Вы тут

Чым небяспечныя сродкі для мыцця посуду


Калі верыць рэкламе, сучасныя сродкі для мыцця посуду ўвільгатняюць рукі лепш за крэм і насычаюць скуру вітамінамі. Урачы папярэджваюць: гэта не так. Спецыялісты раяць вельмі ўважліва ставіцца да выбару мыйных сродкаў, бо некаторыя з іх могуць прывесці да цэлага шэрагу непрыемнасцяў.


Фота з адкрытых крыніц

Мыйныя сродкі для мыцця посуду складаюцца з паверхнева-актыўных рэчываў, араматызатараў і іншых хімічных матэрыялаў, якія могуць уплываць на ўсе сістэмы арганізма.

— Вылучаюць некалькі разнавіднасцяў паверхнева-актыўных рэчываў (яны дазваляюць расчапляць тлустыя кіслоты нават у халоднай вадзе). Самымі шкоднымі лічацца аніённыя, яны найбольш агрэсіўныя да скуры. Неіанагенныя менш агрэсіўныя і адносяцца да бія-раскладальных рэчываў, — кажа ўрач-лабарант Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Клімук.

Самую вялікую шкоду для арганізма сродак для мыцця можа нанесці, калі вы дрэнна спаласнеце посуд, і ён застанецца на талерцы. У такім выпадку разам з ежай у страўнік папа-дуць хімікаты — паверхнева-актыўныя рэчывы, араматызатары і многае іншае. Рэгулярнае «паглынанне» гэтых хімікатаў спрыяе не проста харчоваму атручванню ці парушэнню абмену рэчываў, але і збою ў рабоце ўнутраных органаў, гастрыту, язве страўніка. З адным прыёмам ежы ў арганізм паступае нікчэмная доля шкодных рэчываў, але з часам іх колькасць сумуецца, кумулятыўны эфект можа прывесці да абвастрэння хранічных захворванняў і ўзнікнення алергічных рэакцый. Паводле ацэнак спецыялістаў, у год чалавек можа «з’ядаць» каля шклянкі сродкаў для мыцця посуду!

Любы сродак для мыцця посуду разбурае ахоўны пласт скуры і выклікае сухасць, лушчэнне, «выцягвае» са скуры вільгаць. Тут таксама ідзе назапашвальны эфект, можа здавацца, што з вашымі рукамі ўсё ў парадку, але з часам скура абязводжваецца і сохне. У алергікаў мыццё посуду голымі рукамі наогул можа прывесці да дэрматыту. Па гэтай прычыне мыць посуд заўсёды трэба толькі ў гумовых пальчатках і пасля мыцця выкарыстоўваць крэм для рук.

Як любое хімічнае рэчыва араматызатары ўплываюць на ўсе сістэмы арганізма, з якімі яны кантактуюць. Але колькасць араматызатараў, якая дадаецца ў сродкі для мыцця посуду, у здаровага чалавека не павінна выклікаць негатыўных рэакцый. Калі ж чалавек пакутуе алергічнымі захворваннямі, у комплексе з іншымі правакацыйнымі фактарамі араматызатар можа выклікаць дэрматыт і прыступ бранхіяльнай астмы.

— Выбіраючы мыйныя сродкі, вельмі старанна чытайце іх склад на этыкетцы. Важна, каб сярод кампанентаў не было штучных араматызатараў, эцілендыямінтэтравоцатнай кіслаты, а паверхнева-актыўныя рэчывы былі максімальна мяккімі (неіанагенныя). Для абароны арганізма рэкамендуецца разводзіць мыйныя сродкі вадой, вельмі старанна прамываць губку і апалоскваць посуд праточнай вадой не меней 20 секунд, — раіць Святлана Клімук.

Калі вы жадаеце цалкам выключыць магчымасць негатыўнага ўплыву, не выкарыстоўвайце сродкі для мыцця посуду. Ёсць шмат альтэрнатыўных варыянтаў. Напрыклад, з выдаленнем тлушчу выдатна спраўляюцца харчовая сода або гаспадарчае мыла.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.