Вы тут

Як лагічна і прыгожа гаварыць, утрымліваць увагу аўдыторыі?


Як лагічна і прыгожа гаварыць, правільна выбудоўваць сваё выступленне, утрымліваць увагу аўдыторыі? Пра гэта расказаў падлеткам радыёвядучы, бізнес-трэнер Дзмітрый Смірноў падчас інтэрактыўнага майстар-класа «Майстэрства прэзентацыі», які быў арганізаваны кампаніяй velcom у рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта. У ім удзельнічаюць больш як 800 старшакласнікаў з 236 навучальных устаноў: ад сталіцы, абласных і раённых цэнтраў да вясковых школ і школ-інтэрнатаў. Праект velcom YOUTH дайшоў да самых зацікаўленых і матываваных школьнікаў, якія прапанавалі цікавыя ідэі, што павінны змяніць наш свет да лепшага. Яго адметнасць у тым, што ўся камунікацыя (ад падачы заяўкі да прэзентацыі ў фінале) будзе весціся на беларускай мове.


Ад майстар-класа, напэўна, многія чакалі нешта накшталт урока ў школе. Але звычайна, банальна і проста — не пра гэта мерапрыемства. Удзельнікі займалі месцы ў зале пад мульцік-гісторыю, у якім бульба расказвала, адкуль яна ўзялася. Потым на экране з'явіўся галоўны тэхнічны дырэктар
кампаніі velcom Крысціян ЛАКЕ,
які натхніў школьнікаў на плённую працу: «Наша будучыня — за такой моладдзю, як вы! Слухайце адно аднаго, развівайцеся і кідайце сабе выклік. Рухайцеся наперад, будзьце лідарамі свайго пакалення і дапамажыце нам, дарослым, справіцца з гэтым рытмам, а магчыма, і паскорыць яго».

Затым увагу падлеткаў захапіў Дзмітрый Смірноў (на здымку). Ён расказаў пра асноўныя прынцыпы якаснай і жывой прэзентацыі, а таксама растлумачыў правіла чатырох «с»: сваё, скандал, сенсацыя, смех — элементы, якімі стапрацэнтна можна прывабіць аўдыторыю. Прыкладамі з'яўляюцца Стыў Джобс і Ілан Маск — не толькі вынаходнікі, але і выдатныя прамоўцы.

Школьнікі былі актыўныя, бадзёрыя і жвавыя, падымалі рукі і не баяліся выказвацца. Падчас майстар-класа яны стараліся разабрацца, што такое ідэя, прапаноўвалі свае варыянты, як выкарыстоўваць будзільнік-кававарку, агароджу-люстэрка, шчотку на пульце ад гульнявой прыстаўкі...

Больш за ўсё старшакласнікаў уразіў і натхніў на крэатыў хатні парсючок. Ім была пастаўлена задача — прарэкламаваць міні-піга. Выказваліся арыгінальныя і вясёлыя ідэі. Так, да плюсоў парсючка школьнікі аднеслі яго невялікі памер, адсутнасць шэрсці, якую пакідаюць кошкі і сабакі, і спосаб... напужаць гасцей. Адна з дзяўчат прапанавала набыць яго дзеля падтрымкі вегетарыянства — як хатняга гадаванца.

Ідэі, прадстаўленыя на конкурс, — нестандартныя, непаўторныя і разнастайныя. Напрыклад, дзесяцікласніца сталічнай гімназіі № 30 Насця Шыракоўская вырашыла звярнуць увагу на праблему аўтызму:

— Цікавасць да гэтай тэмы ў мяне з'явілася яшчэ ў дзяцінстве, — прызналася дзяўчына, — мне таксама хацелі паставіць дыягназ «аўтычнае расстройства», бо я доўга не размаўляла. На мой погляд, у нас не вельмі разбіраюцца ў гэтай праблеме. Калі падлетак хоча стаць праграмістам, яму кажуць: «Не, ты можаш стаць толькі агароднікам, бо ты аўтыст!» Таксама я назіраю за сынам мамінай сяброўкі, аўтыстам. Калі звычайных дзяцей просяць назваць жывёл, яны прыгадваюць ката, сабаку, вожыка... А хлопчык піша на паперы «рыба-меч», прычым з дэфісам, без мяккага знака — адпаведна арфаграфічным правілам. Гэта прымушае мяне думаць, што ў дзяцей-аўтыстаў не нізкія інтэлектуальныя здольнасці, а зусім наадварот. Думаю, у іх ёсць патэнцыял, які трэба развіваць.

Ідэя вучня 10 класа Замастоцкай сярэдняй школы Івана Трыпуза — стварыць акуляры ці лінзы, якія сфатаграфуюць наваколле так, як мы яго бачым, таму што сучасныя фотаздымкі не даюць тую ж якасць успрымання, як нашы вочы.

...Наступныя майстар-класы «Майстэрства выступлення» і «Майстэрства лідара» пройдуць у снежні і студзені. Падчас іх удзельнікі пачнуць рэалізоўваць свае ідэі: запісваць відэаролікі ў выглядзе майстар-класа, дэбатаў ці дыскусіі. У фінал будуць выбраныя толькі дзесяць чалавек. Яны атрымаюць магчымасць працаваць з найлепшымі ментарамі і прадставяць свае прэзентацыі на канферэнцыі TEDxYouth@Mіnsk у маі 2019 года.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Хочаш змяніць свет? Пачні з... парсючка

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.