Вы тут

Ці будуць у вёсках уключаць ноччу ліхтары?


У сельскай мясцовасці пачалі адключаць начное святло на вуліцах на летні перыяд. Прычына — эканомія бюджэту. Але ў саміх вяскоўцаў такія меры часам выклікаюць абурэнне. Прынамсі, да нас у рэдакцыю па гэтым пытанні звяртаюцца не ўпершыню. Вось і нядаўна — зноў пісьмо. Гэтым разам з аграгарадка Зембін Барысаўскага раёна.


«З 1 красавіка ў нашым Зембіне (як потым высветлілася, і ў вёсках па ўсім раёне) адключылі начное асвятленне вуліц. Зроблена гэта было па рашэнні сельскага Савета дэпутатаў. Ніхто не спрачаецца: разумная эканомія не пашкодзіць ніколі, але чаму хадзіць навобмацак павінны жыхары вёскі?» — піша нам чытач Андрэй Міколінскі.

Ужо пры сустрэчы мужчына расказвае: нядаўна ў аграгарадку бяда здарылася. Нехта ўночы запускаў вялізны кітайскі ліхтарык у паветра і зачапіў ім буслінае гняздо. Гняздо згарэла, птушкі засталіся без дому, а вінаватых не апазналі: жанчына, што жыве ў доме непадалёк і стала сведкай здарэння, без святла твараў не разгледзела. (А ўявіце, што гэтак жа неапазнана хтосьці можа ўлезці ў чужы хлеў ці гараж і вынесці гаспадарскае дабро.)

Уключаных ліхтароў на вуліцах не хапае людзям працоўным. Настаўніцам прыйдзецца ў поцемках хадзіць на дзяжурства на дыскатэку, камбайнёрам — вяртацца са жніва. «Урачы нашы дзяжураць уночы дома. Адной з іх ужо пад 70. Яна жыве ў адным канцы вёскі, а бальніца знаходзіцца ў іншым. Ёй кіламетры чатыры на выклік ісці — а святла няма! Ці вось даярак у чатыры раніцы аўтобус з цэнтра аграгарадка на работу забірае. У пачатку жніўня ў гэты час цёмна будзе», — дадае Андрэй Міхайлавіч.

Да таго ж летам вяскоўцы любяць на выхадныя ў госці хадзіць, дапазна заседжваюцца. А цяпер што?

— У Барысаве неяк на адной вуліцы адключылі ліхтары. Людзі пачалі абурацца — святло вярнулі. Няўжо мы горшыя за гарадскіх? — крыўдуе суразмоўнік.

Па законе часткова ці цалкам адключаць святло ў начны час на вуліцах і дарогах сельскіх паселішчаў не дазваляецца (гэта вызначана гігіенічнымі патрабаваннямі да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў і арганізацый, зацверджанымі ў 2011 годзе пастановай Міністэрства аховы здароўя №110). Таму эканоміць раённы бюджэт чытач прапануе інакш.

— Зразумела, што поўнасцю адключыць асвятленне вуліц у Барысаве немагчыма, але, калі гэта зрабіць на адну ноч у тыдзень на плошчы і праз адзін ліхтар на некаторых вуліцах, гэта дало б нашмат большы эканамічны эфект. А ў вясковай мясцовасці святло ў будныя дні можна ўключаць, напрыклад, так: з 22.00 да 23.30 і з 4.00 да світання (калі даяркі на працу ідуць), — разважае Андрэй Міхайлавіч.

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі старшыню Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пятра НАВІЦКАГА. Ён растлумачыў, што цалкам начное асвятленне ў вёсках адключаць не будуць, а сэканомленыя сродкі пойдуць на добраўпарадкаванне раёна.

— На летні перыяд, калі самыя кароткія ночы, мы пераходзім у рэжым эканоміі. На падставе рашэнняў сельскіх выканкамаў на тэрыторыі раёна было адключана начное вулічнае асвятленне ў сельскіх населеных пунктах. Але ў аграгарадкі яго вернем: толькі зменшым колькасць светлакропак.

Заўважу, што гэтыя меры закранулі толькі вулічнае асвятленне. Сацыяльна значныя аб'екты — школа, ФАП, вытворчыя будынкі, ферма — асвятляюцца.

Нязручнасцяў для людзей, якія едуць на працу, не будзе. Тая ж дойка пачынаецца ў пяць раніцы (а світае ўжо ў тры) і заканчваецца ў дзевяць вечара.

У год на асвятленне з мясцовага бюджэту выдаткоўваецца 5,5 мільярда рублёў старымі грашыма. Толькі ў раёне — гэта 300 сельскіх населеных пунктаў — устаноўлена каля 5,6 тысячы ліхтароў. Улічыце, што ў 114 з гэтых вёсак колькасць падворкаў — ад 1 да 10. Паліць святло ўсю ноч у такіх маланаселеных пунктах немэтазгодна.

Сэканомленыя грошы не ляжаць без справы — мы ўкладваем іх у іншыя кірункі. У тым жа Зембіне паставілі жалезабетонныя агароджы. Прыводзім у парадак кінутыя падворкі. Летась у раёне знеслі 94 старыя будынкі, а з пачатку гэтага года — больш за 30. Прыбіраем аварыйныя дрэвы, напрыклад, на сельскіх могілках. Бо калі не знесці, пашкодзяць помнікі —  а многія з іх дастаткова дарагія.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Барысаўскі раён

Загаловак у газеце: Ад змяркання да досвітку

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.