Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Склероз вылечыць нельга...»


Склероз вылечыць нельга...

Ёсць у мяне добрая прыяцелька, з якой заўсёды лёгка і хораша, з якой мы можам размаўляць пра ўсё: поўнае, амаль стапрацэнтнае супадзенне поглядаў! Да таго ж у яе, у маёй Міхайлаўны, на ўсё — сваё меркаванне і проста безліч гатовых рэцэптаў, як што рабіць...


Яна і праўда вельмі шмат умее ды ведае і — што важна — умомант падмячае, дзе варта пасмяяцца (у тым ліку з сябе). Вось толькі адна гісторыя.

...На Радаўніцу, паводле традыцый, на могілках збіраюцца ўсе, нават тыя, хто не збіраецца больш нідзе і ніколі. Гэтак — у нашым Лучыне, прычым могілак тут — двое: так званыя новыя і старыя, уладкаваныя па ранейшых правілах: то-бок абнесеныя глыбокімі равамі, з пахаваннямі-курганамі, што пазначаны зусім не крыжамі, а камянямі самых розных памераў, праўда, формы адной, з выбітымі на іх прозвішчамі і датамі (што не ўсюды, на жаль). Але ж, згодна тых дат, у пачатку мінулага стагоддзя менавіта камяні ставілі на магілах.

Дый курганоў там даволі шмат, некаторыя таксама невядома чые...

І шыльдачка каля пагоста ёсць: маўляў, помнік гісторыі, ахоўваецца дзяржавай. Што і зразумела, бо няшмат такіх: упершыню вёска згадваецца ў летапісе пад 1136 годам. Значыць, менавіта на гэтых могілках — магілы продкаў.

На Радаўніцу да іх, даўно памерлых (мусіць, гены клічуць), цягнуцца ўсе жывыя, у тым ліку, вядома ж, і мае стрыечныя сёстры.

Ну прыехалі, ну павіталіся, па тутэйшай завядзёнцы «паслалі па сваіх» (абрусы — па магілках родных), паклалі на іх пачастункі ды памаўчалі. Потым «дзеўкі» сталі распытваць, а хто ж пахаваны паблізу, ды ўголас здзіўляцца: як гэта — я дык раптам «не ў курсе»?!

Калі па праўдзе, то і самой трохі няёмка было, што на тое забылася, тое вось не ведала, а гэта нешта не ўспомню...

«Дзеўкі», трэба разумець, захваляваліся, бо мясцовая ж краязнаўца... Аднак уголас нічога не сказалі: па могілках пахадзілі, усіх сваіх праведалі ды праз гадзіну-другую паехалі ў свой Рагачоў.

Ну і я пасля іх — на сваім «мерседэсе» двухколавым.

Дома загнала яго ў «гараж», а сама ў агарод не пайшла: свята ж і ў Бога дзён многа: села крыжаванкі разгадваць. Гэта, кажуць, і супакойвае, і памяць трэніруе...

Аж бачу — да варот машына пад'ехала: сёстры мае вярнуліся ці яшчэ раз прыехалі? Прычым — з вялікім пакункам...

Потым аказалася: грэцкіх арэхаў прывезлі, наўскідку — кілаграмы чатыры. Гэта, маўляў, табе, для работы мозга (?), для паляпшэння памяці.

Ну калі б адразу, на могілках аддалі, то няхай сабе: і гасцінец, і знак увагі, а то ж спецыяльна ехалі! Трэба разумець, убачылі, што ў мяне дрэнна з галавой? Бо яно ж бывае, асабліва — з узростам. Яшчэ Ранеўская казала, што склероз вылечыць нельга, а забыцца пра яго — можна. Вось толькі страшнавата...

Факт, што закінула я крыжаванку, пасядзела, падумала — набрала нумар Міхайлаўны: пра тое-сёе пагаварылі з ёю. Потым я пра сясцёр расказала і пра іхнія арэхі, спытала, што б гэта значыла?

Думала, прыяцелька супакойваць пачне, паспачувае мне, а тая замест таго ў рогат! Во, маўляў, знайшла аб чым думаць?! Ды каб мне хто торбу арэхаў арганізаваў, я б зусім дурной прытварылася!

Суцешыла, карацей...

Навяла на думку, а чаму б і сапраўды не прытварыцца — налета, на Радаўніцу, калі дажыву? Сёстры ж, мусіць, зноўку прыедуць? Можа, і арэхаў зноў прывязуць... Трэ будзе з Міхайлаўнай тады падзяліцца. Склерозу ў яе як быццам няма, але ж ёсць іншы недахоп. Яна сама, бывае, пра нешта спытае, а толькі пачнеш адказваць, — тут жа пераб'е: во, маўляў, у мяне таксама было! І тады ўжо не спыніць: Астапа панесла, як той казаў...

Міхайлаўна ведае гэты свой грэх і ўсё роўна пытае — перапыняе, пытае — перапыняе...

Цікава, а вось гэткая «хвароба» нечым смачненькім лечыцца ці не? Можа, хто ведае?

Софія КУСЯНКОВА

в. Лучын 

Рагачоўскі раён


Кавай сыты не будзеш, альбо Як мужык пазайздросціў пеўню, і што з таго атрымалася

У праўдзівасць гэтай гісторыі людзі маладыя могуць не паверыць, затое старэйшыя, тыя, хто помніць цяжкія дзевяностыя з нашымі пустымі кашалькамі ды прылаўкамі, як мне здаецца, проста ўздыхнуць ды скажуць, што кожны тады выкручваўся, як мог, а таму — хапала ўсякага.

