Вы тут

Дзень праваслаўнай кнігі прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы


Па блаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы разам са Свята-Елісавецінскім манастыром і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі арганізавалі Дзень праваслаўнай кнігі, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Арганізатары імпрэзы нагадалі беларусам, што 500-годдзе беларускага кнігадрукавання — гэта, па сутнасці, свята царкоўнай кнігі, бо Францыск Скарына пачаў сваю асветніцкую дзейнасць з выдання «Псалтыра». Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі спецыяльна да падзеі падрыхтаваў выстаўку рэдкіх выданняў Бібліі.


— Варта звяртаць увагу не толькі на час узнікнення кнігадрукавання і яго форму, але і на змест: першая беларуская друкаваная кніга была Бібліяй, — сцвярджае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь СУША. — На выстаўцы мы зрабілі акцэнт на Бібліі і яе гісторыі, якая налічвае ўжо больш за два тысячагоддзі.

У межах экспазіцыі прадстаўлены старажытныя еўрапейскія спісы на папірусе і пергаменце, а таксама ўпершыню дэманструецца якасна зробленае факсімільнае ўзнаўленне «Паслання апостала Пятра» — адзін з найбольш старажытных рукапісаў хрысціянскага свету, які ўваходзіць у склад Новага Запавету Бібліі (факсіміле зусім нядаўна перадала ва ўласнасць Нацыянальнай бібліятэцы Ватыканская апостальская бібліятэка). Акрамя сусветнай біблейскай гісторыі акрэслілі і шлях духоўнай кнігі на беларускіх землях: гісторыя Бібліі на Беларусі налічвае амаль тысячу гадоў, пачынаючы ад Тураўскага евангелля ХІ стагоддзя. Нацыянальная бібліятэка прэзентавала не толькі друкаваныя выданні, але і каштоўныя рукапісныя кнігі, што існуюць у адзіным асобніку. Напрыклад, унікальныя помнікі кнігапісных традыцый нашай краіны — беларускія рукапісныя евангеллі XVІ—XVІІ стагоддзяў.

Асобнае месца на выстаўцы займае першакніга беларускай культуры — Біблія Францыска Скарыны. Гледачы пазнаёміліся з трыма асобнікамі Бібліі з фонду Нацыянальнай бібліятэкі, у якіх змешчаны адразу 7 канвалютаў першадрукара: «Кніга царстваў» аб'ядноўвае пад адной вокладкай 4 кнігі. Акрамя «Кнігі царстваў», на экспазіцыю трапілі «Прамудрасць Божая» і «Ісус Сірахаў» — выданні Бібліі, што пабачылі свет на пачатку друкарскай дзейнасці Скарыны ў Празе. Іх набылі для бібліятэкі больш як 90 гадоў таму, і з таго часу кнігі рэдка прадстаўляюць гледачам — вядома, такія рарытэты беражліва захоўваюцца.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ад Бібліі вытокі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.