Вы тут

Найлепшы час — цяпер


Амаль у кожнай вёсцы ёсць свой дзівак. Валерый з іх ліку. Гэтаму надзвычай энергічнаму мужчыну — 68 гадоў. Больш за ўсё на свеце ён любіць гісторыю і пра нашы замкі, цэрквы ды касцёлы, здаецца, можа расказваць бясконца. У сезон вандруе па Беларусі на ровары, намотваючы сотні кіламетраў за дзень. Ужо на пенсіі, ён задумаў пабудаваць сабе дом з каменю, які яго суседзі называюць мясцовай славутасцю, вясковым замкам. Каб узвесці яго, Валерый тры гады, як ён сам кажа, ачышчаў калгасныя палі ад камянёў. Вазіў іх на тачанцы, якую прывязваў да свайго жалезнага двухколавага каня. Будаваў «сваю крэпасць», у якой нават печка выкладзена з каменю, практычна адзін. У 2025 годзе плануе заехаць туды жыць. Хтосьці скажа: вунь што задумаў — у 68 гадоў будаваць дом, ды яшчэ з каменю, сапраўды, дзівак. А я шчыра захапляюся такім дзівацтвам і смеласцю крочыць да сваёй мары, не азіраючыся на ўзрост і на тое, хто і што падумае.


Мы ездзілі на экскурсію да Валерыя ўсёй сям’яй. Пасля паездкі муж даслаў мне ролік пра кітайца Ван Дэшуня. У 44 гады ён толькі пачаў вывучаць англійскую мову, у 49 стварыў сваю групу пантамімы, у 50 упершыню пайшоў у фітнес-залу, у 57 запусціў перформанс «жывая скульптура», у 65 навучыўся ездзіць вярхом на кані, у 78 — кіраваць матацыклам, у 79 выйшаў на подыум, у 81 стаў паслом вядомай кампаніі па вытворчасці спартыўнага адзення і абутку. А ў 85 атрымаў ліцэнзію пілота, тым самым рэалізаваўшы яшчэ адну сваю даўнюю мару. Цяпер Ван Дэшуню 87. І ён ужо паставіў перад сабой чарговую мэту — скокнуць з парашутам. Бо лічыць, што нельга адкладваць важнае на нявызначанае потым. Ёсць рэчы, якія трэба паспець, бо без іх наша жыццё будзе няпоўным. І найлепшы для гэтага час — цяпер, бо хто ведае, што будзе заўтра. На пытанне, як яму ўдалося захаваць такі юнацкі запал, мужчына адказаў: «Прырода вызначае ўзрост, але менавіта вы вызначаеце свой душэўны стан. Вакол столькі магчымасцяў! Калі вы, гледзячы на лічбы ў пашпарце, кажаце, што ўжо вельмі позна, падумайце, можа, гэта толькі апраўданне, каб здацца. Ніхто не здольны спыніць чалавека на шляху да сваёй мары, акрамя яго самога».

«Бог разлічвае, якой даўжыні будзе тваё жыццё, — сказаў у адным са сваіх інтэрв’ю акцёр Аляксандр Абдулаў. — А вось якой шырыні — гэта залежыць ад цябе».

Ведаю некалькі жанчын-беларусак, якія прыйшлі ў мадэльную школу пасля выхаду на пенсію. Святлана адна з іх. У свае 61 яна ходзіць па подыуме, здымаецца ў кліпах і рэкламных роліках, выкладае дэфіле. Падчас сваіх заняткаў яна можа і па сем гадзін хадзіць на абцасах.

Калі я чарговы раз пачынаю скардзіцца на стомленасць і страту цікавасці да жыцця, каб не захрасаць надоўга ў гэтым стане, натхняюся падобнымі пазітыўнымі гісторыямі. А нядаўна адкрыла для сябе цудоўны фільм італьянскага рэжысёра Паола Сарэнціна «Вялікая прыгажосць». Галоўны герой, пісьменнік і журналіст Джэп Гамбардэла, кажа, што толькі праз некалькі дзён пасля таго, як яму споўнілася 65, зразумеў адну важную рэч: «Я не магу больш страчваць час, робячы тое, што не хачу рабіць». І нарэшце дазволіў сабе гэта.

А што датычыцца меркавання іншых... Пра гэта ёсць цудоўная прытча. Бацька з сынам селі на асла і паехалі па найбліжэйшых вёсках. У першай іх аблаялі за тое, што яны ўдвух едуць на жывёліне, не шкадуючы яе. Тата злез з асла. Але ў другой вёсцы насварыліся на сына за тое, што той не шануе бацьку, які вымушаны ісці пешкі. Далей на асла сеў толькі тата і, што вы думаеце? У трэцяй вёсцы ўжо аблаялі яго — за бяздушнасць у адносінах да юнага сына. Пасля гэтага яны высеклі ў лесе жэрдку, звязалі асла і панеслі яго на сабе. У чарговай вёсцы іх дакаралі за ссечанае дрэва і глупства — бо асла ж можна было і дома пакінуць. Пасля яны ўзялі асла на аброць, але іх абазвалі дурнямі, бо асёл ідзе марна і без справы. У выніку тата сказаў сыну: «Запомні, так будзе заўсёды, калі ты не будзеш думаць сваёй галавой. Азіраючыся на меркаванне іншых людзей і жывучы іх розумам, ніколі нікому не дагодзіш. Таму слухай уласнае сэрца і будзь сабой».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.