У Дзень пісьменства мы пачынаем новы этап традыцыйнага конкурсу апавяданняў «Звязды». А пра тое, хто прыходзіць сёння ў літаратуру, чым адметныя новыя аўтары і на што варта звярнуць увагу патэнцыйным удзельнікам творчага спаборніцтва, спытаем у яго куратара — паэта і пісьменніка, кіраўніка выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся БАДАКА.
— Ці можна скласці хоць бы прыблізны партрэт маладога пакалення літаратараў?
— Зрабіць гэта вельмі цяжка, бо такі партрэт — шматаблічны. Моладзь шмат эксперыментуе, уважліва сочыць за новымі кірункамі ў сусветнай літаратуры і імкнецца прымераць іх на сваю творчасць. Калі параўноўваць з беларускай літаратурай савецкага перыяду, дзе магістральным літаратурным кірункам быў рэалізм, з прыстаўкай «сацыялістычны», які досыць насцярожана, калі не сказаць варожа ставіўся да рознага роду эксперыментаў, то цяперашняя разнастайнасць уражвае. Словам, кожны знаходзіць сваю нішу і спрабуе ў ёй нечага дасягнуць. І гэта, на мой погляд, добра, бо дае больш магчымасцяў для самавыяўлення.
— Аглядваючыся на мінулыя сезоны літаратурнага конкурсу «Звязды», ці можна вызначыць агульныя тэндэнцыі: чым цікавыя маладыя аўтары, а чаго, быць можа, ім бракуе?
— Ні ў якім разе не хачу крытыкаваць ці ўхваляць асобных аўтараў і жанры, у якіх яны працуюць, — усе жанры добрыя, акрамя нуднага, ва ўсіх можна дасягнуць плёну, увагі і павагі.
Што да маладых, то яны часта не спыняюцца на адным жанры: пішуць, напрыклад, рэалістычнае апавяданне з элементамі містыкі, выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя прыёмы — і ў выніку можа атрымацца... ну, скажам, метафізічны рэалізм. Я ўжо не кажу пра «нон-фікшн», які апошнім часам вельмі трывала ўвайшоў у нашу літаратуру. Сумесь жанраў — гэта тое, што наогул сёння вельмі характэрна для сучаснага прыгожага пісьменства — і на Захадзе, і на Усходзе, і гэтак далей. І маладыя беларускія пісьменнікі таксама не хочуць заставацца на ўзбоччы гэтых працэсаў. Калі ж казаць пра творы сталых у сэнсе ўзросту і вопыту аўтараў, то тут пераважае рэалістычная літаратура, але яна таксама, дзякуй богу, яшчэ тоіць у сабе вельмі вялікі патэнцыял.
Хоць, шчыра кажучы, мне вельмі не падабаецца, калі кажуць пра твор, як бы тым самым ставячы яму знак якасці, што ў ім усё — чыстая праўда, што ад першага да апошняга слова — пераказаны рэальны выпадак. Праўда там ці вымысел — справа дзясятая. Галоўнае, каб я аўтару верыў, каб я суперажываў яго героям, а суперажываць я магу, чытаючы і Стывена Кінга, ужо не кажучы пра свайго любімага Міларада Павіча, у прыдуманы свет якога я кожны раз уваходжу як у свет рэальны. І зусім іншы прыклад: мініяцюры Янкі Брыля. Вельмі часта гэта назіранні за тым, што адбываецца вакол. На першы погляд, што можа быць прасцей: убачыў, падслухаў, запісаў, надрукаваў. Але паспрабуйце сваімі словамі пераказаць на паперы якую-небудзь брылёўскую мініяцюру. Ці яшчэ адзін прыклад. Колькі ўжо напісана-перапісана пра акопную праўду твораў Васіля Быкава. Знаходзіліся ветэраны вайны, якія, прачытаўшы тую ці іншую аповесць пісьменніка, у сваіх лістах да аўтара сцвярджалі, што гэта яны былі прататыпамі яго герояў. А на самай справе аказвалася, што тыя героі — зборныя вобразы аўтара, вобразы прыдуманыя, уяўныя. Як і многія падзеі, апісаныя ім. Але апісаныя так пераканаўча, праўдападобна, гэта значыць, так падобныя на праўду, што не дзіва, калі нешта недзе падобнае сапраўды магло быць.
Таму, параўноўваючы маладых і сталых удзельнікаў конкурсу, хачу сказаць, што ніякай «дыскрымінацыі» ў гэтым плане — малады ці сталы, постмадэрніст ці традыцыяналіст — у адносінах да аўтараў няма, пра што сведчаць і самі апавяданні, якія штогод друкуюцца на старонках «Звязды».
Думаю, нашы чытачы таксама заўважылі і тое, што ўсе аўтары знаходзяцца ў роўных умовах — і вопытныя, і пачаткоўцы, і што нярэдка апавяданні якраз яшчэ не вельмі прызнаных празаікаў становяцца пераможцамі.
— Якія новыя імёны асабіста вы для сябе адкрылі за апошнія некалькі гадоў?
— Назаву адно імя: Марына Яўсейчык, якая яшчэ школьніцай удзельнічала ў конкурсе «Звязды» і пры мне таксама стала пераможцай. Гэта цікавы малады празаік, яна не толькі шукае новыя хады ў жанры апавядання, але і ўмее пісаць коратка, што вельмі каштоўна для конкурсу. Бо часта ў нас здараецца адна і тая ж праблема — твор, у прынцыпе, і можна было б надрукаваць у газеце, але яго памер 13—14 старонак, ці, скажам, 35—40 тысяч знакаў. Яго ж немагчыма ўціснуць на газетную паласу, а ў ідэале добра было б, каб ён быў карацейшы ўдвая, што не раз агаворвалася ўмовамі конкурсу. А скарачаць я не маю права, гэта ж конкурс, дый наогул падыходжу да рэдактуры вельмі ашчадна. Таму зноў, карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да аўтараў: калі ласка, не забывайце пра абмежаванні, што датычацца аб'ёму. А чым скарачаць ужо гатовае апавяданне (я наогул не прыхільнік гэтай меры), лепш даслаць іншае.
— У наш пісьменны час, калі з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў кожны сам сабе блогер, літаратар, а пры неабходнасці і выдавец, — на якія крытэрыі варта арыентавацца пачаткоўцам, каб не папаўняць шэрагі графаманаў, але займацца добрай літаратурай?
— Мяркую, што нейкага агульнага рэцэпта, прыдатнага для ўсіх, тут быць не можа. Калі б быў такі рэцэпт, то, напэўна, усе класічныя творы, усе класікі былі б нечым вельмі падобныя адзін да аднаго. Але Купала адрозніваецца ад Коласа, Мележ ад Брыля, Быкаў ад Караткевіча, Танк ад Панчанкі, Барадулін ад Бураўкіна. Таму магу пажадаць толькі адно: імкнуцца быць непадобнымі да іншых, шукаць сваю творчую непаўторнасць і самабытнасць, але пры гэтым адчуваць сябе часткай нацыянальнай літаратуры, у якой багатая гісторыя і, не сумняваюся, вялікая будучыня.
Запісала Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Кастуся ДРОБАВА
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?