Вы тут

Як выгадаваць глушца ў няволі?


Захаваць біяразнастайнасць і прыцягнуць турыстаў — асноўныя мэты для супрацоўнікаў заказніка «Налібоцкі». Для гэтага яны разводзяць глушцоў і аленяў, а таксама дабудоўваюць інклюзіўную экасцежку.


Дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Васіль Гуркоў.

Планы на гадавальнік

Налібоцкая пушча — самы вялікі лясны масіў у Еўропе. Многія птушкі і жывёлы, якія насяляюць гэтыя мясціны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тут жа жыве і 160 глушцоў Маера — знікаючага падвіду. На ўсю краіну іх засталося ўсяго 400 асобін, а для ўстойлівай папуляцыі столькі павінна быць толькі ў заказніку. Пакуль птушка не ахоўваецца законам, гэта значыць, што паляванне на яе дазволена. Аднак дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Васіль Гуркоў упэўнены: у пушчы ніхто паляваць на глушцоў не будзе — не тая папуляцыя, не тая колькасць.

Аднак птушак становіцца ўсё менш. Гэта прывяло супрацоўнікаў заказніка да думкі разводзіць глушцоў у няволі, а потым выпускаць у дзікую прыроду. Толькі так, на іх думку, можна аднавіць папуляцыю.

 Экалагічная сцежка.

— У ідэале на працягу 5—7 гадоў мы хочам выпусціць на волю 400 птушак. І калі ўсё складзецца ўдала, то і дапамагчы нашым бліжнім суседзям. У Польшчы, Літве і Германіі глушэц Маера ў дзікай прыродзе ўжо не сустракаецца, толькі ў гадавальніках, — расказаў Васіль Гуркоў.

Каб павялічыць папуляцыю глушца, і ў нас у мінулым годзе ў заказніку «Налібоцкі» быў адкрыты гадавальнік. Грошы на яго будаўніцтва выдзелілі Еўрасаюз, ГЭФ, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і сам заказнік. На гэтыя сродкі пабудавалі пляцоўку, набылі спецыяльнае абсталяванне і закупілі корм. Але пакуль, на жаль, ні адзін глушэц з гадавальніка ў пушчу не перасяліўся.

— У мінулым годзе мы злавілі двух самцоў і дзвюх самак, аднак патомства не атрымалі, — падзяліўся дырэктар заказніка. — У гэтым годзе мы злавілі яшчэ 22 птушкі, але з іх толькі дзве самкі. На іх мы павесілі радыёметрычныя датчыкі, каб знайсці кладкі яек. У выніку адну птушку забіў ястраб-цецеравятнік, а ад другой знайшлі дзевяць яек. Самцоў жа мы выпусцілі ў дзікую прыроду.

Па словах Васіля Гуркова, з гэтых дзевяці яек удалося атрымаць толькі тры птушаняці і толькі аднаго вырасціць. Астатнія не вытрымалі рэжыму ў брудоры (спецыяльныя камеры, дзе птушаняты абсыхаюць пасля нараджэння).

— Тэхніка новая. Пакуль мы не ведаем усіх нюансаў. Зараз плануем тэсціраваць брудор на яйках фазана, каб не паўтарыць памылку, — падзяліўся дырэктар заказніка.

Зараз у заказніку пяць птушак. Ім нават далі імёны. Самцоў завуць Гоша і Нічыпар, самак — Марына і Ларыса, а вось птушаня пакуль яшчэ без імені.

Васіль Гуркоў глядзіць на справу з аптымізмам. Ён упэўнены, што ў 2018 годзе ў іх атрымаецца цалкам укамплектаваць гадавальнік самкамі, якіх для поспеху трэба яшчэ восем, і атрымаць патомства. Наступны крок — прывучыць птушанят, узгадаваных у няволі, да дзікай прыроды. І тут ужо ёсць падыходы і задумкі. Што датычыцца пакуль адзінага атрыманага птушаняці, яно застанецца жыць у заказніку.

Першыя спробы «падзяліцца» аленямі

З аленямі справы ў заказніку ідуць значна лепш. Па апошніх падліках, іх тут 900. Вялікая колькасць дазваляе «дзяліцца» аленямі і з іншымі лясгасамі. Так, праз 1—3 тыдні 20 асобін павязуць у Чавускі лясгас для стварэння новай папуляцыі. Перад гэтым жывёл трымаюць у каранціне і бяруць аналіз крыві.

— Нашы алені важаць каля 280 кг, даўжыня рагоў дасягае 120 см. Ніводзін прадстаўнік гэтага віду ў краіне не мае такіх паказчыкаў, — падзяліўся дырэктар заказніка. — Сваіх аленяў мы прадаём упершыню. Ужо ёсць заяўкі ад турыстычнага комплексу «Чырвоны бор», а таксама лясгасаў Гродзенскай і Магілёўскай абласцей.

Інклюзіўная сцежка, навагоднія святы і фотапаляванне

Для турыстаў у заказніку прамаркіравалі тры веламаршруты, зрабілі стаянкі для байдарачнікаў, праклалі экасцежку «Сярэбранае скрыжаванне» ў 960 метраў. А цяпер ідзе будаўніцтва другой сцежкі, якая пазіцыянуецца як інклюзіўная. Яе працягласць будзе складаць 1296 метраў. Спецыяльнае пакрыццё, альтанкі з пандусамі, стэнды з шрыфтам Брайля дазволяць наведаць Налібоцкую пушчу людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Такая сцежка ў Беларусі пабудавана ўпершыню.

Першая ж экасцежка ў асноўным разлічана на дзяцей. Цяпер яна знаходзіцца на рэканструкцыі, але на Новы год чакае дзяцей на свята з Дзедам Марозам, Снягуркай, смачнымі блінамі з варэннем з лясных ягад і іншымі забаўкамі.

Па словах Васіля Гуркова, у Налібоцкую пушчу штогод прыязджае каля сотні турыстаў з Германіі, Польшчы, Ізраіля, Вялікабрытаніі. Многія з іх аматары фотапалявання. Фатаграфаваць жывёл здалёк дазваляюць бясплатна. Бяруць грошы толькі ў тым выпадку, калі «паляўнічы» хоча падысці бліжэй.

Таксама ў заказніку можна грунтоўна паназіраць за жывёламі. Для гэтага супрацоўнікі прапануюць турыстам аўтамабіль і паслугі егера. Разлічана праграма на цэлы дзень. А ў наступным годзе ў заказніку плануюць адкрыць пункт пракату веласіпедаў і байдарак.

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.