Вы тут

«Гэта дзеці твае, Ленінград...»


«Больш за ўсё на свеце я люблю хлеб. Просты чорны хлеб...», — прызналася адна з блакадніц Ленінграда, якая жыве ў Мінску.


Ка­ля сця­ны Піс­ка­роў­скіх мо­гі­лак Іры­на Ма­ка­ра­ва, Ма­рыя Ягад­ні­цы­на, Ва­лян­ці­на Па­лі­ка­ні­на, Гар­го­нія Яр­жэм­біц­кая і Юлія Фра­ло­ва

Не сцерці з памяці і аповед другой: «Раніца, дакладней — ноч яшчэ. Я іду па хлеб, — успамінала Марыя Ягадніцына, — карткі заціснуты ў кулак. У булачнай ужо чарга. На руцэ пішуць нумар. Усе маўчаць, туляцца адзін да аднаго. Я таксама стаю і плачу, бо дома ляжыць мама, яна ўжо некалькі дзён не ўстае... Прашу людзей «патрымаць» чаргу, каб збегаць дамоў — паглядзець, ці жывая... Вяртаюся назад. Да адкрыцця крамы яшчэ больш за гадзіну, але ж вось нарэшце... Перад вачыма — прылавак, вагі, на іх МОЙ кавалачак чорнага хлеба. Працягваю руку, каб узяць, і раптам... Нечая іншая, доўгая... апярэджвае — хапае мой хлеб. Худы, высокі чалавек, плачучы, запіхвае яго ў рот. А як жа мама?!»

Пра блакаду Ленінграда ведаюць многія, але ж чытаць пра яе ў кнігах, бачыць у фільмах — гэта адно. Зусім іншае — шчырыя няспешныя размовы з людзьмі, з тымі, хто жыў у блакадным горадзе. Людзей такіх засталося, на жаль, няшмат, бо прайшлі дзесяцігоддзі. У мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 74-й гадавіны з дня поўнага прарыву блакады (ленінградскага Дня Перамогі), па запрашэнні мэрыі і камітэта па знешніх сувязях г. Санкт-Пецярбурга прыняла ўдзел і дэлегацыя з Беларусі, якую накіраваў Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску, Рассупрацоўніцтва і пасольства Расіі. Такім чынам, у нашых Марыі Ягадніцынай (старшыні «Беларускага саюза блакаднікаў Ленінграда» (якой, як прызнаецца, 14 лютага спаўняецца «без дванаццаці сто»)), Гаргоніі Яржэмбіцкай з Мінска, Юліі Фраловай з Віцебска і іншых з'явілася цудоўная магчымасць сустрэцца з такімі ж блакаднікамі. Нягледзячы на ўзрост і шматлікія хваробы, яны з'ехаліся ў свой горад з 15 краін як блізкага, так і далёкага замежжа.

Праграма сустрэч была цікавая і насычаная. Госці ў выніку змаглі ўбачыць сённяшні, так бы мовіць, парадны Санкт-Пецярбург, пабываць у нядаўна адкрытым Музеі чыгункі і з дапамогай суперсучасных тэхналогій «павандраваць» па мультымедыйным комплексе (плошча якога, дарэчы, 15 тысяч квадратных метраў), дзе прадстаўлена ўся гісторыя Расіі...

Аднак гэта было напярэдадні, а непасрэдна ў гадавіну поўнага зняцця блакады, 27 студзеня, госці накіраваліся на мемарыяльныя Піскароўскія могілкі, дзе пахаваныя сотні тысяч жыхароў і абаронцаў горада. Тут, як і належыць, усё было ўрачыста і сумна: голас дыктара, курсанты, якія неслі жалобныя вянкі, велізарная колькасць людзей, якія прыйшлі сюды, каб пакланіцца тым, хто змагаўся за Ленінград і загінуў, хто не выжыў у пекле вайны.

Сярод гэтых людзей былі, вядома ж, і беларусы. Наша дэлегацыя ўшанавала памяць 12 тысяч суайчыннікаў, якія загінулі ў блакаду. Шкада, вядома ж, усіх... Кожнага... А тым больш маладых. Наша краіна мела патрэбу ў спецыялістах, і перад вайной хлопцы і дзяўчаты 14—16 гадоў былі накіраваны ў ленінградскія рамесныя вучэльні. Дадому яны не вярнуліся — навек засталіся сярод блакаднікаў-ленінградцаў. У іх асабовых справах у графе «месца і час адбыцця» напісана: «1942 год, Піскароўскія могілкі».

...Але жыццё працягваецца, і ўсіх удзельнікаў урачыстасцяў чакала яшчэ вялікая канцэртная праграма з выступленнямі любімых артыстаў: Іосіфа Кабзона, Льва Лешчанкі, Валерыі, Зары, харэаграфічнага ансамбля «Бярозка»... У іх выкананні шчыра, кранальна гучалі лірычныя творы мінулых гадоў, дзе гарманічна спалучаюцца словы і музыка, песні пра Ленінград... А ўжо «Дзень Перамогі» спявала ўся зала!

Рэдкія, дзіўныя гэта людзі — блакаднікі: гераічныя, мужныя, моцныя духам. А яшчэ — таварыскія, па-дзіцячы адкрытыя, шчырыя... Нягледзячы на хваробы і сталы ўзрост, яны прыязджаюць у горад, дзе зведалі столькі пакут, ахвотна расказваюць пра свае выпрабаванні і радуюцца, што гэта некаму трэба, што пра іх памятаюць і аб іх клапоцяцца... Напрыканцы свята мікрафон быў дадзены і гасцям з Беларусі.

Я рада, што змагла прачытаць свае вершы, прысвечаныя блакаднікам Ленінграда. А дома напісаліся такія радкі:

Дай жа, Божа, ім шчасця,

хоць трохі!

Хай не вернецца пекла блакад.

Гэта пульс прамінулай эпохі...

Гэта дзеці твае, Ленінград.

Валянціна Паліканіна, паэт, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза расійскіх пісьменнікаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.