Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Рай — ён у кожнага свой…


Маўчанне казла, альбо Жах бывае на карысць

Фота: pixabay.com

Час ад часу гартаю старыя нумары любімай «Звязды», перачытваю асобныя праўдзівыя гісторыі і адчуваю, як да мяне вяртаюцца сілы і добры настрой, як цяплее на душы ад роднай, па-сапраўднаму народнай мовы, як потым, пасля прачытання, прыходзіць на памяць нешта сваё, здавалася б, даўно забытае.

...У тую досыць хмурую восень брыгада будаўнікоў працавала на калгаснай ферме. І дзень хіліўся да вечара, калі там аб’явілася начальства — прараб і загадчыца фермы.

Але ж прыехалі яны не столькі для таго, каб прыняць зробленую работу: у так званую кантору (у вёсцы тэлефонаў амаль не было) пазванілі з радзільнага аддзялення раённай бальніцы, папрасілі перадаць, што ў дзядзькі Васіля (аднаго з пажылых цесляроў) нарадзіўся сын, ды яшчэ і волат — чатыры з паловай кілаграмы!

Ну як было гэта не адзначыць?! А тым больш, што дзядзька і даўно чакаў, і рыхтаваўся. Яму ўсяго і заставалася, што крутнуцца дамоў па віно ды закуску — зладзіць замочку.

...Акурат у той жа час яго суседка ад’язджала на вячэрнюю дойку — напомніла сыну, каб хаця не загуляўся — не забыў прывесці з пашы казла. Алесь паабяцаў і пабег да школы гуляць у футбол.

Успомніў пра барадатага, калі ўжо цямнела — па самотным ахрыплым «бе-е-е...». Хлопчык пакіраваў на гэты голас, узяў за ашыйнік казла, трохі прайшоў з ім і…

У тыя часы на той самай горцы за вёскай шмат хто капаў ямы для захоўвання гародніны (і я, дарэчы, не помню, каб яе нехта краў). Пазней, калі пабагацелі, — сталі будаваць скляпы — прасторныя бетонныя... А ямы хто пазасыпаў, хто — не…

У адну з такіх і трапіў Алесь са сваім барадатым. Выбірацца — нават не спрабавалі, пагукалі ды селі чакаць.

...На іх шчасце, не іначай, будаўнікі, што чаркавалі на ферме, сталі разбрыдацца па дамах, прычым Васіль, шчаслівы бацька, каб найхутчэй было, рушыў напрасткі, праз выган і нават з песнямі!

Алесь, пачуўшы іх, стаў клікаць на дапамогу.

Дзядзька Васіль ці не адразу пачуў і, вядома ж, адгукнуўся: асцярожна падышоў да ямы, нахіліўся, потым укленчыў, выцягнуў з портак дзяжку — адзін канец апусціў мальцу: чапляйся, маўляў.

Але ж хлопчык, як выглядае, рос гаспадаром і таму спачатку дзяжку зачапіў за ашыйнік казла (чаму той маўчаў, — ніхто не ведае) — крыкнуў суседу: «Цягніце!»

Васіль напружыўся і амаль што выцягнуў!

Праўда, у гэты момант з-за хмар паказаўся месяц — праліў святло на выган, і дзядзька — ды з п’яных вачэй — убачыў, ШТО (канкрэтна) ды яшчэ і пад носам.

З перапуду бедны (казёл — гэта ж вам не «белачка»), знямеў, працверазеў, выпусціў з рук папругу і задаў такога драпака, што не дагналі б 
з сабакамі!

...Апомніўся бліжэй да ўласнай хаты.

— Можа, ты майго Алеську бачыў? — спытала ў яго заклапочаная суседка.

— Не, — прызнаўся Васіль, — хлапца не бачыў, але ж голас яго, здаецца, чуў — на выгане.

Хвілін праз дзесяць маці была ўжо там…

Добра ўсё, што добра канчаецца — з Алесем, з казлом, а найлепей — з дзядзькам Васілём, бо ён з таго самага дня з выпіўкай «завязаў», што называецца, раз і назаўсёды.

Чым вельмі ганарылася ягоная жонка, а потым — і падрастаючы сын.

Іван Букоўскі

В. Шуневічы, Глыбоцкі раён


Рай — ён у кожнага свой…

Цудоўны выдаўся верасень! У электрычцы, па дарозе з лецішча, толькі і размоў было, што не хочацца ПРЫязджаць (а тым болей — ПЕРАязджаць) у горад, што там, на прыродзе, жыў бы і жыў!

— А хто ж вам не дае? — спытала ў нас выпадковая спадарожніца. — Заставайцеся і жывіце.

Мы ў адказ:

— Дык жывём і будзем, пакуль там цёпла, пакуль народу шмат. Але ж зараз пахаладае, суседзі параз’язджаюцца. А без іх і сумна, і страшнавата.

