Вы тут

Беларусь наведвае прэм'ер-міністр Малдовы


Брацкія народы заўсёды будуць шчыра ставіцца адзін да аднаго

Пасля афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Малдову ў 2014 годзе нашы адносіны з гэтай дзяржавай актывізаваліся. У мінулым годзе беларускі прэм'ер-міністр здзейсніў візіт у Кішынёў, а сёлета падчас нядаўняга пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку адбылася сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Малдовы.


Зараз з візітам нашу краіну наведвае прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп. Учора з ім сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

— Я поўны ўражанняў ад Малдовы з савецкіх часоў яшчэ, — прызнаўся беларускі лідар, вітаючы госця. — Мы шмат вучыліся ў малдаван, як працаваць на зямлі. Заўсёды захапляўся вашымі палямі, асабліва сёламі. Ужо будучы Прэзідэнтам, я не аднойчы быў у Малдове, гэта добры край, цёплы. Не толькі таму, што там добры клімат, а проста там людзі вельмі добрыя, нечым падобныя на працалюбівых беларусаў.

Наша краіна традыцыйна адкрытая для малдаван. Прынамсі, ім не патрэбныя ніякія дадатковыя дакументы, акрамя пашпарта, для таго, каб наведаць Беларусь. Увогуле, у аснове беларуска-малдаўскіх адносін — шчырае стаўленне народаў адзін да аднаго.

Што да палітычных складнікаў двухбаковага ўзаемадзеяння, то, як прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, нядаўна лідары абедзвюх дзяржаў ужо абмяркоўвалі гэтыя пытанні:

— Я казаў пра тое, што ў самыя цяжкія часы, як бы ні было вам складана, вы ведаеце, мы ніколі не закрываліся ад вас. Мы рабілі ўсё для таго, каб вы маглі працаваць на беларускім рынку, а з яго — хочаце ў Еўрапейскі саюз, хочаце — на Усход, у Еўразійскі эканамічны саюз. Вы павінны ведаць, што мы і надалей будзем прытрымлівацца такой жа палітыкі.

Малдова аказвае нам значную падтрымку на міжнароднай арэне:

— Мы вам вельмі ўдзячныя за тую дапамогу і садзейнічанне, якое вы аказваеце нам на заходнім напрамку. Мы вельмі сочым за гэтым, і міністр замежных спраў пастаянна дакладвае, што малдаване сапраўды па-брацку, па-чалавечы ставяцца да тых праблем, якія ў нас узнікаюць з еўрапейцамі. Вы заўсёды нас падтрымліваеце, імкняцеся растлумачыць заўзятым палітыкам у Еўропе, што такое Беларусь і якая ў яе палітыка.

У плане эканомікі праблем быць таксама не павінна. Калі малдаване зацікаўленыя ў пэўным беларускім вопыце, мы гатовы ім падзяліцца.

— Мы пачыналі разам развівацца, стваралі сумесныя прадпрыемствы, мы не бачылі ніякіх перашкод, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Гэта садзейнічала нармальнаму функцыянаванню, нават выжыванню ў свой час нашых дзяржаў. Думаю, нам ні ў якім разе гэта нельга страціць. Словам, вы можаце на Беларусь разлічваць, мы заўсёды былі для вас і будзем надзейнымі партнёрамі. Тым больш, што тую прадукцыю, якая ў вас вырошчваецца і якой у нас няма, мы з задавальненнем купляем.

Так, традыцыйныя тавары з Малдовы як завозіліся да нас, так і завозяцца. Ды і людзі да іх прывыклі: да малдаўскай прадукцыі стаўленне асаблівае, бо яна якасная.

— Калі вашы кампаніі будуць прытрымлівацца гэтай лініі — на якасць, бо ў вас брэнды ў Беларусі раскручаныя — я ўпэўнены, ніхто з рынку вас тут не выштурхне, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш, мы з вамі ствараем тут сумеснае прадпрыемства. Калі будзе жаданне, давайце больш ствараць: па дзіцячым харчаванні, па соках. Мы можам пастаўляць іх у любы пункт адсюль.

Асобна кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт гарантый інвестыцый:

— Можаце нават не сумнявацца. Мы вам прапануем найлепшыя ўмовы. Галоўнае, каб у вас было жаданне: або самім ствараць прадпрыемства, або давайце разам з нашымі кампаніямі. Хочаце дзяржаўнымі, хочаце прыватнымі — ваш выбар. Вы гэта павінны ведаць, мы заўсёды будзем вітаць вас у Беларусі.

Павел Філіп заявіў, што сёння адносіны паміж нашымі краінамі знаходзяцца на выдатным узроўні. Па яго словах, гэта заслуга беларускага лідара, яго адкрытага і канструктыўнага стаўлення. І ўлады Малдовы, і простыя людзі ведаюць: калі там былі праблемы, Беларусь вельмі адкрыта, шчыра і па-сяброўску працягнула ім руку дапамогі.

Што да канкрэтных кірункаў, то рэзервы для пашырэння супрацоўніцтва яшчэ ёсць. Так, Малдова асабліва зацікаўлена ў пастаўках беларускіх лекаў — добрых па якасці і даступных па цане. Там рады таксама і беларускім інвестыцыям — прынамсі, у Малдове ўжо працуе больш за 80 прадпрыемстваў з беларускім капіталам.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: І ў добрыя, і ў складаныя часы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.