнаўчага музея, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа, Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І. І. Стаброўскага, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. П. Таўлая, Цэнтральнага навуковага архіва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сярэдняй школы № 4 г. Баранавічы. У іх захоўваецца эпісталярная спадчына Валянціна Таўлая, фотаздымкі, дакументы і інш. 

Была прадстаўлена таксама інтэрактыўная замалёўка «Абед у Таўлая», створаная па ўспамінах Уладзіміра Калесніка. Літаратуразнаўца ў мемуарах згадваў, як ён пазнаёміўся з Валянцінам Таўлаем, які запрасіў яго і Янку Брыля да сябе ў салдацкі барак, што знаходзіўся каля Акадэміі навук, і пачаставаў гасцей смачным супам і духмяным навагрудскім хлебам. Гэтую страву прапанавалі і гасцям мерапрыемства. А на другое і дысерт, як і ва ўспамінах У. Калесніка (там было чытанне вершаў са зборніка Сяргея Ясеніна), адбылася прэзентацыя зборніка «Мелодыі памяці», у які ўвайшлі ноты кампазітара Леаніда Шурмана да вершаў Валянціна Таўлая, напісаных у Лідзе, а таксама паэтычныя прысвячэнні паэту, адзін з варыянтаў інсцэніраваных аповедаў і інш. 

Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі дакументальны фільм «Валянцін Таўлай» (1978) з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (аўтары сцэнарыя Вячаслаў Адамчык і Муза Заслонава). Сюрпрызам стаў відэазварот да прысутных і супрацоўнікаў музея сястры паэта Ніны Паўлаўны Таўлай-Радзюкевіч, якая ў мінулым годзе адзначыла 90-гадовы юбілей. 

Гучалі вершы лідскіх паэтаў, выступалі супрацоўнікі вядучых дзяржаўных літаратурных музеяў, архіваў, бібліятэк Беларусі. 

Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.