Вы тут

Чаму ў падлеткаў узнікаюць праблемы ў камунікацыі?


Адна з асноўных патрэб у пераходным узросце — будаванне сацыяльных стасункаў. Гэта значыць, падлетку важна адчуць сябе ў «зграі», сярод роўных, і кантактаваць з аднагодкамі. Але часам здараецца так, што дзеці не маюць сяброў, не жадаюць ніякіх кантактаў і ўвогуле не хочуць выходзіць са свайго пакоя. Як распазнаць праблемы ў камунікацыі і перамагчы іх, расказалі спецыялісты цэнтра, сяброўскага да падлеткаў, «Давер» — псіхолаг-кансультант Святлана Паляшчук і каардынатар Валянціна Шукан.


— У падлеткавым узросце вельмі важна кантактаваць з равеснікамі, і псіхолагі кажуць, што гэта неад'емны складнік развіцця. А што рабіць, калі адбываецца наадварот — падлетак замыкаецца ў сабе і не жадае ні з кім мець стасункаў? Чым гэта можна растлумачыць?

С. П. — Сапраўды такое здараецца. І бацькі пачынаюць задаваць пытанні: ці ўсё добра з падлеткам, бо ён нікуды не ходзіць, у яго няма сяброў, ён ні з кім не хоча кантактаваць, нават на дзень нараджэння няма каго запрасіць. Прыблізны ўзрост такіх падлеткаў (найчасцей гэта дзяўчаты) — 12-14 гадоў. Пры гэтым дзіця сцвярджае, што яму так добра. Работа з такім падлеткам пачынаецца з таго, што мы высвятляем, ці сапраўды яму камфортна. За гэтым «добра» можа хавацца псіхалагічная траўма, атрыманая ў выніку кантактавання. І можа аказацца, што такое дзіця — ізгой у класе, той, з кім з нейкіх прычын не хочуць мець зносін, і ён проста звыкся з гэтай сітуацыяй. І «мне так добра» азначае «няма іншага выйсця». Тады мы працуем у адным кірунку.

Другая група — сарамлівыя падлеткі, якія не маюць камунікатыўных навыкаў і не ўмеюць устанаўліваць кантакты з равеснікамі. У іх, як правіла, жорсткія інтымныя межы, яны скардзяцца на павышаную трывожнасць: у мяне пацеюць рукі, мне страшна апынуцца ў новай кампаніі, я не ведаю, пра што гаварыць, я ўвесь час маўчу. Тут размова ідзе пра неабходнасць развіваць камунікатыўныя навыкі. Пры правільнай рабоце з такіх дзяцей потым атрымліваюцца нават лідары.

Трэцяя група дзяцей — тыя, каму ў такім стане сапраўды добра. У іх нізкая патрэба ў камунікацыях. Яны жывуць сваім унутраным светам і перажываннямі. Як правіла, гэта дзеці, якія шмат чытаюць, часта яны захапляюцца фантастыкай. І насычэнне камунікатыўнай патрэбы адбываецца за кошт кантактавання з віртуальным героем. У мяне на кансультацыі нядаўна быў 11-гадовы хлопчык. Ён актыўна вывучае мовы, цяпер вось захапіўся кітайскай. Кантактаванне з равеснікамі ў яго мінімальнае. Увогуле хлопчыкі больш арыентаваны на задачу, а не на камунікацыю.

Трэба сказаць, што сёння сацыялізацыя ў падлеткаў адбываецца крыху не так, як у старэйшага пакалення. Яна перамясцілася ў інтэрнэт-прастору, у сацыяльныя сеткі — дзеці кантактуюць там. Яны не выходзяць на вуліцу, не гуляюць у футбол, як раней. Калі мы вядзём размову пра сярэднестатыстычнага гарадскога падлетка з нармальнай сям'і, то ён у сацсетках стварае суполкі, там знаёміцца, гуляе, кантактуе. Не ўсе бацькі гэта разумеюць і часам імкнуцца адабраць гаджэт, выпіхнуць дзіця на вуліцу, дзе нікога з равеснікаў няма. Часам гэта і метад пакарання — адняць гаджэт, адключыць інтэрнэт і стварыць дзіцяці ізаляцыю. Так рабіць нельга. Вы садзейнічаеце таму, што ў падлетка вырасце дэпрэсіўны фон, ствараеце стрэсавую сітуацыю.

— Як бацькам вызначыць, ці ёсць у падлетка праблемы ў камунікацыі?

С. П. — Знайсці чалавека з поўнай адсутнасцю праблем у гэтай сферы даволі цяжка. Іншая справа, што ўсе яны вырашальныя. Калі ж размова ідзе пра тое, каб вызначыць, ці не ізаляванае дзіця, то тут перш за ўсё бацькам варта паназіраць за ім. Дастаткова задаць простыя пытанні: з кім ты сядзіш за партай у класе, з кім ты сёння кантактаваў. 70 % часу дзіця праводзіць у школе — там можа не быць сяброў, але павінны быць таварышы. Што можа насцярожыць бацькоў? Калі, напрыклад, дзіця пэўны час хварэе і яму няма каму патэлефанаваць (ці яно баіцца), каб спытаць хатнія заданні. Гэта трывожны сігнал. Калі ж яно ведае, у каго можна спісаць хатняе заданне ці спытаць, што задавалі, гэта нармальнае дзіця з адсутнасцю істотных праблем у камунікацыі.

