Вы тут

Райскі сад у савецкай вёсцы


У свой час неацэненая, а цяпер ужо вядомая мастачка Алена Кіш, аўтарка «неізяшчнага іскуства», якая на сваіх дыванах стварала вяскоўцам сапраўдныя казкі, стала галоўным вобразам у новай пастаноўцы Аляксандра Марчанкі «Прымітывы». Яе ілюзорная постаць, каб не ўрывацца ў загадкавасць асобы, ад якой, нягледзячы на блізкасць у часе, засталіся толькі шматкі інфармацыі, паказваецца ў кантэксце жыцця 1930-х. Вось вам Алена Кіш з райскімі садамі, а вось сходы, суды, калгасы ў дзённіку яе аднавяскоўца Грыгорыя Гардзея: непрынятая наваколлем дзівачка становіцца чалавекам, што знайшоў спосаб сысці ад рэчаіснасці. Прэм'ерныя паказы спектакля адбыліся 27 чэрвеня і 23 ліпеня на пляцоўцы Ок16.


Алена Кіш разрывае шаблоны свайго часу — жанчына і грамадзянка Савецкага Саюза, замест таго каб займацца гаспадаркай і працаваць у калгасе, бярэ фарбы і пачынае пісаць казачныя дываны, на якіх побач з вясковымі хатамі гуляюць ільвы, закаханыя стаяць пад багатым пладамі дрэвам, дзяўчыны заступаюць у поўную лілій і лебедзяў ваду. Яна ходзіць па вёсках і прапануе за хлеб ці мех бульбы намаляваць жыхарам гэты свой узяты з ніадкуль рай. Алена Кіш, што нарадзілася ў беднай шматдзетнай, але з пэўнай тайнай, сям'і, нават у самыя цяжкія часы настойліва працягвае свой спосаб жыць. Яна пераступае праз сацыяльныя нормы, непаразуменне навакольных, абвінавачванні ў гультайстве і так і не становіцца часткай такога соцыуму і такой сістэмы.

Фо­та Ган­ны ШАР­КО.

Аказваецца, пры адмысловым падыходзе вобраз мастачкі можа сказаць надзвычай шмат. «Прымітывы» — гэта вельмі мінімалістычны спектакль (вось вам прыклад у тэму малабюджэтнага тэатра), які распараджаецца адным акцёрам, тонкім музычным суправаджэннем Дзмітрыя Лук'янчыка, праекцыяй запісаных у экспедыцыі відэа і сціплым рэквізітам.

Выканаўца адзінай у пастаноўцы ролі Алесь Малчанаў мітусіцца, шалёна глядзіць у далячынь і чытае дзённік Гардзея. Ён аперыруе зашмальцаваным сшыткам, пагнутым вядром з вадой, кускамі тканіны, бульбінамі і самаробнымі пальмамі з падрапаных бутэлек — упрыгажэнне, якое часта сустракаецца каля сённяшніх дамоў. Свой скарб ён дастае і складвае назад у белыя поліпрапіленавыя мяхі, а між тым мы чуем інтэрв'ю з вяскоўцамі, якія ведалі Алену Кіш і яе сям'ю, і маналогі мастацтвазнаўцы Таццяны Бембель, рэжысёра Галіны Адамовіч, мастака Уладзіміра Басалыгі ды іншых.

Пры ўсёй вонкавай мінімалістычнасці і «прымітыўнасці» спектакль становіцца прыемна змястоўным выказваннем пра выключнасць, крытэрыі ацэнкі мастацтва і жыццё ў савецкай вёсцы. Сама трагічная постаць Кіш, якая скончыла жыццё самагубствам, кінуўшыся ў раку, праз умелае падкрэсліванне яе загадкавасці і адрознасці ад усіх становіцца арт-аб'ектам. Пэўныя маналогі і антураж — тыповыя нашы беларускія пальмы з бутэлек — адсылаюць да натуральнага жадання чалавека, нават сціплымі сродкамі, упрыгожыць сваё жыццё. Дываны Алены Кіш экзатычнымі птушкамі ў няпростых 30-х якраз былі тым спосабам аказацца ў райскім садзе.

Толькі хоць гэтыя дываны і вытыркаліся з шэрых інтэр'ераў, Алена Кіш сярод аднавяскоўцаў, па ўсім бачна, так і засталася дзівачкай, мастацтва якой «неізяшчнае». Тут, дарэчы, згадаўся анекдот з жыцця: яшчэ за савецкім часам адзін з мастакоў прапанаваў міністэрству культуры арганізаваць выставу дываноў Алены Кіш, а там сказалі: «Ну столько диванов, ну куда мы их поставим»,  супраца не склалася. Падобны матыў — няма прарока ў сваёй айчыне — праглядаецца ў «Прымітывах» (але, на шчасце, з'яўляецца толькі часткай вітража). З экспедыцыі, фрагменты якой паказваюцца падчас спектакля, ад былых суседзяў Алены Кіш толькі і чуваць, што паблажлівыя словы — між тым імя мастачкі ўключана ў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва».

Але найбольш прыгожым, шчымлівым і нават трагічным матывам «Прымітываў» для мяне з'яўляецца ўласны спосаб Кіш існаваць у савецкай сістэме. Усё, што мы ведаем пра 1930-я, калектывізацыю і партыйнае жыццё, робіць мастачку геніем, які змог, хоць і коштам сацыяльнай ізаляванасці, сысці ад паўсюднага калгаса ў свой уласны свет маляўнічых руж, ільвоў і закаханых.

Загадкавасць галоўнай гераіні прыходзіцца дарэчы: пакуль Алесь Малчанаў чытае пра сходы і суды, над усім гэтым сацрэалізмам навісае таямнічы вобраз аўтаркі райскіх садоў. (Хоць яна жыла толькі ў мінулым стагоддзі, а не ў Старажытнай Грэцыі, сведкі пра яе асобу дзіўна абмежаваныя, што падкрэсліваецца чаргаваннем чыткі дзённіка Гардзея са спробамі ўжо ў сённяшнія дні знайсці хоць сціплыя ўспаміны пра Кіш.) Мы разумеем драматычнасць часу, з якім ніяк не ўправіцца без ахвяр, тагачасную ідэалогію, што праз словы простых людзей асуджае непрыналежнасць да калгаса, кантраст паміж звычайнымі чалавечымі марамі і марамі камунізму.

Усе магчымыя сэнсы — толькі лаві — аўтарам удалося паказаць праз змяшчэнне вобраза Алены Кіш у кантэкст, немудрагелістыя выказванні аднавяскоўцаў і каментарыі нашых сучаснікаў. Алесь Малчанаў, крэйзі ад самага пачатку, цудоўна перадае нейкую скруху — ці то па аўтару дзённіка, ці то па Алене Кіш, ці то па ўсіх, хто тут фігуруе. Варта толькі ўвайсці ў танальнасць спектакля — і ў айчыне знойдзецца адразу некалькі прарокаў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.