Вы тут

Савецкаму Карлсану — 50 гадоў


Забаўнага, безжурботнага і часам не ў меру гарэзлівага, затое «ў меру ўкормленага мужчыну ў самым росквіце сіл» шведская пісьменніца Астрыд Ліндгрэн прыдумала яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. З таго часу пра Карлсана не адзін раз спявалі, здымалі кіно, малявалі мультфільмы, ставілі спектаклі і нават... балет. Але менавіта савецкі мультфільм «Малыш і Карлсан», які выйшаў на экраны ў 1968-м, зрабіў чалавечка з прапелерам любімым персанажам мільёнаў дзяцей і дарослых. Экранізацыя прывяла ў захапленне і саму пісьменніцу, а падчас візіту ў СССР яна асобна пажадала сустрэцца з Васілём Ліванавым, які агучыў Карлсана... У гонар юбілею «Звязда» сабрала некаторыя цікавыя факты, звязаныя з мультфільмам.


У 1968 годзе выйшлі адразу два першыя мультфільмы пра Карлсана: адзін у Чэхаславакіі, другі — у СССР. Работу чэшскіх мультыплікатараў гісторыя практычна не захавала, а савецкая версія, дзе для малявання ўпершыню быў выкарыстаны прыём электраграфіі, стала адной з найлепшых у свеце. Што цікава, першы мастацкі фільм — «Самы лепшы ў свеце Карлсан», зняты сумесна Швецыяй і Германіяй, выйшаў толькі ў 1975-м, а ў савецкі пракат трапіў яшчэ на пяць гадоў пазней.

Васіль Ліванаў заўважыў падчас прагляду эскізаў, што ягоны герой падобны на вядомага рэжысёра Рыгора Рашаля, таму вобраз Карлсана атрымаўся шмат у чым пародыяй на канкрэтнага чалавека. На прэм'еры мультфільма рэжысёр спачатку ніяк не мог уцяміць, чаму зала з яго смяецца, а дазнаўшыся праўду, даслаў акцёру паштоўку з подпісам: «Рашаль, які жыве на даху».

У ролі Фрэкен Бок рэжысёр Барыс Сцяпанцаў бачыў толькі Фаіну Ранеўскую, але актрыса доўгі час адмаўлялася, бо крыўдавала на знешняе падабенства з «домамучыцелькай». У выніку яна прыступіла да работы, але... выгнала рэжысёра са студыі падчас агучвання і заявіла, што лепш ведае, як усё зрабіць.

І толькі Клара Румянава, голасам якой размаўляюць больш як 300 персанажаў савецкіх мультфільмаў, агучыла свайго Малыша без ніякіх «але».

Дарэчы, менавіта акцёры прыдумалі значную частку крылатых фраз, накшталт «А ў вас малако пабегла», «Скажы мне, мілае дзіця, у якім вуху ў мяне гудзе?» або «Справа жыццёвая», якіх не было ў сцэнарыі.

Акрамя музыкі Генадзя Гладкова, у мультфільме падчас пагоні за зладзеямі гучыць мелодыя, не згаданая ў цітрах. Гэта Hоusе оf Hоrrоrs Мерва Грыфіна — выкананая аркестрам у рытме твіста апрацоўка знакамітых «Скокаў Смерці» Сен-Санса і жалобнага марша Шапэна (!).

У 1970 годзе выйшаў працяг мультфільма — «Карлсан вярнуўся». У планах была і трэцяя частка: пустая стужка, падпісаная «Карлсан ізноў гарэзіць», захоўваецца на студыі дагэтуль. «Саюзмультфільм» з 2013 года вядзе перамовы са спадчыннікамі Астрыд Ліндгрэн наконт далейшай экранізацыі прыгод Малыша і Карлсана — магчыма, у выглядзе серыяла

Загаловак у газеце: «Ён паляцеў, але абяцаў вярнуцца...»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.