Вы тут

За сорак: росквіт ці пачатак старасці? Як не стаць закладнікам біялагічнага ўзросту


Саракагоддзе для многіх з’яўляецца пераломным і ўспрымаецца, як своеасаблівая мяжа. І гэта нягледзячы на тое, што якасць і працягласць жыцця сучаснага чалавека павялічваюцца. Насамрэч для такога меркавання ёсць сур’ёзныя прычыны як псіхалагічныя, так і фізіялагічныя.


Чаму да надыходу сярэдняга ўзросту трэба рыхтавацца яшчэ ў юнацтве? Як хуткасць хады ўплывае на біялагічны ўзрост чалавека? І што павінны рабіць людзі ва ўзросце за сорак, каб адцягнуць надыход старасці? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гарбанніджад.

– Доктар, ці ёсць адрозненні ў стаўленні да старэння жанчын і мужчын?

– На самай справе ўсё ідэнтычна. Але жанчыны хочуць незалежна ад узросту быць прывабнымі, мець пругкую скуру і тонкую талію. Пры тым з пункту гледжання жанчыны існуе меркаванне, што багатыя мужчыны ніколі не старэюць. Я, канешне, жартую.

– Які ўзрост сёння лічыцца пачаткам старасці?

– Сярэдняя працягласць жыцця павялічваецца. Калі раней чалавек у 50 гадоў лічыўся глыбокім старым, то цяпер гэта росквіт. Памятаеце, як пісаў рускі класік: «За сталом прыслугоўвала старая гадоў 35-ці». Сёння многія жанчыны ў 35 гадоў толькі нараджаюць першае дзіця ці пачынаюць будаваць кар’еру. Калі працягласць жыцця невялікая, аўтаматычна адпадаюць шматлікія захворванні. Арганізм за невялікі час расходуе свой рэсурс, і чалавек памірае.

З чым звязана павелічэнне працягласці жыцця сучаснага чалавека?

– З высокім узроўнем сучаснай медыцыны, даступнасцю ежы, адсутнасцю глабальнай небяспекі з боку прыроды. Але ж пачынаюцца іншыя праблемы. Дасягнуўшы сарака, людзі часта думаюць: «Вось менавіта цяпер я пачну весці правільны лад жыцця». Насамрэч такія думкі – вялікая памылка. Правільны лад жыцця трэба весці незалежна ад узросту. Усё, што мы робім, з цягам часу адбіваецца на нашым здароўі.

– Дасягнуўшы сярэдніх гадоў, чалавек пачынае задумвацца пра тое, як працягнуць маладосць. Наколькі рэальна паўплываць на свой узрост?

Каб дакладна адказаць, трэба разумець, аб якім узросце ідзе гаворка. І справа тут не ў лічбах. У кожнага чалавека ёсць два ўзросты: пашпартны і біялагічны. Узрост у пашпарце – гэта дадзенасць, якую трэба прыняць. А вось на біялагічны ўзрост паўплываць можна. Пра гэта і будзем весці размову.

– Спачатку неабходна зразумець, з якімі праблемамі можа сутыкнуцца чалавек у гэты перыяд.

– Сапраўды, большасць людзей на планеце, у тым ліку і беларусы, дасягнуўшы сярэдняга ўзросту, пачынаюць пакутаваць на шэраг сур’ёзных захворванняў. З іх можа нават скласціся ланцужок, бо адно захворванне правакуе з’яўленне іншага.

Пра якія захворванні ідзе гаворка?

– Перш за ўсё гэта атлусценне. Калі мы маладыя, мы фізічна больш актыўныя і губляем больш калорый. З узростам фізічная актыўнасць зніжаецца, адпаведна ёсць рызыка набраць лішнюю вагу. Яшчэ адзін момант: з узростам у крыві падае ўзровень гармонаў шчасця. Мы хочам кампенсаваць іх недахоп пры дапамозе ежы. Канешне, узровень дафаміна на непрацяглы час павялічваецца, але наступствы для арганізму могуць быць непамерна адчувальныя ў параўнанні з гастранамічнай асалодай.

Атлусценне можа справакаваць цукровы дыябет другога тыпу. Гэта захворванне таксама «падарунак» сучаснай цывілізацыі. Узнікае ў выніку атлусцення і злоўжывання цукрам. І часта цукар мы сустракаем у нечаканых прадуктах – такіх, як сасіскі ці каўбаскі. Калі клеткі тлушчу акружаюць звычайныя клеткі, доступ туды кіслароду і пажыўных рэчываў пагаршаецца, зніжаецца інсулінавая адчувальнасць клетак, у крыві расце паказчык цукру. 

Наступствы атлусцення і цукровага дыябету другога тыпу прыводзяць да яшчэ адной праблемы – змяненняў у сценках сасудаў. Зніжаецца іх эластычнасць, кроў пачынае цячы горш. Гэта звязана з ужываннем вялікай колькасці ежы з высокім утрыманнем халестэрыну. Яго рэшткі адкладаюцца на сценках сасудаў, а могуць і адрывацца ад іх, трапляць у кроў і выклікаць ішэмічныя інфаркты, інсульты і г.д.

Наступствам атэрасклерозу сасудаў з’яўляецца чацвёртая праблема – павышаны артэрыяльны ціск. У сувязі з павышэннем сісталічнага і дыясталічнага ціску павялічваецца нагрузка на сэрца, яно пачынае працаваць праз сілу. Як вынік, узнікаюць сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія ў свеце займаюць першае месца па смяротнасці.

Гіпадынамія можа прывесці і да атрафіі мышц, і да дрэннай працы цэнтральнай нервовай сістэмы. Такая расплата сучаснаснага чалавека за камфорт: перасоўванне на аўто, мяккі ложак перад тэлевізарам, мяккае крэсла, у якім так зручна весці працяглыя размовы па тэлефоне.

