Вы тут

Беларусы пакідаюць запісы ў Кнізе спачуванняў у пасольстве Расіі ў Мінску


У сувязі з тэрактам у Падмаскоўі ў пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Мінску адкрыта Кніга спачуванняў. Вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржаўных органаў, рэлігійных канфесій, прадстаўнікі дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў пакідаюць у ёй свае запісы. 


Спікеры парламента Наталля Качанава, Ігар Сергеенка, а таксама папярэдні Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка прыбылі ў расійскае пасольства разам. 

Ад імя Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста Наталля Качанава выказала шчырыя словы спачування родным і блізкім загінулых, усяму брацкаму народу Расійскай Федэрацыі. «Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з глыбокім болем успрынялі вестку аб жорсткім крывавым тэрарыстычным акце ў канцэртнай зале „Крокус Сіці Хол“, у выніку якога загінулі і пацярпелі ні ў чым не вінаватыя людзі», — адзначана ў запісе, які пакінула Старшыня Савета Рэспублікі. 

Наталля Качанава падкрэсліла, што гэтае зверскае злачынства ўзрушыла і шакавала ўсю Беларусь. «Пачуцці, слёзы і горыч, якія перапаўняюць беларускіх грамадзян, увасобіліся ў шматлікія спантанныя акцыі салідарнасці і сцены смутку, сардэчную падтрымку з усіх куткоў нашай краіны. Гэтаму жахліваму злачынству супраць чалавечнасці няма і не можа быць ніякага апраўдання. Вінаватыя павінны панесці заслужанае пакаранне. Смуткуем аб ахвярах тэракту і спадзяемся на больш хуткае выздараўленне пацярпелых. У гэты найскладаны час жадаем усім устойлівасці духу, сіл і мужнасці. Беларусь разам з вамі!», — адзначана ў паведамленні.

Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста спікер ніжняй палаты парламента Ігар Сергеенка выказаў шчырыя спачуванні родным і блізкім загінулых, пажадаў найхутчэйшага выздараўлення пацярпелым. У Кнізе спачуванняў Старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што беларускія дэпутаты, як і ўвесь народ Беларусі, з болем успрынялі вестку аб жахлівым тэракце ў канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, які прывёў да шматлікіх чалавечых ахвяр, сярод якіх ёсць дзеці.

«У гэты цяжкі час разам з расіянамі нас перапаўняюць пачуцці смутку і спагады, — адзначана ў запісе. — Рашуча асуджаем забойства мірных грамадзян і заяўляем, што тэрарызму не можа быць ніякага апраўдання». Ігар Сергеенка перакананы, што ўсе адказныя за планаванне, арганізацыю і ажыццяўленне гэтага варварскага злачынства панясуць няўхільнае пакаранне.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў чацвёртага, пятага, шостага і сёмага скліканняў Уладзімір Андрэйчанка ў сваім запісе, які ён пакінуў у Кнізе спачуванняў, паведаміў, што з глыбокім болем успрыняў вестку аб неймаверным злачынстве, здзейсненым 22 сакавіка 2024 г. у канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол». «Гэты акт тэрарызму, які прывёў да шматлікіх чалавечых ахвяр, не павінен застацца беспакараным, — лічыць ён. — Выказваю самыя шчырыя спачуванні родным і блізкім загінулых, жадаю хутчэйшага акрыяння пацярпелым».

«Смуткуем разам з вамі»

Першы намеснік генеральнага сакратара СНД Леанід Анфімаў, пакінуўшы запіс у Кнізе спачуванняў, акцэнтаваў увагу на важнасці дасканалага расследавання ўчыненага злачынства. «У такую хвіліну вельмі складана гаварыць, — паведаміў ён. — Гэтую жахлівую акцыю, якую ўчынілі тэрарысты, спрабуючы запалохаць прагрэсіўнае чалавецтва, немагчыма неяк апраўдаць або растлумачыць. Гэта было проста паляванне на людзей. Інакш як сярэднявечным варварствам гэта назваць немагчыма. Звяры так не робяць, як зрабілі гэтыя людзі».

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка ў Кнізе спачуванняў адзначыў, што глыбокім болем адгукнулася ў нашых сэрцах трагедыя ў Падмаскоўі. «Выказваем салідарную падтрымку брацкаму народу Расіі. Смуткуем і молімся па бязвінна забітым у выніку тэрарыстычнага акта. Жадаем найхутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым. У адзінстве і сяброўстве народаў — наша сіла і праўда!», — лічыць старшыня ЦВК. 

У Кнізе спачуванняў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка адзначыў: «Жудасная трагедыя! Мы побач з нашымі братамі-расіянамі! Глыбокія спачуванні сем’ям, родным і блізкім загінуўшых! Упэўнены, што кампетэнтныя органы ўсталююць і знойдуць усіх вінаватых. І гэтыя злачынцы панясуць заслужаную кару!»

У сваім запісе міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што з глыбокім болем і смуткам успрыняў вестку аб тэракце ў Падмаскоўі са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. «Тая трагедыя — гэта наш агульны боль, і ў гэтую цяжкую хвіліну мы падзяляем горыч страты і смуткуем разам з вамі, — паведаміў кіраўнік абароннага ведамства ў Кнізе спачуванняў. — Ад імя Міністэрствы абароны Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста выказваю глыбокія спачуванні брацкаму расійскаму народу, родным і блізкім загінулых у выніку гэтай трагічнай падзеі».

«Гэта нелюдзі! Яны не могуць быць мусульманамі»

Свой запіс у Кнізе спачуванняў унёс і старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі муфцій Абу-Бекір Шабановіч. У размове з журналістамі ён падкрэсліў, што выканаўцы тэракту ў Падмаскоўі не могуць лічыцца мусульманамі. «Усе мусульмане свету сёння ажыццяўляюць пакланенне Усявышняму, здзяйсняюць добрыя справы па ўсіх жыццёвых кірунках, — паведаміў ён. — Свяшчэнны месяц Рамадан, і акурат сярэдзіна яго азмрочана такім страшным учынкам. І папярэдне мы бачым, што гэта прадстаўнікі мусульманскага свету. У той час, калі ў свяшчэнны месяц Рамадан ад кожнага верніка патрабуецца ачысціцца ад сваіх негатыўных рыс, для таго каб заслужыць узнагароду ад Усявышняга, адбылася такая страшная падзея — забоства сотняў людзей. Мы не ўяўляем, што гэта мусульмане. Гэта нелюдзі! Яны не могуць быць мусульманамі».

Абу-Бекір Шабановіч адзначыў, што Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне Беларусі, як і ўсё насельніцтва краіны, смуткуе па ахвярах тэракту. «Вядома, мы робім высновы, якім павінен быць сучасны чалавек, чым ён павінен займацца, як ён павінен жыць, будаваць адносіны з усімі роўнымі боскімі стварэннямі, — дадаў ён. — Мы смуткуем, мы выкрываем такія ўчынкі. Яны нецярпімыя. Яны не належаць наогул чалавеку. Выказваем спачуванні родным і блізкім ахвярам. Будзем гаварыць у нашых пропаведзях аб недапушчальнасці такога негатыву. Я шчыра буду прасіць усіх нашых людзей жыць у міры, згодзе, да чаго заклікаюць усе сусветныя рэлігіі».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.