Што датычыцца сяброўскіх адносін, то гэта больш складанае пытанне. У сучаснага падлетка яны не так проста складваюцца, як у нас. Сяброўства — доўгатэрміновыя адносіны, якія патрабуюць 3-5 гадоў. Сёння бацькі — прадзюсары ўласных дзяцей. Развіваюць іх з 3-5 гадоў — водзяць па гуртках, спартыўных секцыях, музычных студыях. І ў дзяцей не паспяваюць сфарміравацца сяброўскія адносіны, бо ўсе спрабуюць розныя заняткі, надоўга ў адным месцы мала хто затрымліваецца. Бацькам у першую чаргу важна, каб дзіця развівала свае здольнасці. А сацыяльныя кантакты — па рэшткавым прынцыпе. Таму ў дзяцей няма вопыту доўгатэрміновых адносін. Магчыма, у далейшым гэта адаб'ецца і на сям'і, калі такія людзі не будуць гатовы жыць у шлюбе да старасці: пакантактавалі і разышліся.

Да таго ж сучасныя дзеці выхоўваюцца як індывідуальнасці. Калі старэйшае пакаленне было арыентавана штосьці разам будаваць, то сучаснае — ярка выражаныя індывідуалісты. Калі яны збіраюцца разам, гэта даволі высокаканкурэнтнае асяроддзе, таму здружыць іх — складаная задача нават для вопытнага педагога. На першым месцы ў падлеткаў сёння сям'я (калі яна паспяховая) і меркаванне бацькоў, на другім — інтэрнэт, дзе можна знайсці адказ на любое пытанне, і на трэцім — значны дарослы па-за сям'ёй. Гэта можа быць педагог, трэнер, старэйшы сябар, да якога можна звярнуцца па параду. І на самым апошнім месцы — равеснікі.

— Калі бацькі бачаць, што з кантактаваннем ёсць праблемы, як дапамагчы дзіцяці?

С. П. — Калі праблемы звязаны са школьнай адаптацыяй, у школе ёсць псіхолагі, і да іх варта звяртацца. Такі спецыяліст мае пэўны інструментарый, каб вызначыць статус дзіцяці ў калектыве, паглядзець, каму аддаюць перавагу, а хто ізаляваны, хто мог бы пасябраваць з такім хлопцам ці дзяўчынай. Ён можа даць рэкамендацыі класнаму кіраўніку, бацькам.

Калі размова ідзе пра нейкую камунікатыўную траўму, то можна пайсці на індывідуальную кансультацыю да псіхолага і прапрацаваць гэту праблему. Калі размова ідзе пра адсутнасць камунікатыўных навыкаў, то яны набываюцца і развіваюцца выключна ў групе.

В. Ш. — Пры нашым цэнтры існуюць валанцёрскі клуб і клуб ЮНЭСКА. І ў маладых людзей, якія дапамагаюць нам у якасці валанцёраў, ёсць навыкі сумеснай дзейнасці і сацыялізацыі. Падлеткі, якія наведваюць клуб на працягу года, істотна мяняюцца. Прыйшлі з парушэннем камунікацыі, а цяпер гэта зусім іншыя людзі. Спачатку яны баяліся нават пераступіць парог. Затое потым, калі ўзнікаюць псіхалагічныя ці медыцынскія праблемы, трывожнасць наконт службы ў войску, паступлення, здачы экзаменаў, яны маюць магчымасць абмяркоўваць гэта з нашымі спецыялістамі, якіх ужо ведаюць. Спецыялісты цэнтра, дарэчы, выступаюць для іх у ролі значных дарослых.

С. П. — Добрая форма для развіцця камунікацыі — форма адукацыйных лагераў падчас школьных канікул. Напрыклад, з мэтай падцягнуць англійскую, але там добра развіваюцца і камунікатыўныя навыкі. Сёння не ўсе бацькі адпусцяць дзіця ў летні лагер на тры тыдні. Таму форма адукацыйных лагераў — пэўны кампраміс. Днём дзіця ў лагеры, увечары вяртаецца да бацькоў.

— Калі не вырашаць праблемы ў камунікацыі, яны могуць самі прайсці з узростам?

С. П. — Тут складана прагназаваць. Гэта не прастуда, якая праходзіць сама. Калі чалавек не мае камунікатыўных навыкаў, то яму няма чым карыстацца. Магчыма, такі чалавек неяк і выплыве, а магчыма, патоне. Цалкам імаверна, што ён прыйдзе на работу, там будзе вельмі прыязны калектыў і навыкі разаўюцца. А магчыма, і не, і месца працы давядзецца мяняць.

— А калі такі чалавек выбера прафесію, звязаную з пастаянным кантактаваннем?

С. П. — Часам прафесія можа спрыяць развіццю пэўных навыкаў. Але калі пры нізкім камунікатыўным паказчыку малады чалавек выбірае прафесію ў сферы «чалавек — чалавек», гэта будзе выклікаць моцнае эмацыянальнае выгаранне. Прыходзячы дадому, ён будзе адчуваць сябе абясточаным. І яму ўсё ж лепш выбіраць занятак па прынцыпе «чалавек — тэхніка». Гэта важна ўлічваць. Да таго ж трэба памятаць, што развіваць камунікатыўныя навыкі пажадана да пэўнага ўзросту —
25-30 гадоў. Пасля 30 псіхіка становіцца рыгідная, у нас ужо сфарміравана светапоглядная пляцоўка, і нам складана мяняцца.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Чужы сярод сваіх

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.