Вы тут

Завітаем у Горад радасці?


Гэты незвычайны горад ажыў усяго на пару тыдняў. У кожным яго закутку віруе жыццё. На «гарадской плошчы» не сціхае музыка: выступаюць разнастайныя творчыя калектывы, лаўрэаты шматлікіх конкурсаў і пачаткоўцы. Спевакі, музыканты, танцоры падрыхтавалі нумары, якія сапраўды задаюць святочны калядны настрой. У «скрыпторыі» можна даведацца пра гісторыю славянскага пісьменства, напрыклад, пра пасланне, пакінутае асветнікамі ў кірылічным алфавіце (літары тут падабраны невыпадкова, за кожнай з іх — сваё значэнне). Цікаўных гасцей вучаць друкаваць на старацаркоўнай мове альбо выводзіць пяром мудрагелістыя літары, як гэта ў даўніну рабілі перапісчыкі кніг.


Ахвотныя разглядаюць выстаўку старажытных калядных паштовак. Мода на іх прыйшла на нашы землі з Англіі ў 90-х гадах ХІХ стагоддзя.

Малыя бягуць на спектаклі, кінапаказы, у міні-заапарк, удзельнічаюць у гульнях і майстар-класах. Госці выразаюць анёлаў, спрабуюць намаляваць храм, стварыць свой мультфільм ці зрабіць уласнымі рукамі падарункі з розных матэрыялаў. Гудзе кірмаш. Тут знойдзеш абразы, кнігі, званочкі, упрыгожанні, сувеніры, прысмакі, манастырскія хлеб, сыр, квас і мёд, свечкі, наборы гаючых чаёў, бальзамаў, мазяў, настоек і іншых карысных натуральных прадуктаў. Працуе і манастырская трапезная.

У «Здраўніцы» выступаюць медыкі, псіхолагі, свяшчэннікі.

Так падчас V Міжнароднага праваслаўнага фестывалю «Радасць», які ладзіўся па ініцыятыве Свята-Елісавецінскага манастыра пры падтрымцы Мінгарвыканкама, выглядаў сталічны Палац мастацтваў. У Мінск з'ехаліся прадстаўнікі розных храмаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Босніі і Герцагавіны, Сербіі ды іншых краін.

Калядныя сакрэты

Галоўная місія фестывалю — вярнуць людзям Раство. Сапраўднае, чароўнае, светлае. На жаль, за паўсядзённай мітуснёй забываюцца не толькі традыцыі — знікаюць сэнсы, закладзеныя ў гэта хрысціянскае свята.

Фестываль дапамагае паглыбіцца ў гісторыю. Тут працуе гістарычная зона, дзе на інтэрактыўных панэлях можна даведацца ў тым ліку і пра малавядомыя факты, паглядзець на здымкі пячоры, дзе нарадзіўся Хрыстос, сёння там працуе храм. Далучаюся да экскурсіі па гісторыі Раства, калі культарганізатар сястра Еўдакія Сапега расказвае, як Маці Божая і Іосіф прыйшлі ў Віфлеем на перапіс насельніцтва і ў атэлях для іх не знайшлося месца. Насамрэч у той час у Віфлееме ў гасцініцах было холадна, і парадзіха атрымала самы цёплы куток. Жывёлы сваім дыханнем сагравалі пячору...

Тут можна даведацца, як Раство сустракаюць у розных краінах. Напрыклад, грэкі ў гэта зімовае свята ўпрыгожваюць не ёлку, а караблікі. У сербаў традыцыйным дрэвам стаў дуб: на свята ў дамах з'яўляюцца альбо ссечаныя маладыя дрэўцы, альбо галінкі. А яшчэ ў Сербіі пякуць калядны хлеб — чэсніцу, на свята мужчыны нясуць асвячаць яго ў храмы. З вясёлымі песнямі і скокамі
Раство сустракаюць праваслаўныя ў Афрыцы, і перш чым зайсці ў храм, яны здымаюць абутак...

Свае традыцыі былі і ў славян. «Да нас дайшоў толькі паганскі спосаб святкавання Каляд, з Казой і іншымі карнавальнымі персанажамі, — заўважае Еўдакія Сапега. — Насамрэч сустракалі не толькі так. Раней багата было прыходаў, у многіх вёсках стаялі храмы, і свяшчэннік пасля службы ішоў па хатах вернікаў, віншаваў, пытаўся пра патрэбы. Праваслаўныя калядавалі з віфлеемскай зоркай, гэтыя госці сімвалізавалі анёлаў, якія абвяшчаюць аб Нараджэнні Хрыста. Чаму б не аднаўляць і гэту прыгажосць?

На шляху ў храм

Фестываль пераглядае стэрэатыпнае мысленне аб манастырскім жыцці. Напрыклад, пры Свята-Елісавецінскім манастыры сёння працуе больш за два дзясяткі майстэрань. Здавён манастыры былі месцамі, дзе развівалася культура (ствараліся абразы і перапісваліся кнігі), тут лячылі людзей. І сёння гэтыя функцыі не страчаныя. Сюды прыходзяць людзі, якія раней у мірскім жыцці былі дактарамі ці спартсменамі, і яны могуць падзяліцца ведамі, як захаваць сваё здароўе, не толькі духоўнае, але і фізічнае. Тут аднаўляюцца старажытныя рэцэпты. Нават каранавірус у манастырах не такі згубны, і не толькі дзякуючы манастырскім зялёным аптэкам. Тут няма страху перад «моднай хваробай». Паніка, псіхалагічны настрой уздзейнічаюць на чалавека, паралізуюць, падрываюць імунітэт. Тут упэўнены, што трэба больш намаганняў аддаваць не ізаляцыі, а здароваму ладу жыцця, спорту, харчаванню. І асобныя парады можна было атрымаць на фестывалі. Каранавірус прывёў да таго, што людзі думаюць пра цела, а забываюцца пра душу. Ці правільна робіць грамадства, калі старыя аказваюцца ў адзіноце, пакінутыя роднымі, пазбаўленыя сустрэч з тымі, каго любяць?

«Беражыце дзяцей ад гаджэтаў. Яны забіваюць у дзецях здольнасць бачыць натуральную прыгажосць», — папярэджваў на фестывалі дыякан Дзмітрый Котаў. Ён прыехаў у Беларусь з Расіі, каб падзяліцца з дзеткамі мастацкімі сакрэтамі, правёў з малымі майстар-класы па вырабе мазаічных карцін і маляванні акварэллю і гуашшу. Айцец Дзмітрый мае прафесійную мастацкую адукацыю і некалькі дзясяткаў гадоў займаецца з дзецьмі творчасцю, кіруе ўнікальнай школай мазаікі. Ён упэўнены, што кожнае дзіця геніяльнае, але, каб раскрыць гэта, з малымі трэба многа займацца.

І шлях у храм — гэта таксама магчымасць лепш зразумець сябе, свае вытокі і місію. Фестываль мог толькі даць асобныя падказкі, адкрыцці, знаёмствы. Пасля яго заканчэння можна працягнуць шукаць свой «горад радасці». Напрыклад, наведваць майстэрні пры манастыры ці вадзіць дзяцей у храм на духоўна-патрыятычныя заняткі, з малымі тут нават ходзяць у паходы і ладзяць касцюміраваныя квэсты.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.