– Слухаючы Вас, міжволі робіш выснову, што сучаснаму чалавеку трэба больш рухацца – як мінімум, каб пазбегнуць гіпадынаміі...

– Насамрэч так. Рух – гэта жыццё. Было праведзена цікавае даследаванне, падчас якога вучоныя выявілі залежнасць паміж хуткасцю хады чалавека і работай цэнтральнай нервовай сістэмы. Аказалася: чым хутчэй чалавек за 40, 50, 60 гадоў крочыць, тым меншы яго біялагічы узрост. І тым, адпаведна, большы, чым павольней ён рухаецца. Пры хуткай хадзе чалавек стымулюе работу галаўнога мозгу, утварэнне новых нейронных сувязей. А чым лепей працуе галаўны мозг, які кіруе нашым целам, тым лепш працуюць і іншыя органы. Такім чынам, калі хочаце запаволіць свой біялагічны ўзрост, хадзіце пешшу ў хуткім тэмпе. Гэтая фізічная актыўнасць не патрабуе рэцэпта ад урача.

– Калі за біялагічны ўзрост адказвае галаўны мозг, то як працягнуць яго маладосць?

– Нельга спыняць работу мозгу. Бо калі ён старэе, можна з упэўненасцю канстатаваць, што працэс наступлення старасці запушчаны па ўсім арганізме. Навукова даказана: людзі, якія займаюцца інтэлектуальнай працай да глыбокай старасці, даўжэй і больш якасна жывуць. Так што неабходна пастаянна развіваць галаўны мозг. Як гэта рабіць? Вучыцца новаму: новая мова, новыя віды спорту альбо гульня на музычных інструментах. Новыя віды дзейнасці дапамагаюць ствараць новыя нейронныя сувязі.

– Вы абазначылі праблемы са здароўем, з якімі можа сутыкнуцца чалавек у сярэднім ўзросце. Што трэба рабіць, каб не атрымаць такія цяжкія дыягназы?

  • Змагацца з атлусценнем. А для гэтага неабходна ўжываць столькі ежы, колькі патрабуе арганізм. Акрамя таго, абмежаваць спажыванне салодкага. Ставіцца да гэтага, як да ладу жыцця. Ёсць у навуцы тэрмін «аўтафагія». Сутнасць гэтай  з’явы, адкрыццё якой уганаравана Нобелеўскай прэміяй, палягае ў тым, што арганізм здольны сам сябе ачышаць, аздараўліваць і амалоджваць. Звярніце ўвагу: усе доўгажыхары худыя. Пагаварыце з урачом і, калі няма супрацьпаказанняў, пачніце практыкаваць інтэрвальнае галаданне. Самая простая схема: 12 гадзін можна есці – 12 гадзін нельга.
  • Разрэджваць кроў. Прэпарат падбірае доктар у адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі чалавека. Я, напрыклад, замест лекаў штодня ўжываю імбір. Гэта натуральны прадукт, які добра разрэджвае кроў.
  • Зніжаць халестэрын. З-за ладу жыцця, гіпадынаміі халестэрын адкладваецца на сценках сасудаў і стварае праблему. Ёсць прэпараты, якія зніжаюць узровень халестэрыну. А ёсць пэўныя прадукты, напрыклад, аўсянка – цудоўны варыянт на сняданак. Яна ўтрымлівае бетаглюкан, які дапамагае абсарбіраваць халестэрын і перашкаджае яго лішкам пранікаць у кроў. Нават змагаецца з ракам тоўстага кішэчніка – хваробай, якая часта выяўляецца ў пажылым ўзросце.
  • Зніжаць артэрыяльны ціск. Высокі ціск небяспечны для якаснай здаровай работы сэрца. Ёсць прэпараты для зніжэння ціску, якія падбірае доктар. А можна ўжываць і прадукты. Напрыклад, каркадэ, свежы выцістнуты сок грэйпфрута і інш. Яны зніжаюць ціск. Кожнаму чалавеку неабходна падабраць свой варыянт.  

– Пасля 40 гадоў пачынаюцца і гарманальныя перабудовы ў арганізме. Гэта датычыцца як жанчын, так і мужчын. На што патрэбна абавязкова звярнуць увагу?

– Пасля 40 гадоў жанчына паступова крочыць да клімаксу. Гарманальныя змяненні ў арганізме правакуюць і пэўныя асаблівасці паводзін: дэпрэсія, агрэсія, гіпертанія. Змяняецца работа галаўнога мозгу, узнікаюць праблемы ў страўнікава-кішэчным тракце. Каб аблегчыць сімптомы і якасна перажыць гэты перыяд без наступстваў, трэба абавязкова звярнуцца да ўрача. Мужчынам у гэтым узросце неабходна зрабіць аналіз на ПСА.

– Як наогул трэба ставіцца да свайго здароўя, каб жыць, як кажуць, доўга і шчасліва?

– Зразумела, што берагчы сваё здароўе трэба з маленства і на працягу ўсяго жыцця. Калі чалавек дасягае ўзросту 40 гадоў, напэўна, у яго ўжо ёсць дзеці. Дык вось, задача – перадаць правільнае стаўленне да здароўя і свой вопыт нашчадкам. Выхоўваць такім чынам: ты не заўсёды будзеш маладым і прыгожым. Надыдзе такі ўзрост, калі будзеш адчуваць кожны сустаў у целе. І ад таго, ці будзеш ты зараз берагчы свой арганізм, весці правільны лад жыцця, залежыць якасць твайго жыцця ў будучым. 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.