Вы тут

Не дыхае нос? Справа ў адэноідах


Дзіця зноў хварэе, хоць толькі нядаўна паправілася? Нос у яго зноў не дыхае, а па начах з дзіцячага пакоя даносіцца недзіцячы храп? Падобна, гэта адэноіды, — вырашаеце вы. Што з гэтым рабіць? Разбіраліся ў няпростым пытанні разам з урачом-атарыналарынголагам 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Дар’яй Дзянісік.


— Навошта нам адэноіды?

— «Адэноід» або адэноідныя вегетацыі (глотачная міндаліна) уяўляюць сабой гіпертрафію насаглотачнай міндаліны, якая часцей назіраецца ў дзяцей, пачынаючы з узросту 3–5 гадоў. Адэноідныя вегетацыі ў дзіцячым узросце з’яўляюцца мяккімі і эластычнымі, аднак з часам яны становяцца больш шчыльнымі з прычыны таго, што частка лімфоіднай тканкі замяшчаецца злучальнай тканкай, з чаго і пачынаецца працэс іх інвалюцыі.

«Адэноід» багата васкулярызаваны, залозы вылучаюць вялікую колькасць слізі, якая ўтрымлівае лейкацыты, лімфацыты, макрафагі. Такім чынам глоткавая міндаліна нясе значную частку ахоўнай і інфармацыйнай функцый для ўсіх складнікаў арганізма чалавека, адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні мясцовага імунітэту, бо знаходзіцца на шляху ўдыхальнага паветра.

— Чаму адэноіды разрастаюцца?

— У кожнага чалавека на слізістай носа і поласці насаглоткі знаходзіцца свая мікрафлора (мікрабіём), у большасці выпадкаў вызначаецца манафлора і толькі ў 2–3% спалучаецца два віды мікробнай і грыбковай флоры. Аднак пры збоі ахоўнага складніку арганізма (астуджэнне, вірусная нагрузка, траўмы і інш.) пастаянная мікрафлора становіцца ўмоўна-патагеннай і падтрымлівае запаленне датуль, пакуль арганізм не справіцца сам або з дапамогай лекавых прэпаратаў, якія дапамагаюць прывесці мікрафлору ў раўнавагу з арганізмам.

Пры гэтых умовах лімфоідная тканка глотачнай міндаліны ў дзіцяці можа павялічвацца за кошт вострай запаленчай рэакцыі, а затым адбываецца разрастанне лімфоіднай і злучальнай тканак. Калі арганізм не спраўляецца з інфекцыяй і адбываецца разрастанне адэноіднай тканкі, ужо можна казаць аб хранічным запаленні глотачнай міндаліны — адэнаідыце.

— Як ён праяўляецца?

— Асноўныя скаргі, якія прад’яўляюць дзеці і іх бацькі — цяжкасць насавога дыхання, храп, кашаль, пераважна ў ранішні час, гугнявасць. Пры рынаскапіі ў большасці выяўляецца ацёк слізістай абалонкі носа, пры фарынгаскапіі — сцяканне слізістага або слізіста-гнойнага аддзяляльнага па задняй сценцы глоткі.

Для ўстанаўлення дыягназу недастаткова адных толькі прыкмет адэнаідыта, а патрабуецца агляд насаглоткі — задняя рынаскапія, пальпацыя насаглоткі, рэнтгенаграфія насаглоткі, эндаскапія насаглоткі. Пры даследаванні вызначаецца не толькі іх наяўнасць, але і іх велічыня, стан. Велічыня вызначаецца трыма ступенямі. Першая ступень, калі ніжні край дасягае ўзроўню верхняй часткі сашніка, другая ступень, калі ніжні край дасягае задняга канца сярэдняй насавой ракавіны, 3-я ступень, калі ён дасягае ўзроўню ніжняй насавой ракавіны і ніжэй.

— Калі ж лічыцца, што адэноіды — паталогія?

— Абцяжарваючы і выключаючы насавое дыханне з прычыны хранічнага запалення, адэноіды схіляюць не толькі да частых запаленчых інфекцый верхніх дыхальных шляхоў і сярэдняга вуха, але і выклікаюць цэлы шэраг структурных і функцыянальных змен: зніжэнне слыху, няправільнае развіццё зубасківічнай сістэмы, бледнасць, зніжэнне апетыту, аслабленне памяці, павышаную стамляльнасць, шумнае дыханне, прыпынкі дыхання ў сне, галаўныя болі, начное нетрыманне мачы, прыступы кашлю і інш.

Найбольш эфектыўным і простым метадам лячэння адэноідных вегетацый з’яўляецца іх аператыўнае выдаленне — адэнатамія. Паказанні да яе абгрунтоўваюцца не толькі велічынёй насаглотачнай міндаліны, але ў большай ступені ўсёй сімптаматыкай прама ці ўскосна звязанай з ёй паталогіі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.