Вы тут

Генадзь Мішчук. Пачатак


Генадзь Мішчук нарадзіўся праз 25 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, таму, зразумела, яго ўяўленні пра яе грунтуюцца на пераасэнсаванні чужога жыццёвага вопыту, на прачытаных кнігах і прагледжаных кінафільмах. Ці дастаткова гэтага, каб напісаць апавяданне, якое пакідала б уражанне, што напісана праўдзіва? Безумоўна, так, і ў якасці прыкладу можна прывесці неверагодна вялікую колькасць мастацкіх твораў на гістарычную тэму. Праўда, усё ж пры адной, ці не самай важнай умове: твор павінен быць таленавітым. А ці ўдалося Генадзю Мішчуку стварыць такое апавяданне, чытачы «Звязды» могуць меркаваць самі, прачытаўшы яго.

Алесь Бадак.


Еўдакія прачнулася на досвітку ад глухіх раскатаў грому. Адхінула фіранку: «Няўжо навальніца?» — трасянула за плечы мужа.

— Уставай, Серафіме, нешта няладнае.

Гаспадар, якому жонка перабіла салодкі ранковы сон, штосьці прабурчаў, крыху пасядзеў на ложку і пачаў павольна апранацца. Грымоты не сціхалі. Серафім выйшаў з хаты, на падворку агледзеўся. Палымнеў усход. Сонца пафарбавала небасхіл ружовай чырванню, ды так густа, што тая, сцякаючы, зачапіла верхавіны цёмных дрэў. Але дзіўным было другое: захад таксама палыхаў агнём. Здавалася, што два сонцы адразу ўстаюць над зямлёю.

— Што гэта, Серафіме? — занепакоена спытала жонка.

— А бог яго ведае. Мо пажар, а можа, манеўры. Што тут гадаць, пайду лепей гаспадарку агляну.

Ля хлеўчука ён спыніўся, прыслухаўся да грымотаў. Яўна не навальніца. А што, калі гэта вайна? Вунь колькі мужыкоў з суседніх вёсак і хутароў на вайсковыя зборы забралі. У самую касавіцу... Нездарма гэта, ой, нездарма... Ды і лектар, што нядаўна ў лясніцтва прыязджаў, сваёй прапагандай толькі занепакоенасць у сэрцы пасяліў. Гітлер, маўляў, са Сталіным цяпер сябры. Дагавор аб ненападзенні... А калі ж яны такімі сябрамі сталі? Немец пад сябе амаль усю Еўропу падмяў, а бацька ўсіх народаў куды глядзіць? Ды аб гэтым лепей маўчаць. Ёсць кавалак хлеба — і трымай язык за зубамі. А то, чаго добрага... Хто дзяцей пагадуе? Брат Мікалай? У яго сваіх чацвёра. Нядаўна вось у райцэнтр дачку вазіў — захварэла. Параілі яму да старой палячкі звярнуцца, яна лепшая за сталінскіх дактароў. Дык казаў, што старая ўвесь час, як дачку аглядала, плакала і паўтарала: «Война будзе, война будзе». Грошы ні капейкі не ўзяла, а дачку ў імгненне вока на ногі паставіла. А што, калі і сапраўды вайна пачнецца?

Сонца ўзнялося высока ў неба, і трывожнага зарыва ўжо не было відаць. Толькі грымотнае рэха лякала наваколле. Час збірацца на працу. Сёння чарга Серафіму дзяжурыць у будынку лясніцтва. Па будных днях там начальства сядзіць, па выхадных — леснікі чаргуюць. Хоць і шкада выхаднога дня, а што зробіш? Жонка сабрала торбу, сняданак на стол паставіла. Дзеці, пачуўшы пах варанай бульбы з салам і цыбуляй, без матчыных угавораў прахапіліся, каб паснедаць разам з бацькам. Чацвёра іх у яго. Старэйшая дачка ўжо да замужжа рыхтуецца. На восень чакай сватоў. І пойдзе яго крывінка да другой сям'і, а там хто ведае, як лёс складзецца. Вось сынкі-пагодкі — іншая рэч. Гэта галоўная надзея і багацце Серафіма. Будзе каму працаваць на зямельцы, як свет не раскідаецца.

— Татка, а хто гэта грукоча? — пытаюцца малыя, па-гаспадарску намінаючы картоплю.

— Ды мужыкі гэта з суседніх вёсак да гораду на кірмаш падаліся. Вось падводы і грукацяць па бруку, — ці то жартуе, ці то суцяшае дзяцей Серафім, а ў самога сэрца сціскаецца ад тугі і трывогі.

— Ну, дзякуй богу за хлеб надзённы, час ехаць. Бывайце здаровы, матку слухайце. Еўдакія, як што, сена на ўзмежку зграбіце. Здаецца, на дождж збіраецца...

