Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра першую перамогу беларускай футбольнай зборнай у адборачным да чэмпіянату свету турніры, вынікі Кубка Еўропы ў бегу, які прайшоў у Мінску, і трыумф міні-футбольнага клуба «Сталіца», што заваяваў галоўны тытул краіны.


1. Футбалісты зборнай Беларусі атрымалі першую перамогу ў кваліфікацыі чэмпіянату свету — 2018. У матчы 6-га тура групы А беларусы на полі «Барысаў-Арэны» абыгралі каманду Балгарыі — 2:1. Лік адкрыў Міхаіл Сівакоў, рэалізаваўшы пенальці, павялічыў перавагу Павел Савіцкі.

— Хачу павіншаваць усіх балельшчыкаў з першай у адборы перамогай! Падзякаваць хлопцам за самааддачу, майстэрства, дакладнае прытрымліванне плана на гульню, — сказаў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Ігар Крывушэнка. 
У першым тайме мы добра рухаліся, прэсінгавалі, не давалі саперніку прасторы. У другім, праўда, трохі задыхнуліся, прыціснуліся да сваіх варот, дазволілі балгарам згуляць у ціск і падаваць навесы. Тым не менш усё ж сабраліся, адсунулі гульню ад сваіх варот. А тут яшчэ шыкоўны гол Савіцкага падаспеў. Рады за Паўла і за іх узаемадзеянне з Лапцевым, добры атрымаўся тандэм.

У іншых матчах кваліфікацыйнай групы А зборная Швецыі дамаглася валявой вікторыі над камандай Францыі — 2:1, футбалісты Нідэрландаў у Ратэрдаме без праблем перайгралі Люксембург — 5:0. Турнірнае становішча пасля 6 тураў: Швецыя — 13 ачкоў, Францыя — 13, Нідэрланды — 10, Балгарыя — 9, Беларусь — 5, Люксембург — 1.

Матчы 7-га тура адбудуцца 31 жніўня. Зборная Беларусі згуляе ў Люксембургу, балгары прымуць шведаў, а французы галандцаў.

Адзначым, што ўчора ўвечары на сталічным стадыёне «Трактар» наша нацыянальная каманда правяла таварыскі матч з новазеландцамі.


2. Вольга Мазуронак заняла другое месца ў Кубку Еўропы ў бегу на 10 000 м у Мінску. Беларуска пераадолела дыстанцыю за 32 хв. 13,73 сек., апярэдзіць нашу спартсменку змагла толькі Сара Марэйра з Партугаліі.

— З саперніцай было складана канкурыраваць. Яна лідар у Еўропе ў гэтым відзе. Сара Марэйра нават засталася незадаволеная часам, паказаным у Мінску, — адзначыла пасля фінішу Вольга Мазуронак.

У камандным заліку ў жанчын першае месца заняла зборная Беларусі. Акрамя Вольгі яшчэ дзве беларускія спартсменкі фінішавалі ў дзясятцы наймацнейшых. Святлана Кудзеліч паказала пяты вынік, шостае месца заняла Анастасія Іванова, Ніна Савіна завяршыла гонку 12-й, Людміла Ляховіч — 19-й, Таццяна Стэфаненка — 31-й.

Найлепшым з беларускіх мужчын стаў Уладзіслаў Прамаў — 11-е месца.


3. Мінскі клуб «Сталіца» стаў чэмпіёнам Беларусі па міні-футболе. На пляцоўцы палаца спорту «Уручча» ў трэцім паядынку фінальнай серыі мінскія футбалісты разграмілі гомельскі ВРЗ з лікам 6:0.

Гэта другі поспех «Сталіцы» ў чэмпіянатах краіны — першыя залатыя ўзнагароды былі заваяваны ў 2014 годзе. Уладальнікам «бронзы» стаў «Лідсельмаш» з Ліды.


4. Гандбалісткі зборнай Беларусі няўдала правялі першы матч барацьбы за права выступіць у фінальнай стадыі чэмпіянату свету — 2018. Падапечныя Томажа Чатэра саступілі камандзе Чарнагорыі 26:33, нягледзячы на тое, што перад перапынкам вялі тры мячы.

Сустрэча ў адказ адбудзецца 15 чэрвеня ў мінскім палацы спорту «Уручча».


5. Хакеісты «Пітсбурга» абыгралі на выездзе «Нэшвіл» з лікам 2:0 і сталі ўладальнікамі Кубка Стэнлі. «Пінгвіны» выйгралі фінальную серыю да чатырох перамог — 4:2 і другі год запар сталі ўладальнікам самага прэстыжнага клубнага хакейнага трафея.

Нападнік і капітан пераможцаў Сідні Кросбі таксама другі год запар прызнаны самым каштоўным гульцом у плэй-оф і атрымаў прыз «Кон Смайт Трофі». Ён набраў 27 (8+19) ачкоў у 24 матчах на выбыванне.

Нагадаем, «Пітсбург» пяты раз у сваёй гісторыі выйграў ганаровы тытул. Раней гэты клуб перамагаў у фінале плэй-оф НХЛ у 1991, 1992, 2009 і 2016 гадах.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: За самааддачу і майстэрства

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.