Вы тут

«Рыс і вобразы В’етнама» — вынік падарожжаў аўтара ў самабытную азіяцкую краіну


У пачатку сакавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыўся праект мастацкай фатаграфіі «Рыс і вобразы В’етнама». Серыю тэматычных работ прадставіў член Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў і Саюза фотамастакоў Расіі Сяргей Міхалюк. Выстаўка стала вынікам падарожжаў аўтара ў самабытную азіяцкую краіну. У фотаэкспедыцыях па паўночным В’етнаме Сяргей Міхалюк пазнаёміўся з ладам жыцця і традыцыямі жыхароў вёсак і вярнуўся з падарожжа са здымкамі, вартымі ўвагі гледача. 


Сяргей Міхалюк нарадзіўся ў Мінску ў 1970 годзе. З дзяцінства цікавіўся актыўнымі відамі спорту і шахматамі. У юнацтве пачаў займацца сучаснымі танцамі. Спачатку быў артыстам тэатра спорту і песні «Дэльта-шоу», а ў 1998 годзе заснаваў тэатр сучаснага танца «Магія», дзе ў якасці кіраўніка, харэографа і танцора працаваў у розных краінах свету. У творчай скарбонцы — 400 пастановак. 

Здымае фатограф усё тое, што ўражвае і натхняе; стараецца не капіраваць наваколле, а выказаць уласныя пачуцці і стварыць мастацкі вобраз. У экспазіцыі прадстаўлена 55 работ, якія прайшлі аўтарскі адбор і найбольш поўна і дакладна адлюстроўваюць далёкую краіну — праз гармонію ліній і форм, маштабнасць і дэталізацыю... Мэтай фотамастака было выявіць пачуцці і эмоцыі людзей і, галоўнае, першародную прыроду і прыгажосць жыцця. 

Галоўная тэма фотапраекта — культура вырошчвання рысу. Вядома, В’етнам уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых яго экспарцёраў. Сяргей Міхалюк фіксаваў і захоўваў на здымках усе этапы апрацоўкі гэтай збожжавай культуры. Тыя, хто цікавіцца побытам і культурай гэтага народа, ведаюць, што менавіта рыс аб’ядноўвае людзей, вызначае іх побыт і культуру. 

— Працуючы над выстаўкай Сяргея Міхалюка, я зразумела, што аўтар цалкам захоплены гэтай краінай. Ён можа гадзінамі расказваць пра В’етнам — з захапленнем і хваляваннем. І гэта варта павагі, — адзначае куратар праекта Алена Данброва. — У яго каласальны архіў. На выстаўцы прадстаўлена толькі адна пятая частка з усяго назапашанага. Мяркую, фатографу варта задумацца над аўтарскім альбомам. Не хацелася б пафасных слоў, але мне здаецца, што па прафесіяналізме яго работы параўнальны з творамі вядомага фатографа Себасцьяна Салгаду. 

Апроч аднаго надзвычай яркага здымка, усе работы на выстаўцы «Рыс і вобразы В’етнама» чорна-белыя. Такое рашэнне, вядома, невыпадковае. Нягледзячы на тое, што краіна надзвычай яркая, аўтар лічыць: жыццё і пачуцці в’етнамцаў манахромныя здымкі перадаюць значна лепш, чым каляровыя. 

— Вельмі цаню жыццё за магчымасць рабіць тое, што люблю. Цаню людзей, якія побач. Буду працягваць працу — маюцца ідэі і праекты, якія патрабуюць часу і сіл. Серыя пра В’етнам была не першай, да таго ж, на мой погляд, у мяне ёсць болей моцныя работы, — заўважае Сяргей Міхалюк. 

Пазнаёміцца з выстаўкай у галерэі Савіцкага можна да 31 сакавіка. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.