Пры чарговай хвалі кананады конь вушамі стрыжэ. І яму, відаць, трывожна. Чуе скаціна бяду, што не кажы. А дзень абяцае быць добрым. Эх, шчасце чалавечае! Што каму, а Серафіму многа не трэба. Абы хутарок яго стаяў ды сямейка здаровая была. Хай усюды людзі жывуць у цішыні і спакоі. За што тут сварыцца, за што ваяваць? За мяжу ці разору? Хапае той зямлі і лесу. Вось як бяда здарыцца ці хвароба ўваб'ецца — нічога не трэба. Але, каб чалавек не заносіўся, каб шанаваў тое, што ёсць, і бяда ў пэўнай меры карысная. Бо дай волю — чалавек на неба можа залезці, каб Бога за бараду трасянуць.

Вузкая сцежка вывела конніка на дарогу, і Серафім не ўтрымаўся, тузануў лейцы, і конь шпарка паскакаў праз густы хвойнік.

У будынку лясніцтва — дабротнай ашаляванай хаціне з шырокімі вокнамі, у якія заўсёды ўглядаецца векавы лес, мітусіліся людзі. Начальства выносіла з кабінетаў нейкія паперы і трамбавала ў легкавік, што стаяў заведзены ля самага ганка. На Серафімава прывітанне ніхто не адказаў. А па шэрых і напружаных тварах людзей ён зразумеў, што здарылася нешта страшнае. Каб не заважаць, ён праціснуўся ў невялічкі пакойчык, куды звычайна ўсе збіраліся на перакур. Тут у клубах шэрага тытунёвага дыму на шырокай лаве сядзеў стары Хведар-ляснік з Залесся, чалавек паважаны і дасведчаны.

— Вайна, Серафіме, вайна... — замест прывітання першым прабасіў ён. — У райцэнтры ўжо ёсць загінулыя і параненыя. Нямецкія самалёты ноччу бомбы скінулі...

— Вайна?! Як вайна? Абяцалі ж, што не будзе...

— Нас, браце, з табой не спыталі...

У пакойчык ускочыў галоўны інжынер і рэзка абарваў іх размову.

— Без панікі! Агрэсар будзе разбіты ў найбліжэйшыя дваццаць чатыры гадзіны. На сёння ўсе вольныя. Вяртайцеся дамоў і чакайце далейшых указанняў!

Апусціўшы галовы, Серафім і Хведар падаліся да выхада. Ішлі моўчкі, ведучы коней за лейцы, пакуль будынак лясніцтва не знік з вачэй.

— Што ж то будзе, Хведар? — першым загаварыў Серафім.

— Што будзе? І ўявіць цяжка. Ты юнаком у бежанцах быў, а я з германцам у першую імперыялістычную біўся. Ён тады ўжо газамі нас труціў... Дзяцей і ўнукаў шкада.

— Дык і ў нас армія магутная. Вунь інжынер абяцаў, што любому агрэсару ў дваццаць чатыры гадзіны рогі зламаем.

— Тое і бяда, што такія інжынеры ў арміі камандзіры, дый увогуле... Раздумаешся, Серафіме, навошта толькі на гэты свет нарадзіўся...

На скрыжаванні па-сяброўску развіталіся і падаліся кожны ў свой бок.

Ад страшнай навіны Еўдакія ледзь не самлела.

— Ай, дзетачкі мае, дзетачкі, — галасіла яна, і слёзы, як боб, каціліся па яе шчаках. — Навошта я вас на свет нарадзіла? На вечныя пакуты...

Малыя, як птушаняты, туліліся адно да аднаго і шморгалі насамі, не разумеючы, што такога страшнага нарабілася ў свеце.

— Што будзе? Што ж то будзе?! — галасіла Еўдакія.

Крывавае сонца павольна скацілася за цёмную сцяну бору. Дзень скончыўся. Наперадзе была ноч, поўная смутку і жалобы, ноч трывог і напружанага чакання. Не было сну Серафіму, не спала Еўдакія, ад грымотнай кананады варочаліся ў сваіх ложках дзеці. Шум з лесу за вокнамі ўпершыню за жыццё навяваў страх.

Апоўначы ў дзверы Серафімавай хаты пастукаліся. Жонка схамянулася і з трывогай глянула на мужа. Серафім запаліў газоўку і выйшаў у сенцы.

— Хто там?

— Свои, — па-руску адказаў стомлены голас.

У святле лямпы Серафім убачыў ля дзясятка салдат у запыленых чырвонаармейскіх гімнасцёрках. Адзін з іх быў паранены. Забінтаваная наспех рука ў цёмных разводах крыві сведчыла аб сур'ёзным раненні.

