Вы тут

Аляксандра Мелех: Мару спець у дуэце з Марынай Дзявятавай


Сэнс яе творчага жыцця — народная песня. З самага дзяцінства... Спяваць так, каб у кожнага чалавека была магчымасць адчуць свае вытокі. Можа менавіта за гэтую якасць Аляксандру Мелех даўно называюць «Душа народная»? Нядаўна ў Мінску адбылася грандыёзная музычная падзея «Песня года Беларусі», дзе былі падведзены вынікі 2023 года. У прафесійнай скарбонцы юнай спявачкі з’явілася перамога ў намінацыі «Адкрыццё года». Мы сустрэліся з Аляксандрай, каб павіншаваць з заслужанай узнагародай і пагутарыць пра шлях да гэтай вяршыні. 


— Аляксандра, віншую цябе з такой значнай і прыемнай узнагародай. Наколькі нечаканай яна стала і што значыць для цябе?

— Скажу шчыра, я вельмі марыла атрымаць запаветную талерачку. Цэлы год я карпатліва працавала, прымала удзел у вялікай колькасці праектаў, укладвала душу і любоў у сваю работу. Здаецца, імкнулася да гэтага моманту. Але, калі падчас цырымоніі стала дакладна вядома, што я сярод пераможцаў, не паверыла. Вось такая была мая першая рэакцыя. А потым адначасова адчула і хваляванне, і радасць, і гонар за тое, што я прынесла кампаніі ўзнагароду. І, канешне, удзячнасць нашым гледачам за тое, што яны любяць народную музыку і аддалі свае галасы за мяне. 

— Зараз мы размаўляем пра вынік не проста асобнага года. За тваёй перамогай безумоўна стаіць сур’ёзная шматгадовая праца. Якім быў твой шлях да сённяшняй музычнай вяршыні?

— Я нарадзілася у Нароўлі — невялікім горадзе ў Гомельскай вобласці. Там жа пачаўся мой паступовы шлях на вялікую сцэну. Спяваю з трох гадоў. Скончыла музычную школу, займалася ў ансамблі «Белыя росы», была салісткай вакальнай студыі «Івушка». Затым паступіла ў Мазырскі музычны каледж на акадэмічны хор. Народны вакал працягнула ўдасканальваць ужо ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. Падчас вучобы мне пашчасціла трапіць на праслухоўванне да заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Яўгена Алейніка. У той час ён шукаў народныя галасы. І мой голас прыйшоўся даспадобы. У выніку ў 2020 годзе я стала бэк-вакалісткай групы «Аура».

— Сапраўды, гэта вялікі шанец для студэнткі быць на адной сцэне з прафесіяналамі, вучыцца ў іх. Што табе асабіста даў удзел у гэтым праекце? 

— Магчымасць трапіць у беларускі шоу-бізнес, пазнаёміцца з выдатнымі артыстамі. Магчымасць спяваць на вялікіх плацоўках не толькі «на бэках», але і сольна, калі, напрыклад, Юліі патрэбна было змяніць сцэнічны касцюм. Я добра памятаю свой першы сольны выхад падчас канцэрта групы «Аура». Гэта было летам 2021 года ў Брэсце. Я спявала песню Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай «Ноччу на Купалле». Гледачы ўсталі і вельмі доўга апладзіравалі. І тады я зразумела: я хачу яшчэ. Сам глядач падказаў мне, куды рухацца далей. 

— З чаго пачалася твая сольная кар’ера? 

— З майго рашэння. Я адчула, што гатова. Пры гэтым з маім тагачасным кіраўніком Яўгенам Алейнікам я раілася, як лепш паступіць. У выніку жаданне пачаць сольны праект перамагло. Зараз разумею, наколькі цяжка адпускаць у асабісты шлях артыста, якога ты вырасціў. Дзякую Яўгену Фёдаравічу за гэта рашэнне і за яркі шлях у групе «Аура». У пошуках прадзюсерскай кампаніі, якая б дапамагла мне пачаць выступаць сольна, мой выбар прыпаў на «Музычную медыякампанію». Я доўга назірала, як працуе каманда «Музмедыя», за іх праектамі, за іх зносінам. Гэта сапраўдная вялікая сям’я. Я захацела стаць часткай гэтай сям’і. Звярнулася да дырэктара Андрэя Антонавіча Гузеля, і ён даў мне шанец праявіць сябе. Зараз я працую з прадзюсерам Таццянай Кулаковай. І гэта не праца, а задавальненне. Па любых пытаннях ад абцасаў і прычоскі да новых песень яна заўсёды ўлічвае маё меркаванне. Таццяна добра разумее, як я хачу і як будзе добра на сцэне. За гэты баланс я ёй бязмежна ўдзячна. 

— Безумоўна, у кожнага спевака ёсць свае куміры. Чыя творчасць адбілася на тваім станаўленні, як артысткі? 

— Марына Дзевятава. Мне вельмі падабаецца яе стыль. Яна звяртаецца да сваіх вытокаў і стварае вельмі фірмовую народную музыку. І робіць гэта сучасна, як кажуць у нас, «смачна». Дзякуючы такому майстэрству, у яе вельмі вялікая рознаўзроставая аудыторыя. Мару, што калі-небудзь я з ёй абавязкова пазнаёмлюся асабіста і веру, што ў нас будзе дуэт. 