...Сцяпан з жонкай Маняй жылі, як іншыя: вёска, гаспадарка, дзве пенсіі — хай невялікі, але ж «капітал». У іхніх дачок і таго не было: абедзве засталіся без работы ды ў горадзе, з падлеткамі-дзецьмі...

Бацькі дапамагалі, чым толькі маглі: трымаючы карову, цялушку, двух парсюкоў ды цэлую птушкаферму, купілі яшчэ і каня. Да сонца ўставалі, цямком лажыліся, але кожны тыдзень маглі адвезці дочкам па вялізнай сумцы з харчамі.

Трэба сказаць, што дарога з імі, з тымі поўнымі сумкамі (ды назад з пустымі), была няблізкая, і Маня (а найчасцей «гуманітарку» вазіла яна, бо хацела паглядзець на ўнукаў) з'язджала ў горад з начлегам. Сцяпан заставаўся на гаспадарцы. Так яны і жылі б, але...

Пустую хату ў іх пад бокам купіла ну вельмі цікавая «сталічная штучка»! І гараджанка ж як быццам, а за справу ўзялася ўсур'ёз: двор прыбрала, вокны пафарбавала, градак нарабіла (Сцяпан са сваім канём гарод узараў), а ўжо кветак насадзіла... І сама зацвіла — ну як тая кветка! У капялюшыку, у акулярыках ды ў ружовым купальнічку то нешта палола, то прарывала, то палівала і загарала.

Малюнак Анатоля Гармазы.

Карацей, убачыўшы тое ўпершыню, Сцяпан ледзь з даху не зваліўся (лазіў туды канёк паправіць) і... захварэў: розум страціў — дык гэта дакладна! Як магнітам яго стала цягнуць да плота суседкі, каб хоць трошкі паглядзець, што яна там робіць ды ў што прыбралася?

Жонку яго — худую, касцістую (вясковая мянушка Стрэмка) — уборы ніколі не цікавілі: усё жыццё прахадзіла ў спадніцы ў складку, і Сцёпу ўжо даўно не цікавіла, як яна здымаецца-надзяваецца. А вось строі суседкі...

Яна, як любая жанчына, была ўсцешана ўвагай такога заможнага вяскоўца і ўсё часцей прасіла яго то веснічкі паправіць, то слупок замяніць, то межы скасіць... Каву тады прыносіла (нават з дамашнім печывам) і, частуючы, так пяшчотна кранала яго за руку...

І ён бы... Яшчэ і як! Вочы гарэлі! Але ж... Быў старэйшы — нашмат. Баяўся. Адвык... Дома пазіраў на пеўня сярод курэй ды зайздросціў: таму, здавалася, хоць дваццаць, хоць трыццаць штук — ён з усімі справіцца! І прытым штодня!

...Волас сівее, галава шалее: недзе чуў Сцяпан, што робяць пераліванне крыві, што тая, новая, можа ўратаваць нават жыццё.

Ягонае, як тады здавалася, было ў небяспецы, а таму аднойчы пакіраваў чалавек у мясцовы ФАП да фельчаркі. Яна, Адамаўна, ужо на пенсію даўно сышла б, але моладзь у вёску не ехала, а значыць ёй звальняйся — не звальняйся — людзі ўсё роўна будуць ісці...

Вось і Сцяпан, «захварэўшы», з'явіўся: проста ўмольваць стаў — пад вялікім сакрэтам і, вядома ж, за добрую плату — дапамагчы яму: пераліць крыві ад... маладзенькіх пеўняў.

Пачуўшы гэта, Адамаўне вельмі цяжка было ўтрымацца ад смеху, яшчэ цяжэй — потым згадзіцца. Але ж і саму яе даймалі розныя хваробы — гаспадаркі не мела, у краме — хіба пернікі ды бярозавы сок, а дома — кватарантка Танечка, якая прыехала-ткі працаваць на ФАП і яшчэ не ведала, застацца альбо ўцячы?

Сцяпан жа — хоць скупец яшчэ той — абяцаў прыносіць і секчы пеўнікаў... Значыць, ежы будзе ледзь не на тыдзень, а пераліць яму добра і глюкозу.

...На тым і паразумеліся. Маня па-ранейшаму ездзіла ў горад да дачок, Сцёпа хадзіў на ФАП (у вёсцы казаў, што трэба падлячыць сэрца) і пасля кожнай працэдуры істотна мяняўся: маладзеў, чысценька галіўся, прыбіраўся ў светлыя кашулі... А ўрэшце (і шчаслівы-шчаслівы!) прыйшоў да Адамаўны дамоў з царскай залатой пяцёркай і вялікім кавалкам сала, пахваліўся, што ўсё ў яго атрымалася!

...Але ж праўду ў народзе кажуць, што каханне як кашаль — яго не схаваеш. Нехта нешта ўбачыў, потым шапнуў Сцяпанавай Мані, і тая, з'ехаўшы ў горад, не засталася нанач у дачкі, а пад раніцу вярнулася дамоў.

Мужа нідзе не было. Зазірнула ў двор да суседкі, — Сцёпа на ганку стаіць, пацягваецца...

Шум тады на ўсю акругу падняўся! Маня крычала, кляла суседку, біла ёй вокны...

Сцёпа — адразу ўцёк. Праўда, не з дому: трохі пазней, аказаўшыся перад нялёгкім выбарам: палюбоўніца альбо дочкі, унукі, жонка, ён застаўся пры сваіх — выбраў-ткі сям'ю!

Зрэшты, людзі казалі, што не столькі яе, колькі сваю гаспадарку, бо дома ж было ўсё, а суседчынай кавай сыты не будзеш.

Ніна КАНДРАШОНАК

г. Петрыкаў

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.