Вы тут

Сельвыканкам паспрыяў выданню кнігі пра Чэрск і правёў прэзентацыю выдання


Кніга пад назвай «Зямля бацькоў — зямля святая» ўбачыла свет вясной гэтага года і амаль адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Яе аўтар Вольга Стаднік і не думала, што столькі цяперашніх жыхароў, іх нашчадкаў, даўніх выхадцаў з Чэрска захочуць набыць выданне. Але гэта і радуе: значыць, цікавяцца людзі гісторыяй свайго краю, не забываюць, адкуль пайшоў іх род.


Вольга Стаднік і Мікалай Ганчароў.

Вольга Дзмітрыеўна — былая настаўніца, 43 гады адпрацавала ў школе. Так сталася, што збіраць гісторыю свайго пасялення, запісваць расказы землякоў пачала амаль выпадкова. Расказвала, што спачатку нейкі матэрыял патрабаваўся на класныя гадзіны, потым усёй школай збіралі звесткі для раённай кнігі «Памяць». Так паступова захапілася справай, што стала запісваць усё і заўсёды. Нават калі яе хворую маці прыходзілі адведваць зусім пажылыя суседзі і згадвалі гісторыі са сваёй маладосці, занатоўвала іх у сшытак. Як яны потым спатрэбіліся, нават калі працавала ў архівах!

Такім чынам, за некалькі дзесяцігоддзяў матэрыялаў у яе сабралася многа і пра гісторыю, і пра землякоў, але ўсе яны да часу былі ў розных сшытках ды папках, патрабавалася іх сістэматызацыя. Ды ў пенсіянеркі рукі не даходзілі. Пра гэта неяк зайшла гаворка са старшынёй Дамачаўскага сельскага Савета Анатолем Струком. Літаральна назаўтра Анатоль Іванавіч прывёз камп'ютар і прапанаваў прыводзіць у сістэму ды пісаць. І яна засела за работу, выпраўляла, дапрацоўвала, перакладала на беларускую тое, што было напісана па-руску. Так паступова вымалёўваўся гісторыка-краязнаўчы нарыс «Зямля бацькоў — зямля святая».

Сельвыканкам узяў на сябе клопат пра выданне. Кнігу аддрукавалі ў адным са сталічных выдавецтваў. А на прэзентацыю твора сабраліся пажылыя і моладзь, прыйшлі вучні Дамачаўскай школы са сваімі настаўнікамі, нават камандзір найбліжэйшай пагранічнай заставы праявіў цікавасць да мерапрыемства.

На прэзентацыі аўтар расказала шмат цікавых фактаў пра Чэрск, якія для многіх прадстаўнікоў малодшага пакалення сталі сапраўдным адкрыццём. Ну, напрыклад, пасля вайны ў Чэрску быў такі бум нараджальнасці, што ў вёсцы адкрылі філіял радзільнага дома. А наогул вёсцы больш за 300 гадоў. І ўвесь гэты час у населеным пункце працуе царква, якая ніколі не закрывалася.

Самы большы раздзел кнігі прысвечаны ваенным падзеям. Вайна стала страшным выпрабаваннем для Чэрска. За час акупацыі тут расстралялі 31 чалавека. Забівалі пры любым падазрэнні на тое, што быў камуністам, актывістам, што нейкім чынам спачуваў савецкай уладзе. У 1944 годзе на вайну прызвалі 66 мужчын, 20 з іх загінулі. Пра іх, франтавікоў, ёсць асобныя аповеды ў кнізе. Як і пра іншых землякоў, якія праславілі вёску шматгадовай працай.

З вялікай любоўю піша аўтар пра сваіх землякоў, пра іх таленты, пра любоў да песні. «Наш хор славіўся на ўсю акругу. А школьнікі на любых аглядах самадзейнасці вызначаліся, першае месца нязменна займалі», — сказала аўтар кнігі, звяртаючыся да цяперашніх вучняў. А яшчэ прывяла радкі з уласнага верша: «Пішу я да цябе, нашчадак мой, заўсёды знай: вытокі тут твае».

Старшыня Дамачаўскага сельвыканкама Анатоль Струк адзначае:

— Цяпер мы працуем над тым, каб выдаць асобнай брашурай запісанае і сістэматызаванае нашым дамачаўскім краязнаўцам, гісторыкам Мікалаем Ганчаровым. Поспех нарыса Вольгі Дзмітрыеўны падштурхоўвае гэта рабіць. Бо для справы выхавання маладога пакалення веданне сваёй гісторыі, пашана да мінулага малой радзімы становіцца ўрокам, які цалкам не здольная замяніць тэорыя.

Яшчэ раз упэўніўся, наколькі гэта важна, — працягвае Анатоль Іванавіч, — калі пасля выхаду кнігі сельсавецкія тэлефоны літаральна сталі абрываць з просьбамі неяк набыць асобнік. Але ж мы не маглі дапамагчы, бо наклад атрымаўся вельмі невялікі па прычыне абмежаванасці сродкаў. Калі б знайшоўся спонсар, аддрукавалі б дадатковы тыраж. Кніга, як бачым, патрэбная.

Святлана ЯСКЕВІЧ,

Брэсцкі раён.

Загаловак у газеце: Нашчадкам — пра зямлю бацькоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.