— Вам?! — здзівілася жанчына. — Маладым ды ўдваіх?! Кіньце! У нас вунь бабця адна — ды божы дзьмухавец — з бандытам справілася.

У гэтым месцы мы, што называецца, навастрылі вушы і пачулі…

Калі коратка, то суседзі нашай спадарожніцы з’язджалі да старэйшага сына за мяжу. Кватэру пакідалі малодшаму, а дачу прапанавалі ягонаму сябру Віталю. У таго вочы загарэліся (вельмі добры дамок, з садам-гародам, з гаражом, з цяплічкай, блізка ад горада, танна), а грошай няма. Браць крэдыт чалавеку не хацелася, залазіць у даўгі — таксама.

Надзея была на жончыну адзінокую сваячку, якую ў апошнія гады забіралі да сябе на зіму.

А можна ж і назусім, калі тая пагодзіцца?

Ёй дзеля гэтага абяцалі рай: найлепшы пакой у кватэры з выгодамі, «шведскі стол», аперацыю на вочы, адзенне, абутак... Карацей — пажыццёвы клопат і догляд пры ўмове, што яна прадасць сваю сялібу.

Угаворваць жанчыну (а тым больш немаладую і не вельмі здаровую) доўга не прыйшлося: яна згадзілася, грошы аддала радні, пераехала ў горад і пражыла там ад Каляд да вясны. Потым заявіла, што ўсё — болей не застанецца: альбо вязіце ў дом састарэлых, альбо на тую дачу.

Што заставалася рабіць, — завезлі. Зажыла, з дапамогай радні ўсё пасеяла і сабрала. У горад на зіму ехаць не захацела: так на лецішчы і жыве... Мінулай зімой дык яшчэ і прыгоду мела.

...Аднойчы позна ўвечары да яе нехта пагрукаў. Хацела не адзывацца, не адчыняць, — «прышэлец» прыгразіў, што дзверы «вынесе»... А зайшоў — і з парога: «Налі што выпіць... Дабром не дасі, — увесь дом перавярну!».

Сямёнаўна давай казаць яму, што тут не рэстаран, што яна ў гэтай хаце толькі работніца (пасеяць, вырасціць ды спарадкаваць), што гаспадар прыязджае на выхадныя і зусім не п’е…

А ўрэшце прызналася, што зрабіла «кроплю» налівачкі — у склепе стаіць; што там жа, пад падлогай, і ўсе нарыхтоўкі: квашаная капустачка (вельмі ўдалая атрымалася!), салёныя агуркі (таксама добрыя!), розныя грыбкі... «Але ж я па іх не спушчуся, — пашкадавала жанчына. — Я не дам рады нават люк падняць... Дык ты, браток, ужо сам. Я табе святло ўключу, на капусту місачку дам...»

«Браток», мусіць, быў не еўшы. Паслухаўся: па драбіне спусціўся ў падвал.

Ну а далей — вы здагадаліся: бабуля (дзе толькі сілы ўзяла?!) спрытна закрыла вечка (яшчэ і на замок), пазваніла радні.

Аб чым, спусціўшыся ў склеп, гаманілі мужчыны, Сямёнаўна, вядома, не чула. Але ж бачыла, як пакорліва «прышэлец» вылазіў са склепа, як шчыра прыносіў ёй свае прабачэнні, як раскланьваўся і сыходзіў у цемру.

...А бабуля на дачы і цяпер жыве, зімаваць збіраецца, бо радня і сапраўды не падманула яе: пастаянна прыязджае, усё прывозіць, дапамагае... Ну ці ж не рай?

У кожнага ён свой. 

Гэта праўда.

І. Няхай

г. Магілёў

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж.

Інтэрнэт, які ведае ўсё (ці амаль?), падказаў, чаму састарэлых (найчасцей жанчын) завуць «божымі дзьмухаўцамі».

Выраз, паводле асноўнай версіі, з’явіўся ў канцы пазамінулага стагоддзя ў перыяд эпідэміі сыпнога тыфу — хваробы вельмі цяжкой і заразнай: ад чалавека да чалавека яе пераносілі вошы. Каб неяк знішчаць іх і тым самым абмяжоўваць распаўсюджванне інфекцыі, тыфозным хворым абавязкова брылі галовы…

У тых, каму пашчасціла выжыць, працэс лячэння расцягваўся надоўга, шавялюра пачынала адрастаць. Складаней было з узнаўленнем сіл: пацыенты — і найперш састарэлыя, з лёгкім пухам адросшых сівых валасоў, — ледзьве цягалі ногі. На іх, здавалася, варта дзьмухнуць…

Адсюль — дзьмухаўцы.

І вельмі шчырае зычанне, каб пра кожнага з іх, вось такіх (і нашмат дужэйшых), было каму паклапаціцца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.