Вы тут

У Высокім камісія вывучала сітуацыю з добраўпарадкаваннем


Пастаянная камісія Камянецкага раённага Савета дэпутатаў па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання на мінулым тыдні збіралася ў горадзе Высокае. Афіцыйна пытанне, якое вынеслі на разгляд, гучала так: «Аб мерах, якія прымаюцца Высокаўскім гарадскім Саветам дэпутатаў, па забеспячэнні годных умоў пражывання і жыццядзейнасці насельніцтва».


Фота з сайта газеты «Навіны Камянеччыны».

— А калі гаварыць прасцей, мы сабраліся з дэпутатамі, каб паглядзець, што зроблена ў горадзе пасля дажынак 2018 года, як развіваецца 5-тысячны населены пункт, — сказала карэспандэнту «МС» старшыня камісіі Людміла ЖУРАЎЛЁВА. — Зразумела, што пад дажынкі былі выдзелены значныя сродкі, і невялікі горад перажыў абнаўленне. Многа было зроблена па замене інжынерных камунікацый, праведзены рамонт часткі жылога фонду, шмат зроблена ў плане добраўпарадкавання вуліц, двароў. Але не менш важна, каб з мерапрыемствамі «пад дажынкі» клопаты пра знешні выгляд, якасць жыцця людзей не заканчваліся.

Вось на гэта і звярнулі асаблівую ўвагу дэпутаты, наведваючы шэраг аб'ектаў. Старшыня Высокаўскага гарвыканкама Аляксандр РАГАЛЬЧУК расказаў дэпутатам, якая работа вядзецца па добраўпарадкаванні, як у гэтай рабоце ўдзельнічаюць самі гараджане. Штогод праводзяцца суботнікі, высаджваюцца кветкі на клумбах, садзяцца маладыя дрэвы і кусты, паляпшаюцца дарогі і двары.

Яшчэ да дажынак была адрамантавана і мадэрнізавана школа разам са школьнай тэрыторыяй. А летась работу працягнулі. Быў праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй стадыёна Высокаўскай сярэдняй школы (другі пускавы комплекс). Уладкаваны футбольнае поле, пляцоўкі для скачкоў у даўжыню, бегавыя дарожкі, сектар для кідання кап'я. Цяпер вучні могуць займацца ў секцыях па многіх відах спорту.

Уведзены ў эксплуатацыю жылы дом па вуліцы Сацыялістычнай. ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» прафінансавала закупку і ўстаноўку дзіцячага гульнявога комплексу ў двары дома. Яшчэ адзін комплекс паставілі паміж дамамі па вуліцы Зоі Космадзям'янскай і інтэрнатам па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка. Грошы на пакупку апошняга ўдалося выручыць з аўкцыёну па продажы зямельных участкаў, якія канфіскуюцца ў гаспадароў, што так і не распачалі будаўніцтва. На чэрвень зноў прызначаны такі аўкцыён. Выручаныя сродкі плануецца патраціць на пакупку лавак, сметніц, усталяванне пясочніцы для дзяцей.

У адказ на звароты выбаршчыкаў уладкавана месца для сезоннага гандлю прадукцыяй, вырашчанай на прысядзібных участках.

Падчас работы дэпутаты засяродзілі ўвагу і на тых пытаннях, што яшчэ не вырашаны і застаюцца на кантролі. Найперш гэта асфальтаванне вуліц Свярдлова, Гагарына, Заслонава, Кірава, Арджанікідзэ, Мяжэніна, Беларускай. Вулічнае асвятленне патрабуецца на дваровай тэрыторыі трох дамоў па вуліцы Будаўнікоў. Квартал жылой забудовы ў раёне вёскі Кавалікі неабходна падключыць да цэнтральнай каналізацыі. Работа па вырашэнні пытанняў будзе прадоўжана, запэўніў кіраўнік мясцовай улады ў Высокім.

Як адзначыла старшыня Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына НЕГЯРЫШ, дэпутацкая камісія па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання працуе даволі эфектыўна. Усе яе пасяджэнні праходзяць з абавязковым выездам на месца. Дэпутаты сустракаюцца з людзьмі, інфармацыю атрымліваюць з першых вуснаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Камянецкі раён

Загаловак у газеце: А што пасля дажынак?

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.