Вы тут

Запыталі ў мясцовай улады, як праходзіць акцыя «Ад усёй душы» на Брэстчыне


Карэспандэнт «МС» пацікавілася ў кіраўнікоў мясцовай улады, як у іх арганізавана наведванне састарэлых адзінокіх людзей, насельнікаў сацыяльных устаноў у рамках акцыі «Ад усёй душы»


Анатоль Струк, старшыня Дамачаўскага сельскага Савета Брэсцкага раёна:

— На нашай тэрыторыі знаходзіцца Дамачаўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, разлічаны на 215 ложка-месцаў. Гэта даволі вялікая ўстанова, якую не абыходзяць увагай мясцовая ўлада, грамадскасць, прадпрыемствы і арганізацыі традыцыйна аказваюць установе шэфскую дапамогу. Вось і на гэтым тыдні ў інтэрнаце адбылося вялікае дабрачыннае мерапрыемства з удзелам Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці, прадпрыемства «Дываны Брэста», «Брэстаблгаза», а таксама прадпрыемстваў Брэсцкага раёна.

Для насельнікаў зладзілі канцэрт у Доме культуры, які знаходзіцца цераз дарогу. Некаторых завезлі туды на інвалідных калясках, большасць прыйшла самастойна. Мера-
прыемства атрымалася цёплым і змястоўным, людзі выказвалі падзяку за свята.

— Госці прыйшлі з падарункамі, — дапаўняе дырэктар дома-інтэрната Анатоль Ясінскі. — Нам падарылі мікрахвалеўку, тавары санітарна-гігіенічнага і бытавога прызначэння, харчовыя і салодкія наборы. Напрыклад, аграсад «Світанак» падарыў прафесійную газонакасілку з улікам чатырох гектараў нашага ўчастка, а таксама яблыкі для сталоўкі. Падарункаў было шмат, і ўсе вельмі патрэбныя, госці загадзя ўдакладнялі нашы запыты і патрэбы.

Хачу сказаць, што акцыя «Ад усёй душы», аб'яўленая у нашай краіне афіцыйна, у нас праходзіць даўно. У дома-інтэрната склалася кола пастаянных шэфскіх арганізацый, якія перад святамі прыязджаюць з падарункамі, канцэртамі, і мы ім надзвычай удзячныя. Яшчэ больш кранальнымі выглядаюць факты прыватнай ініцыятывы. Напрыклад, ужо некалькі гадоў запар установе аказвае дапамогу сям'я Сцепанюкоў, мясцовых фермераў. Некалі дабрачынную справу пачынаў галава сям'і, а пасля яго смерці прадоўжылі жонка і сын. Прадпрымальнікі з Брэста аказваюць паслугі ў галіне фізкультуры і спорту, яны сталі нашымі пастаяннымі фундатарамі. Муж і жонка спецыяльна ладзяць трэніроўкі з наведвальнікамі, а ў якасці аплаты просяць кліентаў прыносіць патрэбныя для нашай установы тавары. Нярэдка прывозілі памперсы, іншыя прадметы гігіены, часам на вельмі немалыя сумы.

Акцыя ў Дамачаўскім доме-інтэрнаце.

Нас падтрымліваюць рэлігійныя арганізацыі. Моладзь з брэсцкай абшчыны евангельскіх хрысціянбаптыстаў прыязджала ў мінулую суботу са спектаклем, яны прывезлі таксама салодкія падарункі. А летась каталіцкая місія з Пінска падарыла дзве пральныя машыны, прасы, апараты для вымярэння ціску. Школьнікі Дамачаўскай школы не забываюць установу, прыходзяць да нас з канцэртамі, гэта вельмі прыемна, — падсумаваў Анатоль Ясінскі.

Старшыня Дамачаўскага сельвыканкама Анатоль Струк дадаў, што падобныя акцыі патрэбны не толькі пажылым, хворым людзям, але і маладому пакаленню, якое атрымлівае ўрокі дабрыні, міласэрнасці, спагады.

Святлана Дышка , старшыня Папінскага сельскага Савета Драгічынскага раёна:

— Мы заўсёды памятаем сваіх сталых жыхароў, асабліва тых, хто пражывае асобна альбо зусім адзінокі. Не забываем і заслужаных ветэранаў працы. Напрыклад, перад Калядамі, 6 студзеня, прыгожа ўшанавалі Ганну Мікалаеўну Стадніцкую, жыхарку вёскі Новая Папіна, якая днямі адзначыла 80-годдзе. Ганна Мікалаеўна ў свой час была перадавой даяркай і цялятніцай, мае бронзавы медаль ВДНГ СССР за працоўныя заслугі. Павіншаваць яе з юбілеем і Калядамі акрамя прадстаўнікоў мясцовай улады, прыехалі кіраўнік ААТ «Пенякова» Аляксандр Шульжык, старшыня прафкама гаспадаркі. Атрымалася цёплая гутарка, ветэран падзялілася ўспамінамі пра работу ў гаспадарцы.

На наступным тыдні плануем мерапрыемствы ў Зарэчцы, Ляхавічах з віншаваннямі і наведваннем пажылых людзей.

Вера Пікула, старшыня Дзівінскага сельскага Савета Кобрынскага раёна:

— У гэтай высакароднай акцыі максімальна стараемся задзейнічаць школьнікаў. У нас на тэрыторыі працуюць тры сярэднія школы. Вучні наведваюць пажылых ллюдзей, даюць невялікія канцэрты, аказваюць пасільную шэфскую дапамогу. Такім чынам імкнёмся зладзіць дыялог пакаленняў. Пажылыя людзі дзеляцца ўспамінамі, вучні маюць магчымасць даведаццца гісторыю свайго краю, пра маладосць пакалення дзядоў ды бабуль і нават прадзедаў. Такія гутаркі, сустрэчы атрымліваюцца плённымі, многія са сталых людзей — дзеці вайны і пасляваенных цяжкіх гадоў. Менавіта яны могуць навучыць сённяшніх юнакоў і дзяўчат цаніць і берагчы мір, навучыць стварэнню, а не разбурэнню.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.