Вы тут

З якімі пытаннямі звяртаюцца ў Савет Рэспублікі і як яны вырашаюцца?


«Куды толькі ні звярталіся, нідзе дапамагчы не змаглі, спадзяёмся толькі на вас» — менавіта такія словы часта даводзіцца чуць падчас прамых тэлефонных ліній і на асабістых прыёмах грамадзян у Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Да яе прыходзяць з няпростымі жыццёвымі сітуацыямі і ўнушальным стосам перапісак з дзяржорганамі, якія не заўсёды бачаць канкрэтнага чалавека і яго праблему. І менавіта спікер верхняй палаты парламента часта дапамагае вырашыць пытанне. Часам яно патрабуе дадатковага вывучэння і ўнясення змен у нарматыўныя дакументы. 

І, як не раз падкрэслівала сама Наталля Качанава, гэта вельмі важны аспект работы кожнага члена Савета Рэспублікі і ўсёй верхняй палаты парламента — удасканальваць заканадаўства такім чынам, каб яно аблягчала і паляпшала жыццё людзей. Расказваем пра некалькі пытанняў, з якімі звярталіся ў Савет Рэспублікі і як яны вырашыліся.


На асабістых прыёмах у Савеце Рэспублікі заўжды шмат жывых чалавечых эмоцый

Уласнікі без правоў

Мінчанка Анастасія разам з мужам пабудавалі кватэру ў мікрараёне «Мінск Свет». Забудоўшчыкам была кампанія «Дана Астра». Аднак восенню мінулага года, калі дом быў здадзены, выйшаў указ, які забараняў кампаніям з замежным капіталам адчужэнне ўласнасці. У выніку аформіць належныя дакументы на цалкам аплачаную кватэру сям’я не магла.

— Мы не маглі распараджацца кватэрай. Па-першае, у ёй нельга было прапісацца. Адпаведна «камуналка» была ў раёне 200 рублёў за кватэру ў 50 кв. м. Па-другое, кватэра без адстройвання — голы бетон, і мы не маглі пачаць яе ўладкоўваць, — кажа мінчанка.

Анастасія звярталася ў розныя інстанцыі, сярод іх Мінэканомікі, Дзяржмаёмасць, але пытанне не вырашалася, прасілі чакаць. У выніку 23 студзеня яна прыйшла на асабісты прыём грамадзян да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.

— Я звярнулася першапачаткова з нагоды таго, што, згодна з указам, мы не можам аформіць кватэру ва ўласнасць. Прычым мы былі не адны такія, каму аплачанае жыллё не належала. Расказала пра сваю праблему. Наталля Іванаўна ўважліва выслухала. Апроч іншага, пацікавілася, ці задаволены мы якасцю будаўніцтва.

Трэба сказаць, што заўваг па якасці жылля ў маладой сям’і таксама хапала. Яны датычыліся і сістэмы ацяплення, і вокнаў, і ліфтаў, з якіх на той момант у 25-павярховым доме працаваў толькі адзін.

— Усе свае заўвагі па якасці будаўніцтва забудоўшчыку мы выказалі і задакументавалі падчас прыёмкі. Пасля звярталіся, а нас адпраўлялі ў кіруючую кампанію, па сутнасці, у ЖЭС. Але ж не ЖЭС будаваў гэты дом, і ён не мае ніякага дачынення да якасці нашых вокнаў і сістэмы ацяплення. Праблема не вырашалася, — узгадвае Анастасія. Падчас сустрэчы Наталля Іванаўна ў прысутнасці дырэктара кампаніі-забудоўшчыка дала даручэнне вырашыць пытанне і пракантраляваць выпраўленне ўсіх недахопаў па кватэры.

Яна расказвае, што літаральна на наступны дзень пасля прыёму ў Старшыні Савета Рэспублікі да новабудоўляў былі завезены вокны і пачалася паступовая іх замена адразу ў некалькіх дамах «Мінск Свету». Астатнія недахопы таксама ўстараняліся.

— Пасля нашу кватэру прымала камісія, куды ўваходзіў кіраўнік гарантыйнага аддзела «Даны». Мяне таксама запрасілі на прыёмку. Перад гэтым кватэру нават прыбрала клінінгавая служба, — расказвае жанчына.

Акрамя таго, уласнікам усяго дома былі пералічаны камунальныя плацяжы за тыя месяцы, пакуль яны не маглі прапісацца ў сваім жыллі.

— З 13 верасня па 31 студзеня ўсяму нашаму дому кампенсавалі пераплаты па «камуналцы», што для нас увогуле стала прыемным сюрпрызам, — расказвае мінчанка. Ну а самае галоўнае — 14 сакавіка ва ўказ, які стаў перашкодай, былі ўнесены дапаўненні. Цяпер ён не распаўсюджваецца на нерухомасць, якая рэалізуецца фізічным асобам. І з 15 сакавіка ўласнікаў пачалі запрашаць на афармленне дакументаў.

— Наша сям’я вельмі ўдзячная Наталлі Іванаўне, бо пытанне вырашылася дзякуючы таму, што яна дэтальна разабралася ў праблеме, адразу дала неабходныя даручэнні і ўзяла яе пад асабісты кантроль. Вельмі хутка неабходныя змены ў заканадаўства былі ўнесены, — дзеліцца жанчына.

«Удзячныя сенатару за яго ўдзел, спачуванне і падтрымку»

Звяртаюцца са сваімі праблемамі выбаршчыкі і да членаў Савета Рэспублікі. Сенатары таксама вядуць асабістыя прыёмы грамадзян і часам асабіста вырашаюць тое ці іншае пытанне.

З падобнай сітуацыяй сутыкнуліся мінчане Дзмітрый Сямёнавіч і яго жонка Вольга Мікалаеўна. Іх 9-гадовы ўнук траўміраваўся і моцна пашкодзіў хвасцец. Лячэнне не дало жаданага выніку. Працяглы час хлопчык скардзіўся на болі.

— У паліклініцы па месцы жыхарства не было магчымасці ці жадання накіроўваць нас на дадатковыя абследаванні, — кажа Вольга Мікалаеўна.

Са сваёй праблемай мінчане вымушаны былі звярнуцца да сенатара Аляксандра Карпіцкага.

— Нягледзячы на тое што прафесар Карпіцкі вельмі заняты чалавек, бо, акрамя работы ў Савеце Рэспублікі, ён узначальвае Брэсцкую абласную бальніцу, сенатар знайшоў час унікнуць у нашу праблему і дагэтуль кантралюе, як яна вырашаецца, — расказвае Дзмітрый Сямёнавіч.

У выніку хлопчык прайшоў дадатковае паглыбленае абследаванне ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, яму быў пастаўлены дакладны дыягназ, дзякуючы чаму скарэкціравана лячэнне.

— У мяне была праблема па стаматалогіі — з пратэзаваннем зубоў, яно ў мяне праходзіла складана, з доўгім зажыўленнем імплантаў. 

І Аляксандр Сяргеевіч таксама падказаў некаторыя моманты і паспрыяў вырашэнню сітуацыі, — кажа Вольга Мікалаеўна.

— Вельмі ўдзячныя сенатару Карпіцкаму за яго ўдзел, спачуванне і падтрымку, а галоўнае — за дапамогу ў нашай сітуацыі. Менавіта такія людзі, якія з’яўляюцца прыкладам служэння на карысць краіны, павінны быць у Савеце Рэспублікі, — дадае Дзмітрый Сямёнавіч.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».