Вы тут

Яўген Карняг стаў галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек


З пачатку бягучага сезона гэтая пасада заставалася вольнай. Пры гэтым тэатр планаваў і рыхтаваў прэм’еры, рэжысёрам якіх выступаў менавіта Яўген Карняг, які афіцыйна працуе тут можа і не так доўга, але яго сувязь з Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек доўгая і трывалая. Адвучыўшыся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у 2005 годзе як акцёр тэатра лялек Карняг зведаў яго знутры, калі прыйшоў працаваць у калектыў, якім кіраваў ягоны настаўнік Алякей Ляляўскі. А пасля пайшоў у вольнае плаванне як рэжысёр (айчынныя тэатралы могуць памятаць яго ўласны праект пад назвай KorniagTHEATRE), аднак некаторыя ідэі рэалізоўваў менавіта ў тэатры лялек. Прынамсі, у афішы цяпер значацца спектаклі Яўгена Карняга для даролых: «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», «Запіскі юнага ўрача», які ў 2023 годзе быў высока адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй як найлепшы ў намінацыі тэатраў лялек. Публіка ацаніла гэтую пастаноўку раней, як і іншыя працы рыжысёра, які мае сваё бачанне і адчуванне тэатра, у тым ліку таго, які ў народзе ўсё яшчэ называюць «лялечным», хоць ужо зразумела, што не ўсё так адназначна (ну, паглядзіце хаця б спектаклі Карняга... хоць і яго папярэднікі прыклалі талент для таго, каб развянчаць пэўныя стэрэатыпы, якія існавалі ў дачыненне да гэтага мастацтва). Увесь папярэдні шлях Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, які шмат у чым ішоў у авангардзе тэатральнага працэсу ў Беларусі, паказаў: у гэтай справе патрэбны асобы, якія ўмеюць працаваць не толькі ў традыцыйным тэатры, але гатовыя здзіўляць небанальнасцю і пошукам новых форм на высокім творчым узроўні. Так было, але чаго чакаць ад новага творчага кіраўніка? 


Нацыянальнай тэатральнай прэміяй адзначалі працы Карняга, яго адметнае бачанне і почырк неаднойчы. У 2018 годзе найлепшым спектаклем ў намінацыі тэатра лялек стала пастаноўка «Сёстры Граі» Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» з Маладзечна. А найлепшым эксперыментальным спектаклем прызналі яшчэ адну яго пастаноўку —"Бетон" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Насамрэч рэжысёр не абмяжоўваўся супрацоўніцтвам з адным калектывам, актыўна ставіў спектаклі ў іншых тэатрах як у Беларусі, так і за яе межамі. 

Філасофскі погляд на жыццё і свет шмат у чым абумовіў такую запатрабаванасць. Прынамсі, тым, хто хоча зразумець, у чым асаблівы Яўген Карняг як рэжысёр, варта наведаць яго спектаклі, што ідуць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (акрамя вышэйзгаданага «Бетона» ён там паставіў раней «Шлюб з ветрам» і «Пачупкі»), а ўжо ў гэтым сезоне адбылася прэм’ера спектакля «Забалоцце», які стаў завяршэннем своеасаблівай трылогіі. Усе яе пастаноўкі аб’яднаныя фальклорнай асновай, спевамі, агульнай стылістыкай і, што самае галоўнае, аўтарскай ідэяй пра шлях чалавека на зямлі: вось ён нараджаецца, вось падыходзіць да стварэння сям’і і завяршае сваё жыццё. 

Усе спектаклі Карняга аўтарскія — прыдуманыя ім самім, нават калі ёсць літаратурная глеба, то інсцэніроўкі рэжысёр стварае сам, маючы на ўвазе пэўны вобраз спектакля. Ён бярэ тэму, якая хвалюе яго і адчувальная для іншых, і канцэптуальна прыдумвае спектакль, які яму дапамагаюць рэалізаваць артысты, якім цікавы розны тэатр, і мастакі-пастаноўшчыкі (найбольш яскравыя ідэі рэалізаваныя ў супрацоўніцтве з Таццянай Нерсісян, якая з’яўляецца галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек). 

Яго часта называюць экперыментатарам — паводле таго, што пастаноўкі ў розны час ствараліся не толькі як драматычныя ці выключна лялечныя, а таксама як пластычныя, калі думкі выказваюцца праз рухі і цела выканаўцаў. Але насамрэч гэта аўтарскі тэатр, які можа быць розным, у залежнасці ад задач, якія патрэбна рэалізаваць. 

Імкненне ствараць яскравыя спектаклі для дзяцей — гэта яшчэ адна рыса, што нядаўна адкрылася прыхільнікам рэжысёра Яўгена Карняга. Бо да нядаўняга часу яго тэатральныя працы былі ў асноўным для дарослых, і ў своеааблівай стылістыцы, дзе зусім не віталася стракатасць. У гэтым сэне абсалютна іншымі падаюцца дзіцячыя спектаклі Карняга, якія з’явіліся ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек пасля ўладкавання рэжысёра ў трупу ў 2022 годзе. «Прападзены смех», «Разумны сабачка Соня» вельмі яскравыя ў адрозненні ад спектакляў для дарослых, якія паставіў рэжыёр. Яны маюць пэўную долю інтэрактыву і створаны з павагай як да малых, так і да іх бацькоў, якія не павінны сумаваць у тэатры, калі прыводзяць сюды дзяцей. Нават калі гаворка пра самых маленькіх, для якіх паставілі прыгожую гісторыю пад назвай «Матылькі» на нядаўна адкрытай малой сцэне тэатра — гэта таксама сведчыць пра жаданне працаваць на развіццё. Але трэба быць гатовым і да ўлюбёнага чорнага: прэм’ера гэтага сакавіка для дарослых паводле казак Андэрсена мае назву «На чорнай-чорнай вуліцы». Пашчасціць тым, хто загадзя паклапаціўся пра квіткі. Між іншым, гэта не дзіва для спектакляў Яўгена Карняга і Беларукага дзяржаўнага тэатра лялек, які шмат дзесяцігоддзяў працуе з рознымі глядацкімі аўдыторыямі, даючы прыклад мастацтва — як праз нацыянальныя традыцыі, так і праз сучасныя пошукі. 

Галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Карняг запэўнівае чытачоў «Звязды»:

— Што тычыцца тэатра наогул і беларускага тэатра лялек, то я лічу, што ён мае велічэзны патэнцыял. Таму што тэатр лялек — гэта не толькі забава для дзяцей, але і сапраўднае матацтва, здольнае крануць сэрцы даролых... Авангардны падыход беларукага тэатра лялек — гэта яго моц. Ён можа натхняць, правакаваць думкі і выклікаць эмоцыі.

— Пасада галоўнага рэжысёра шмат у чым абавязвае, што можа адбіцца і на выбары вамі тэм, і на падыходзе да іх рэалізацыі... 

— Галоўнае — захаваць свабоду ў творчаці, нягледзячы на абавязкі галоўнага рэжысёра. Выбар тэм і іх рэалізацыя — гэта ключавыя моманты. Я ўпэўнены, што Беларускі дзяржаўны тэатр лялек працягне радаваць гледачоў сваім унікальным мастацтвам.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.