Вы тут

«Заложнікамі» паводкі сталі вяскоўцы ў Веткаўскім раёне


Для жыхароў пасёлка Палянаўка, што тэрыторыі Хальчанскага сельсавета, супрацоўнікамі Веткаўскай ратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах арганізавана лодачная пераправа. Яна вельмі папулярная сярод вяскоўцаў. Нягледзячы на тое, што з 25-ці мясцовых жыхароў Палянаўкі дабіраюцца ў горад на працу толькі адна жанчына і яе сын-студэнт, — астатнія вяскоўцы-пенсіянеры таксама вельмі актыўна карыстаюцца воднай дастаўкай.


З-за разліву Сожа і возера Чэчаль, што якраз на пойме ракі, палянаўцы «астраўлянамі» аказваюцца далёка не ў першы раз. У мінулым годзе рэпартажы з гэтага населенага пункта не раз выходзілі ў «Звяздзе». Тады яшчэ ў студзені адліга і моцныя дажджы сталі прычынай падтаплення адзінай дарогі, што вядзе да пасёлка. Цяпер паводка зноў адрэзала Палянаўку ад астатніх населеных пунктаў сельсавета і раёна. 

Вада пачала акружаць населены пункт яшчэ ў студзені. Раённымі ўладамі было прынята рашэнне аб увядзенні надзвычайнай сітуацыі: падтаплення паводкавымі водамі ўчастка аўтадарогі Старое Сяло — пасёлак Палянаўка. Сітуацыя заставалася на кантролі супрацоўнікаў Веткаўскай ратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах. 

Ужо 4-га сакавіка для падвозу жыхароў Палянаўкі была выкарыстана тэхніка высокай праходнасці Веткаўскаага дарожна-рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 185. Але ўжо на наступны дзень калі за суткі ўзровень вады падняўся больш чым на 40 сантыметраў, для жыхароў Палянаўкі супрацоўнікі раённай ратавальнай станцыі арганізавалі лодачную пераправу. 

— Быў загадзя распрацаваны маршрут эвакуацыі людзей, транспарціроўцы прадуктаў харчавання і медыкаментаў. У пасёлку стала пражывае 25 чалавек. Усе яны ад эвакуацыі адмовіліся, — адзначыў начальнік Веткаўскай ратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах Сяргей Сілкін. — Распрацаваны ў тым ліку план узаемадзеяння з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. 

Так, у пасёлку ва ўсіх дамах пячное ацяпленне, шмат у каго — лазні. Каб быць максімальна гатовымі да ліквідацыі магчымага ўзгарання, у пасёлку арганізаваны ратавальны пост. Супрацоўнікі ратавальнай станцыі па вадзе даставілі ўсю неабходнаю тэхніку ратавальнікаў і прылады для рэагавання пры пажары. У выпадку надзвычайнага здарэння да сямі хвілін спатрэбіцца, каб даставіць да пасёлка па вадзе баявы разлік байцоў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. 

Між тым для перавозкі жыхароў Палянаўкі арганізаваны планавыя рэйсы лодачнай пераправы. Іх ажыццяўляюць два разы на дзень — з 6 да 9 гадзін раніцы і з 17 да 19 гадзін вечара. За тыдзень работы лодачнай пераправы супрацоўнікі Веткаўскай ратавальнай станцыі выканалі ўжо больш дзесятка рэйсаў: перавезлі звыш трыццаці жыхароў Палянаўкі, даставілі прадукцыю аўтакрамы і спецыяліста-прадаўца. За гэта час да супрацоўнікаў таксама паступіла адна аператыўная заяўка на транспарціроўку для шпіталізацыі ў медустанову мясцовай жыхаркі састарэлага ўзросту. Адна з мясцовых сямей вымушана была звярнуцца за пазапланавым рэйсам, бо неабходна была дапамога ветэрынара хатняму гадаванцу. 

— За тыдзень работы лодачнай пераправы ад жыхароў пасёлка Палянаўка не паступіла ніводнай крытычнай заўвагі. Але, на жаль, падчас нашых рэйдаў мы выявілі факты незаконнага перамяшчэння на індывідуальных плыўсродках грамадзян. Парушальнікамі аказаліся «дачнікі» з суседняга садовага таварыства і з самой Палянаўкі. Наша асноўная задача — забеспячэнне бяспекі людзей на вадзе. Мы звяртаем асаблівую ўвагу на агульную забарону выкарыстання індывідуальных плыўсродкаў на разводдзі грамадзянамі, бо гэта вельмі небяспечна. Праводзім сумесныя рэйды з супрацоўнікамі Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных судах, прафілактычныя гутаркі з людзьмі і спадзяемся на паразуменне з іх боку, — заклікаў Сяргей Сілкін.

Па воднай пераправе ў пасёлак была дастаўлена каманда рэагавання ў надзвычайных сітуацыях Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Традыцыйна валанцёры не толькі перадалі харчовыя і гігіенічныя наборы вяскоўцам, але і ацанілі індывідуальныя патрэбнасці найбольш уразлівых катэгорый людзей, каб, пры неабходнасці, дапамагчы адрасна. 

Як адзначылі ў Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, у жыхароў Палянаўкі няма праблем з пітной вадой, таму вяскоўцам перадалі гігіенічныя і прадуктовыя наборы першай неабходнасці. Для транспарціроўкі грузу праз раку выкарысталі спецыяльна падрыхтаваную лодку Чырвонага Крыжа. Усяго дапамогу аказалі 16 жыхарам пасёлка: людзям з інваліднасцю і пажылым, двое з якіх па стане здароўя не могуць самастойна перамяшчацца.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Веткаўскай ратавальнай станцыі і Гомельскай областнай арганізацыі БЧК

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.