26 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Калi з'яўляюцца дзецi


«Вось будуць свае дзецi, паглядзiш», — хто з нас не чуў ад бацькоў гэту сентэнцыю? I многiя думалi, усмiхаючыся ўпотай: ды калi яшчэ тое будзе…


А як тое самае «калi» наступае, рана цi позна разумееш, што дарослыя, аказваецца, мелi рацыю. Бо светапогляд i сiстэма каштоўнасцяў змяняюцца, хай не iмклiва, але няўхiльна i незваротна. I гэта немагчыма растлумачыць тым, у каго дзяцей няма, — як немагчыма растлумачыць абсалютна здароваму шчаслiўцу, што такое зубны боль, альбо таму, хто баiцца вышынi, — што адчуваеш падчас скачка з парашутам. Смак апельсiнаў можна абмяркоўваць толькi з тымi, хто iх еў. Таму замiлоўвае i адначасова раздражняе, калi маладыя ды раннiя гарадскiя хiпстары расказваюць мне альбо, скажам, каляжанцы, у якой чацвёра дзяцей, альбо iншай каляжанцы — мацi-адзiночцы пра тое, як трэба наладзiць 24-гадзiнны догляд дзiцяцi, выхоўваць, адукоўваць, матэрыяльна забяспечваць i, канешне, сачыць, каб дарослым не перашкаджала — «а калi не можаце, то i не трэба было нараджаць». Ну-ну. Шаноўныя, вы пакуль нават не ўяўляеце, колькi фiзiчных, псiхiчных, часовых i матэрыяльных рэсурсаў патрабуе праект «дзiця». З'явяцца свае — прыходзьце, абмяркуем кожную вашу параду.

Дарэчы, калi свае не з'явяцца — я апошняя, хто хоць словам, хоць позiркам у гэтым упiкне. Бо толькi калi з'яўляюцца дзецi, разумееш, што рашэнне аб iх — адзiн з самых няпростых выбараў у жыццi. I калi чалавек шчыра кажа, што не можа, не гатовы, а хай сабе i не хоча, бо робiць кар'еру i жыве для сябе — гэта яго выбар i яго адказнасць. Лепш самотны здаровы эгаiст, чым нежаданыя, непатрэбныя i ў рэшце рэшт нелюбiмыя, нешчаслiвыя дзецi...

Зрэшты, гэта так, лiрычнае адступленне. А факт у тым, што нараджэнне дзiцяцi — дэмаркацыйная лiнiя, якая падзяляе тваё жыццё на «да» i «пасля» (безумоўна, гаворка не пра тых, хто бачыць дзяцей пасля выпiскi з радзiльнi i потым адразу на школьным выпускным).

Калi з'яўляюцца дзецi, даводзiцца ўвесь час рабiць выбар: як назваць, чым кармiць, чаму навучыць, куды паступаць, вырашаць канфлiкты мiрна альбо паказаць, што дабро павiнна быць з кулакамi? У наш лiчбавы час дадаткова задумваешся: якой iнфармацыяй пра сябе i дзяцей дзялiцца, а якую не тое што трымаць у прываце, а наогул не давяраць сецiву — у яго памяць не чалавечая, бясконцая...

Калi з'яўляюцца дзецi, ты так цi iнакш сутыкаешся з працоўнай дыскрымiнацыяй «вы ж пойдзеце на бальнiчны» (а ты, наiўны, думаў, што каштоўнасць работнiка вызначае яго вопыт i квалiфiкацыя). Ты ў пэўнай ступенi перажывеш канфлiкт чаканняў i рэальнасцi, супярэчлiвыя памкненнi, каб дзецi былi працягам цябе i каб яны сталi лепшыя за цябе. Ты рана цi позна пачуеш, што «твае дзецi — твае праблемы», нават калi ведаеш, што насамрэч дзецi — шчасце. Так, канешне, у дадатак яшчэ цэлы кактэйль эмоцый i пачуццяў — стомленасць, радасць, дэпрэсiя, любоў, трывога, разгубленасць, пяшчота, боль, але перадусiм шчасце.

Калi з'яўляюцца дзецi, ты больш не належыш толькi сабе. Ты перажываеш — а што будзе з iмi, калi раптам нешта здарыцца з табой? Ты робiшся адначасова вельмi моцны, бо трэба столькi зрабiць для iх будучынi, i вельмi ўразлiвы, бо гэта ж такая цудоўная «кнопка» для манiпулявання... Ты будзеш рашаць жыццёвыя задачкi з зорачкай — на што ты здольны i гатовы дзеля сваiх дзяцей? I як рашыць гэтыя задачкi, каб потым iм жа, дзецям, не было за цябе няёмка цi наогул сорамна?

I галоўнае. Калi з'яўляюцца дзецi — гэтыя пытаннi не скончацца нiколi, а пяройдуць да iх па ланцужку, у спадчыну, нiбы эстафета пакаленняў. I толькi ад нас залежыць, будзе гэта эстафета любовi цi чагосьцi iншага.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв’ю: aif.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне.