Вы тут

Выхаванне сабак пачынаем з сябе


Што трэба зрабіць, каб і нам, і ім жылося камфортна.

Апошнім часам ва ўжытак мінчан актыўна ўвайшло новае слова «дог-фрэндлі», што ў даслоўным перакладзе значыць «дружалюбны ў дачыненні да сабак». Мы пастараліся разабрацца, што гэта такое.


Адна з арганізацый, якая зараз актыўна займаецца тэмай сабак у гарадской прасторы, — ОkіDоg. З куратарам праекта Ганнай Цішкевіч сустракаемся ў кавярні, якая не так даўно атрымала той самы статус «дог-фрэндлі», а гэта значыць, што сюды «па законе» можна прыходзіць з гадаванцамі. Праўда, у будны дзень увечары, нягледзячы на тое, што вольных столікаў не было, ніхто гэтай магчымасцю не скарыстаўся. (Не ўсё адразу: да добрага, хоць і не так доўга, але ўсё роўна трэба прывыкаць.)

Сёння ў праекта ёсць два асноўныя кірункі: першы арыентаваны на стварэнне неабходнай інфраструктуры, другі — на ўзняцце агульнага ўзроўню культуры ўзаемадзеяння з сабакамі. Сюды адносяцца тэматычныя сустрэчы і заняткі ў школах. Дарэчы, па словах Ганны, менавіта яны аказваюцца найбольш эфектыўным сродкам прывіцця культуры. Падчас урока прафесійны кінолаг расказвае пра мову зносін сабак, што значаць тыя ці іншыя жэсты, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях, як узаемадзейнічаць са свойскімі і вулічнымі сабакамі. Апошняе асабліва важна ў тым сэнсе, што блакітная мара ледзь не кожнага дзіцяці — шчанюк з прыгожым банцікам, падораны на дзень нараджэння. Але далей думка павінна ісці не аб прыгожых фотаздымках у сацыяльных сетках, а аб велізарнай адказнасці за жывую істоту. На ўроку кажуць і пра гэта. Натуральна, ад фармату мерапрыемства дзеці прыходзяць у захапленне: бо іх чакае не складаная матэматыка, а сустрэча з сімпатычным сабачкам проста ў школе.

Працаваць на перспектыву і верыць, што дзякуючы падрастаючаму пакаленню праз дваццаць гадоў у дварах будуць панаваць абсалютныя чысціня і парадак, вядома, добра, але гэта не вырашае праблем, якія існуюць на дадзены момант. Як аказалася, справа не толькі ў ініцыятыўнасці гараджан і іх жаданні мяняцца. Скажам, устаноўка спецыяльнай скрыні для збору адходаў жыццядзейнасці свойскіх жывёл ператвараецца ў сапраўдную галаваломку. Бо, згодна з дзеючым заканадаўствам, прыдваровыя тэрыторыі не прызначаны для выгулу сабак,
а значыць, і ўсталёўваць на іх урны не мае сэнсу.

— Да нас часта звяртаюцца жыхары тых ці іншых дамоў з просьбай дапамагчы ім з устаноўкай, яны гатовыя самі ўсё аплаціць. Але гэта даволі складаны працэс — трэба атрымаць дазвол ад гарадскіх уладаў. Людзі разумеюць, што трэба будзе правесці вялікі аб'ём работы па ўзгадненнях, і адмаўляюцца ад ідэі. Прасцей урэгуляваць пытанне на тэрыторыі прыватнай забудовы, як, напрыклад, зрабілі ў мікрараёне «Новая Баравая». Так што выпадкаў, калі жыхарам удалося самастойна ажыццявіць задуманае, я пакуль назваць не магу. Але мы працуем над гэтай важнай тэмай, — расказвае куратар праекта.

Справа яшчэ і ў тым, што ўстаноўка, здавалася б, такога прымітыўнага аб'екта, як урна, — дарагі працэс. У Беларусі пакуль няма наладжанай вытворчасці неабходнага абсталявання, і паводле папярэдніх падлікаў адна такая ёмістасць можа абысціся прыблізна ў 1000 рублёў. А яе трэба яшчэ і даглядаць...

Пакуль жа актыўныя мінчане пачалі з ўстаноўкі таблічак аб неабходнасці прыбіраць за сваімі гадаванцамі.

Такія напаміны ўжо з'явіліся ў парках 50-годдзя Кастрычніка, Сляпянскай воднай сістэмы, імя Грэкавай, Антонаўскім, Кіеўскім, скверы Старосцінская слабада. Дарэчы, у парках выгульваць сабак афіцыйна таксама нельга, але ісці праз іх да месца выгулу не забараняецца — на такіх шляхах і ўсталёўваюць таблічкі. І ўсё ж жаданне пашпацыраваць менавіта па парку можна зразумець: альтэрнатыўных варыянтаў не так шмат. Па-першае, пляцоўкі для выгулу зусім невялікія па памеры, а жывёлам, якія цэлыя дні праводзяць у кватэры, патрэбна прастора. Па-другое, не для ўсіх гэтыя пляцоўкі знаходзяцца ў крокавай даступнасці, а весці сабаку кудысьці спецыяльна «для выгулу» больш нагадвае здзек з яго.

— Але мы супраць крытыканства ў дачыненні да гарадскіх уладаў. Наша пазіцыя: можаш — рабі сам. І жыхары Мінска даволі актыўна падтрымліваюць гэты светапогляд: усё больш тых, хто без угавораў і напамінкаў самастойна прыбірае за сваімі гадаванцамі. Такім чынам, мы чарговы раз вяртаемся да пытання культуры, — адзначае Ганна.

Па словах Ганны Цішкевіч, людзі, закранаючы гэту тэму, часта кажуць: «Мы хочам жыць як у Еўропе». Але ж Еўропа славіцца не толькі добра развітой гарадской інфраструктурай, але і талерантным стаўленнем да розных сацыяльных груп і іх патрэб. Пытанне аб свойскіх жывёлах на дадзены момант там нават не ўзнікае: людзі, не задумваючыся, прыходзяць з гадаванцамі ўсюды, куды ім трэба. Да нас такое стаўленне прыходзіць паступова: уладальнікі некаторых сталічных устаноў ужо самі імкнуцца атрымаць той самы статус «дог-фрэндлі» — шукайце адпаведны стыкер на дзвярах. Акрамя гэтага, такія кафэ арганізацыя ОkіDоg забяспечвае паілкай і пэўным запасам корму.

— Нараканняў мы пакуль не чулі. Былі негатыўныя каментарыі на некаторых інтэрнэт-рэсурсах, але мы разумеем, чаму людзі так пішуць. У сабак таксама розныя тэмпераменты: камусьці падабаецца знаходзіцца ў грамадстве, а камусьці — не. Усё рэгулюецца адэкватнасцю гаспадара і тым, ці пойдзе ён з асацыяльным сабакам у кафэ. Але большасці гаспадароў і самім не патрэбны падобныя праблемы, — адзначае Ганна.

У планах праекта — ахапіць большую колькасць устаноў і грамадскіх прастораў. І, зноў жа, навучыць людзей культуры... Культуры!

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.