Вы тут

Звяздоўская восень


У Беларусi знаходзіцца некалькi населеных пунктаў з назвай Звязда — цёзак нашай газеты. Вёска, пра якую гэты фотарэпартаж, месцiцца памiж лясным возерам Тэклiц i гасцiнцам мiжраённага значэння Лепель — Докшыцы.


Блакiтны ўказальнiк так запрашае збочыць i, калi пашанцуе, дык i сустрэць жыхароў-звяздоўцаў. Што я i паспяшаўся зрабiць.

Вёска Звязда не надта вялiкая — усяго толькi дзве паралельныя вулiцы. Правая з iх з'яўляецца першаасновай вёскi, якая ў свой час называлася Аўгустова. У пачатку сямiдзясятых мiнулага стагоддзя вёска ўзбуйнiлася новымi дамамi на новай вулiцы

Лагодная восень. Цяпло не спяшаецца пакiдаць Лепельскi край, таму ў Звяздзе яшчэ цвiтуць кветкi, асаблiва вяргiнi. Амаль у кожным падворку. Але найболей — у палiсаднiку i на агародзе Валянцiны Сiмака (другі здымак). Валянцiна Аляксандраўна працуе ў Пышнянскай бальнiцы сястрынскага догляду за старымi, а яе даўнiм любiмым заняткам застаюцца кветкi. Падумаць толькi, адных сартоў вяргiнь у аматаркi прыгожага болей за шэсць дзясяткаў! Дасюль красуюць хрызантэмы i аксамiткi, лiлеi i ружы. Восенню да Валянцiны прыязджае ўнук-трэццякласнiк Аляксандр Ганчар дапамагаць збiраць памiдоры-чэры ў цяплiцы.

Сёлета ў Звяздзе багаты ўраджай на фрукты, да гэтай пары сады палымнеюць сакавiтымi цыганкамi, антонаўкамi, штрыфелямi. Асаблiва ў Наталлi Галiнскай — маладой вясковай гаспадынi. Па-суседстве з падворкам Наталлi жыхары сталiцы аблюбавалi сабе ўчастак, i цяпер новы гаспадар Леанiд Зуй са сваiмi сынамi Раманам i Ягорам у першую чаргу садзiць дрэвы пад будучы сад. За нарэзкай антонавак для прыгатавання соку я ўбачыў Валянцiну Навагран — былога агранома i старшыню мясцовага сельскага Савета. У яе дом знаходзiцца побач з лесам i возерам — амаль у сапраўдным райскiм кутку.

На вулiцы Сонечнай сустрэў гасцiнную i надзiва сонечную жанчыну — пенсiянерку Любоў Скiбу. А ў яе цяплiцы я ўбачыў цэлы набор узораў сёлетняга ўраджаю. Але ўвесь агародны запас цяпер знаходзiцца ў склепе гаспадынi ў выглядзе слоiкаў-закатак.

Акрамя вулiцы Сонечнай у вёсцы ёсць i Азёрная. Якраз на гэтай я спаткаў заядлага рыбака Мiкалая Скiбу — мужа Любовi Iванаўны. Дарэчы, мужчынскае насельнiцтва Звязды — пагалоўна рыбакi. У такое надвор'е, як сёлета, сапраўдная любата пасядзець з вудай.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.