— Здравствуй, отец! Нам бы водицы да хлебушка...

Высокі віхрасты хлопец з абветранымі вуснамі ў афіцэрскай гімнасцёрцы ціха звярнуўся да яго. Яны прагна пілі ваду, па чарзе перадаючы конаўку, а Серафім пільна ўглядаўся ў кожную постаць. Еўдакія вынесла бохан хлеба, сала, высыпала з чыгунка дзясятак вараных бульбін.

— Частуйцеся...

— Спасибо, а может, у вас медикаменты какие имеются, у нас товарищ раненый...

Серафім вынес з каморы пляшку гарэлкі.

— Бярыце, іншага няма... Куды ж вы цяпер?

— К своим пробиваться будем.

— А дзе ж тыя свае?

Адказу не было. Цёмныя постаці байцоў хутка зніклі ў лясным гушчары.

Серафім вярнуўся ў хату. Жонка плакала. Толькі плакала ўжо моўчкі, каб не разбудзіць дзяцей.

— Супакойся, Еўдакія, не трэба... Можа, усё яшчэ абыдзецца, — сказаў ён, суцяшаючы ці то жонку, ці то сябе, і не распранаючыся прылёг на шырокую лаву.

Чаму ў цяжкія хвіліны час цягнецца так марудна, а ў хвіліны бязмернага шчасця — імкліва ляціць? Так хацелася Серафіму заплюшчыць вочы, заснуць і прачнуцца ў іншым свеце — спакойным і зацішным, без вайны і гора, дзе можна жыць і працаваць, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму дню. Ён ляжаў і думаў аб шчасці. Учарашнім ранкам Серафім быў шчаслівым чалавекам...

На золку да іх зноў пастукаліся. На ганку стаяла чацвёра ўзброеных людзей у такіх жа запыленых, пасечаных гімнасцёрках. Адзін з іх — сярэдняга ўзросту, у фуражцы і партупеі, з афіцэрскімі «шпаламі» і бліскучым медалём — падышоў да Серафіма, павітаўся і ціха папрасіў:

— Нам бы перекусить чего. Больше суток без пищи.

Серафім, як зачараваны, глядзеў на яго медаль.

— Что с вами, товарищ?

Ваенны мякка крануў яго за плячо. Серафім схамянуўся.

— Паесці?! А дзе ж вашы паходныя кухні, танкі, самалёты?

Роспач ахапіла Серафіма. Ён глядзеў то ў вочы афіцэру, то на яго бліскучы медаль.

— Вы адступаеце хто куды, нас пакідаеце, а вас кармі?! Дзе ж я на вас усіх набяруся? У мяне чацвёра дзяцей, разумееш? Чацвёра! Іх таксама карміць трэба. Табе медаля за што давалі, каб ты па карчах хаваўся?

— Серафім, апамятайся! — з хаты выбегла жонка і паспрабавала ўмяшацца. — Яны ж не вінаватыя, — праз слёзы гаварыла яна.

— А хто вінаваты? Хто? Хто нас абароніць?

Серафім, бы знясілены, апусціўся на прызбу і закрыў твар рукой.

— Прости, отец...

Афіцэр панура схіліў галаву і разам са сваімі падначаленымі падаўся да лесу.

...Серафім дагнаў іх у канцы старой грэблі.

— Прабачце, сынкі, калі можаце, прабачце. Бога за вас маліць буду... Забудзьце мае словы, у гарачцы і роспачы сказаныя. І гэта прыміце ад чыстага сэрца, што ёсць...

У льняным ручніку ляжала галоўка сыру і кавалак хлеба. Чалавек з бліскучым медалём нетаропка падышоў да Серафіма. Яны моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы і ледзь стрымлівалі слёзы. Пачынаўся другі дзень вайны. Жудаснай і крывавай, якая знішчыць і пакалечыць дзясяткі мільёнаў людзей. Бы пачварная істота, нахабна ўварвецца ў шчаслівае жыццё прыгожых гарадоў і ціхіх вёсак. Зруйнуе мары і надзеі некалькіх пакаленняў. Ды толькі мацнейшай за варожыя гарматы і танкі, мацнейшай за любую варожую зброю будзе сіла чалавечага духу, сіла воіна-абаронцы, які зараз стаяў перад Серафімам.

— Прости и нас, отец. За всё. — Узяў ежу і нізка пакланіўся.

Серафім доўга глядзеў на іх постаці і ў апошняе імгненне не стрымаўся і крыкнуў наўздагон:

— А як завуць цябе, чалавеча?

— Иваном. Мы все, отец, Иваны, — ціхае рэха прынесла адказ.

Генадзь Мішчук

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.