Вы тут

«Мая Беларусь»: кніга падарожнічае па краіне


З адной кнігай — па ўсёй Беларусі. Пагадзіцеся, такі творчы праект заслугоўвае ўвагі і шырокай падтрымкі. Калі, безумоўна, кніга таго вартая.


Сустрэча з пісьменнікам лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Ліпскім прайшла ў Рэчыцы. Школьнікі, моладзь адкрылі для сябе новую кнігу аўтарытэтнага ў краіне і паважанага чытачамі літаратара — «Мая Беларусь», на старонках якой змешчаны прызнанні ў любві Айчыне, нашай Бацькаўшчыне, на старонках якой празаік выбудоўвае эмацыянальны па сваёй напружанасці, узнёсласці, паэтычны, сардэчны, душэўны дыялог з падрастаючым пакаленнем. Уладзімір Ліпскі ў нарысавай, эсэістычнай форме дзеліцца сваімі думкамі, развагамі пра веліч Беларусі, разважае пра будучыню і сучаснасць нашай краіны. Падкрэслівае, якія багатыя і трывалыя гістарычныя, асветніцкія традыцыі засталіся нам, беларусам, з мінулых стагоддзяў.

Падтрымку ў правядзенні сустрэчы, прэзентацыі аказала выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», дзе і выйшла новая кніга Уладзіміра Ліпскага. Мерапрыемства ў Рэчыцы прайшло ў межах творчай акцыі, якую ладзіць па ўсёй краіне рэдакцыя самага тыражнага дзіцячага часопіса краіны — «Вясёлка». Вось што з гэтай нагоды зазначае намеснік галоўнага рэдактара часопіса публіцыст Анастасія Радзікевіч:

— Кніга «Мая Беларусь» уражвае як зместам, так і мастацкім афармленнем. У тандэме, калі так можна выказацца, з Уладзімірам Сцяпанавічам працаваў таленавіты кніжны графік Віталь Дударэнка. Сустрэча з чытачамі на Гомельшчыне, у Рэчыцы, чарговы раз пераканала нас, што кніга тады шырэй ідзе да дзяцей і дарослых, калі ёсць жывы камунікат, калі ўсе бачаць, слухаюць аўтара. Уладзімір Ліпскі — жаданы госць у любой аудыторыі. І канешне ж, мы ўсямерна, разлічваючы на падтрымку і ўстаноў адукацыі, і школьных бібліятэк, праедзем з акцыяй «Мая Беларусь: пісьменнікі — дзецям» па ўсёй краіне. Гэты творчы, кніжны, літаратурны і патрыятычны праект — яскравая нагода пагаварыць пра розныя важкія каштоўнасці жыцця. Дарэчы, у той самы час, як і ў Рэчыцы, акцыя «Мая Беларусь: пісьменнікі — дзецям» прайшла і на Берасцейшчыне, у Іванаве. Без удзелу, праўда, аўтара кнігі «Мая Беларусь». І ўсё ж атмасфера для знаёмства і з кнігай, і ўвогуле са светам беларускага мастацкага слова была ў Іванаве — горадзе, дзе зусім нядаўна прайшоў Дзень беларускага пісьменства, — самая прыязная, адкрытая і шчырая. Раю зазірнуць у горад, дзе і водгалас свята прыгожага пісьменства яшчэ чуваць, дзе і новая кнігарня адкрылася, зазірнуць усім, хто рупіцца пра беларускую кнігу, пра развіццё беларускай літаратуры.

Дарэчы, эстафету Дня беларускага пісьменства прыняў ужо Слонім. Відаць, з кнігай «Мая Беларусь» Уладзімір Ліпскі і калектыў часопіса «Вясёлка», дзе друкаваліся раздзелы кнігі, завітаюць і ў гэты старажытны горад.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.