Вы тут

Валерый Міцкевіч: Супрацоўніцтва з Іранам — складнік шматвектарнай палітыкі Беларусі


Учора адбылася сустрэча намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерыя Міцкевіча з кіраўніком рабочай групы іранскага парламента па супрацоўніцтве з парламентам Беларусі Абальфазлам Амуі. Былі абмеркаваны актуальныя пытанні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне заканадаўства, культурна-гуманітарнай сферы, развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ва ўмовах пандэміі, супрацьдзеяння санкцыйнай палітыцы.


Валерый Міцкевіч адзначыў, што ўзаемадзеянне з Тэгеранам з'яўляецца традыцыйным складнікам шматвектарнай палітыкі Беларусі.

— Як адзначыў кіраўнік нашай дзяржавы, свет не замыкаецца толькі на ЗША ці ЕС. Ключавой асаблівасцю Беларусі ў выбудоўванні адносін з іншымі дзяржавамі з'яўляецца тое, што мы ніколі не звяртаемся да нядобрасумленных метадаў: санкцыйнага прэсінгу ці абмежавальных мер. Мы надзейны, прадказальны партнёр у рамках ААН, руху недалучэння і іншых міжнародных арганізацый, — заявіў віцэ-спікер беларускага парламента.

Валерый Міцкевіч павіншаваў іранскіх парламентарыяў з нядаўнімі выбарамі прэзідэнта Ірана і пажадаў плёну новаму кіраўніцтву краіны і яго народу.

— Беларускія парламентарыі заўсёды цэняць сяброўскія сувязі з вашай цудоўнай краінай. І сустрэчы ў парламенцкім вымярэнні дазваляюць падтрымліваць узаемны давер і ўлічваць інтарэсы.

Абальфазл Амуі падкрэсліў, што група сяброўства іранскага парламента пачала свае візіты менавіта з паездкі ў Мінск.

— Я думаю, гэта добра дэманструе, якое значэнне для нас маюць адносіны з беларускім парламентам. Цяпер напружаная палітычная абстаноўка. Паміж Іранам і Беларуссю склалася гістарычнае сяброўства, але мы лічым, што ў цяперашняй сітуацыі, калі некаторыя краіны імкнуцца ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і аказваць ціск, мы павінны ўзаемадзейнічаць яшчэ больш, чым раней. У палітычнай сферы ў нас добрае ўзаемадзеянне, але мы мусім больш папрацаваць у эканамічнай і гандлёвай сферах, — выказаў меркаванне Абальфазл Амуі.

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных расказаў, што праграма візіту іранскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь досыць насычаная і прадугледжвае як палітычныя, так і эканамічныя сустрэчы.

— Мы разлічваем, што іранская дэлегацыя наведае цікавыя аб'екты ў Беларусі, прамысловыя і будаўнічыя прадпрыемствы, каб убачыць патэнцыял краіны і тыя галіны, у якіх мы плануем развіваць узаемадзеянне, — расказаў Андрэй Савіных.

Ён падкрэсліў, што ў цяперашні час Іран аслаблены незаконнымі амерыканскімі санкцыямі. Але як толькі сітуацыя зменіцца, дадзеная краіна можа стаць вельмі сур'ёзным гандлёвым партнёрам. Яшчэ зусім нядаўна, у 2017 годзе, тавараабарот паміж Беларуссю і Іранам складаў 154 мільёны долараў. А летась — толькі 25 мільёнаў. Іран зацікаўлены ў набыванні прадукцыі беларускага машынабудавання, нафтахіміі, вялікай папулярнасцю карыстаецца беларуская касметыка.

— Іран — паўднёвая краіна, Беларусь — адносна паўночная, такім чынам эканомікі нашых краін натуральным чынам дапаўняюць адна адну. У нас добра развітае сельскагаспадарчае машынабудаванне і іншыя галіны, які цікавыя для Ірана. Калі такі негатыўны элемент, як знешнія санкцыі, будзе прыбраны, я прагназую кратнае павелічэнне тавараабароту, — рэзюмаваў Андрэй Савіных.

Падчас сустрэчы іранскія парламентарыі перадалі для кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі запрашэнне на ўдзел у цырымоніі інаўгурацыі прэзідэнта Ірана.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.