— Твае песні вельмі запамінальныя. «Кінь словы», «Ах, Аляксандр!». І самая свежая «Зроблена ў Беларусі». Мне здаецца, іх ведае кожны ў нашай краіне... 

— На шчасце, у маіх песнях сыходзіцца ўсё: глыбокі сэнс, запамінальная музыка і маё шчырае эмацыянальнае выкананне. Нядаўна ў мяне выйшла песня, якую я вельмі люблю. «Зроблена ў Беларусі». Прысвечана нашаму году якасці і канешне, таму, што робяць беларусы сваімі залатымі рукамі. Словы Ганны Сялук, музыка Алега Шаумарава. Дарэчы, з Алегам гэта першая спроба сумеснай работы. Калі я пачула дэма версію, то зразумела, што песня мая на сто працэнтаў. Я рада, што ён змог так дакладна зразумець маю народную душу. 

— Дарэчы, адкуль пайшоў выраз «Душа народная»? Гэта такі тонкі прадзюсарскі ход?

— Насамрэч, гэта не прадзюсары прыдумалі. Тут гісторыя з сям’і. Я ўсё дзяцінства спявала народныя песні. Мяне нават можна было замест радыё запрашаць. Ніхто б не заўважыў падмену. (смяецца) І вось аднойчы мой дзядуля сказаў: «Наша Сашка — народная душа». Так і замацавалася за мной. А прадзюсары проста змянілі месцамі словы. Атрымалася душа народная. Душа народная — гэта пра нашыя беларускія вытокі і любоў да народа. Я ж дзяўчына з народа і заўсёды застаюся з людзьмі. Нельга проста выйсці на сцэну і спець. А як жа зносіны? Нікому і ніколі не адмаўляю ў просьбе зрабіць фота ці пагутарыць, адказваю на пытанні ў сацыяльных сетках. Для мяне гэта радасць.

— Мінулы год даў табе магчымасць праявіць сябе не толькі ў ролі спявачкі, але і ў ролі тэлевядучай. Праекты «Міс Беларусь », «Зорны шлях» на тэлеканале АНТ і іншыя. Наколькі складана было асвоіць гэта амплуа? 

— Гэта было адначасова цяжка, страшна і вельмі хвалююча. Прапанова ад тэлеканала АНТ стаць адной з вядучых конкурса прыгажосці «Міс Беларусь» паступіла знянацку. Час на падрыхтоўку быў невялікі. Прыйшлося шмат працаваць, каб выглядаць годна на адной сцэне побач з тэлевізійнымі прафесіяналамі. Канешне, мне дапамагалі. Гэта цяжкая работа, скажу я вам. Здавалася, не здужаю. Але ў мяне так верылі, што я баялася падвесці і рабіла ўсё, каб быў добры вынік. У музычным шоу на тэлеканале АНТ «Зорны шлях» у мяне зусім іншае амплуа. Разам з удзельнікамі я прайшла увесь праект за кулісамі. Бачыла радасць і смутак, падтрымлівала іх, як магла. Ну, і канешне, шмат з імі размаўляла. Аніякага сцэнарыя ў гэтым праекце ў мяне не было. У кадры глядач бачыць поўную імправізацыю з майго боку і шчырасць з боку артыстаў. Быць сярод людзей — гэта маё. Нягледзячы на тое, што вопыт быў вельмі хвалюючы, я б з радасцю яго паўтарыла. 

— Шматлікія юныя артысты, гледзячы на цябе, мараць пра такі імклівы ўзлёт. Што трэба рабіць на шляху да сваёй мэты? 

— Трэба многа працаваць і грукаць ва ўсе дзверы. Прымаць удзел у конкурсах, хадзіць на праслухоўванні. Атрымліваць адмовы, але не здавацца і працягваць ісці да сваёй мэты. Настолійвасць, працавітасць, мэнакіраванасць — гэта мой асабісты рэцэпт поспеху. 

— Каб расці і рухацца наперад, трэба дзякаваць тых людзей, хто дапамагае табе «тут і зараз». Каму б ты хацела сказаць сваё шчырае «дзякуй»? 

— Людзі, якім я удзячна, суправаджаюць мяне з самага дзяцінства. Юрый Аляксеевіч Рослік — выкладчык музыкі ў дзіцячым садку. Святлана Уладзіміраўна Герцык — выкладчык музычнага каледжа, Святлана Яўгенаўна Ціхіня. У Мінску вялікі ўдзел у маім станаўленні адыграла заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Валянціна Фёдараўна Гладкая, якая прыняла мяне ў «Неруш». Валянціна Іванаўна Альшанская — педагог па вакале. Яўген Алейнік, які адкрыў мне шлях на вялікую сцэну. Асаблівае дзякуй Ганне Сяргееўне Сялук і ўсёй «Музычнай медыякампаніі» за тое, што яны заўсёды побач. І, канечне, я ўдзячна тэлеканалу АНТ за тое, што не пабаяліся запрасіць дзяўчынку з народа на выбітныя тэлепраекты. 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Аляксандры МЕЛЕХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.