Вы тут

Запланавалі і... правалілі


Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці правёў маніторынг ходу мадэрнізацыі на прадпрыемствах рэгіёна.

На роўным месцы

Толькі пасля ўмяшання старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры ў сітуацыю з адкрытым акцыянерным таварыствам «Карэлічы-Лён» вырашылася праблема, якая, паводле ацэнкі Камітэта дзяржаўнага кантролю, была створана на роўным месцы.
Здавалася б, да мадэрнізацыі на прадпрыемстве як след падрыхтаваліся: усё пралічылі, атрымалі згоду на інвестыцыі — 99 мільярдаў рублёў крэдытных сродкаў. З гэтай сумы 49 млрд руб. летась асвоілі, а далей трэба было пабудаваць вытворчы будынак, завезці і зманціраваць лінію і распачаць выпуск прадукцыі. Аднак... Да правядзення Камітэтам дзяржкантролю праверкі на прадпрыемстве не атрымалі дазвол на будаўніцтва, не прадаставілі ў банк належным чынам аформленыя дакументы для фінансавання. Хаця яшчэ ў маі, згодна з дагаворам, павінны былі завезці лінію. У выніку тэрміны ўводу аб'екта сарваныя (вытворчага будынка няма, лінія не завезена), а ўкладзеныя летась грошы аказаліся замарожанымі.

На што разлічвалі?

Асобныя прадпрыемствы да планаў мадэрнізацыі паставіліся фармальна, заяўленыя аб'ёмы інвестыцый не падмацаваны адпаведнымі разлікамі, сведчыць маніторынг Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Напрыклад, Наваельнянскім камбінатам хлебапрадуктаў на сёлетні год заяўлены 183 мільярды рублёў інвестыцый на праект стварэння птушкакомплексу па вырошчванні і перапрацоўцы мяса індычкі. У сваю чаргу, асваенне сродкаў (адчуйце розніцу!) склала ўсяго... 15 мільёнаў рублёў — гэта кошт распрацоўкі бізнес-плана. Які ж сэнс быў у вышэйзгаданай заяўцы, калі адсутнічае архітэктурны праект, не праводзіліся маркетынгавыя даследаванні і ацэнка рынкаў збыту прадукцыі? Хаця выканаць гэта можна і трэба было раней, паколькі будаўніцтва комплексу прадугледжвалася праграмай развіцця птушкагадоўлі ў 2011-2015 гадах, зацверджанай пастановай урада. Чаго чакалі?
Падобная сітуацыя на Дзятлаўскім вінна-гарэлачным заводзе, дзе асвоена толькі 699 мільёнаў рублёў з заяўленага на сёлетні год аб'ёму інвестыцый 10,4 мільярда рублёў.

Канкурэнты не спяць

Цяпер у ААТ «Мастоўдрэў» рэалізуецца праект па арганізацыі вытворчасці драўнінавалакністых пліт. Прычым трэба мець на ўвазе магчымыя праблемы са збытам тавару ў сувязі са стварэннем у краіне аналагічных вытворчасцяў з агульным аб'ёмам прадукцыі, які ў 2,5 раза перавысіць патрэбнасць нашага ўнутранага рынку. А выхад на экспарт звязаны з высокай канкурэнцыяй з боку расійскіх, нямецкіх і іншых вытворцаў. Пры гэтым замежным прадпрыемствам «Кронаспан» у Смаргоні ўжо рэалізаваны інвестпраект па вытворчасці драўнінавалакністых пліт, а праект у Мастах у лепшым выпадку завершыцца ў канцы наступнага года.
Вядома, можна пажадаць мастаўчанам поспеху ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. А таксама нагадаць, што мы ўжо маем перанасычэнне рынку вырабаў з ячэістага бетону, у выніку чаго сёння працуюць са стратамі Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў і прадпрыемства «Смаргоньсілікатабетон». Хаця аб гэтым Камітэт дзяржаўнага кантролю папярэджваў Мінбудархітэктуры яшчэ ў 2009 годзе.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.