Вы тут

Што рабiлi з чырвонымi яйкамi?


Пытанне з Вiцебска ад Таццяны Ягоравай: «Традыцыйна на Вялiкдзень людзi фарбуюць яйкi. А што прыхавана за гэтым святочным атрыбутам з пункту гледжання традыцыйнай культуры?»


Мы ўжо неаднаразова адзначалi, што фактычна кожны прадмет, якi быў выкарыстаны ў абрадзе, атрымлiваў статус рытуальнага атрыбута i пасля завяршэння абрадавых дзеянняў набываў у вачах людзей здольнасць спрыяць урадлiвасцi зямлi i паляпшэнню дабрабыту, перамагаць хваробы, прыварожваць каханага, засцерагчы чалавека ад кепскага ўздзеяння зайздросных людзей. Звычайнае белае курынае яйка, якое для вясковага люду было ў другой палове мiнулага стагоддзя стравай паўсядзённага харчавання, у шэрагу выпадкаў таксама станавiлася атрыбутам побытавай магii вясковай гаспадынi. Трэба было дакладна ведаць, калi iх збiраць (толькi да заходу сонца), у якi час садзiць на яйкi курыцу-квахтуху (на маладзiковай фазе Месяца), у якi дзень тыдня (у жаночыя днi, каб было больш курачак, чым пеўнiкаў) i г. д. Зразумела, што зусiм iншым магiчна-прадуцыравальным статусам надзялялася чырвонае велiкоднае яйка, ды яшчэ асвечанае ў царкве.

Мы ўжо пiсалi, што покуць у хаце выконвала ролю сямейнага храма, у якiм або разам з якiм дамачадцы пражывалi год сонечнага колазвароту. Вялiкдзень станавiўся сведчаннем таго, што навакольны свет ужо ўпарадкаваны i адлюстраваны ў знакавай сiстэме покуцi: пасля вяртання з храма мацi-гаспадыня адно асвечанае яйка абавязкова клала ў покуць. На працягу ўсяго года яно выконвала ролю надзейнага абярэга ад хвароб дамачадцаў, ад сварак у хаце, ад штукарстваў дамавiка, ад маланкi i пажару. Такое яйка магло ляжаць некалькi гадоў i не псавалася (у якасцi абрадавага эквiваленту маглi захоўваць шалупiнне ад першага з'едзенага яйка).

У абрадах беларусаў яйка-абярэг выконвала яшчэ i прадуцыравальную функцыю. Асаблiва выразна яна прасочвалася ў абрадах сельскагаспадарчай i жывёлагадоўчай накiраванасцi. Адно велiкоднае яйка пакiдалi для асвячэння збожжа ў час засевак. Яго клалi ў зерне ў тую сявеньку, з якой звычайна гаспадар выконваў самае першае засяванне. Яйкi чырвонага або зялёнага колеру шматразова выкарыстоўвалiся ў абрадах першага выгану жывёлы ў поле i пры абыходзе статка пастухамi. У асобных мясцiнах для першага выгану жывёлы яйкi фарбавалi менавiта на Юр'я. Iх варылi ў вадзе разам з галiнкамi i лiсцем бярозы, таму яны былi зялёнага колеру.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытаннi пра каранi i прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных i сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыi з пазнакай «Пра радзiннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.