У 1959 годзе на савецкія кінаэкраны выйшаў гераічна-патрыятычны фільм «Гадзіннік спыніўся апоўначы», створаны на кінастудыі «Беларусьфільм». У ім распавядаецца пра самаахвярную барацьбу беларускіх падпольшчыкаў і партызанаў у час Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўдныя падзеі, што разгортваліся ў акупаваным Мінску, ляглі ў аснову мастацкай кінастужкі. Ноччу на 22 верасня 1943 года ў сваёй рэзідэнцыі быў узарваны гітлераўскі стаўленік — генеральны камісар па Беларусі Вільгельм Кубэ. Арганізатарам знішчэння фашысцкага гаўляйтара выступіла Марыя Осіпава, кіраўнік адной з першых мінскіх падпольных груп і партызанская сувязная. У падрыхтоўцы аперацыі ўдзельнічалі падпольшчыкі Мікалай Дрозд, Надзея Траян, камандаванне партызанскага атрада «Дзіма», адкуль Осіпава прынесла магнітную міну ў горад.
Здзейсніла прысуд беларускага народа Алена Мазанік, якая працавала служанкай у гаўляйтарскім доме. Яе асоба стала правобразам кінагераіні Марыны Казаніч. Па задуме стваральнікаў у канву кінастужкі арганічна ўведзена песня. Яна перадае асноўную ідэю не толькі мастацкага твора, але і жыцця кожнага з нас, існавання ўсёй грамады. Толькі родная зямля з'яўляецца духоўным і фізічным апірышчам для ўсіх сваіх насельнікаў. Любоў да яе гартуе волю жыхароў, выкрышталізоўвае іх грамадзянска-патрыятычныя пачуцці, натхняе на подзвігі. І толькі праз спеў можна выказацца пра непадзельнасць свайго лёсу з родным краем, пра святое пачуццё любові да яго.
Вакальны твор, які напісалі кампазітар Ісак Любан і паэт Адам Русак, атрымаў назву ад імя выканаўцы — галоўнай гераіні фільма — і перасягнуў межы экрана, набыў самастойнае жыццё. «Песню Марыны» спявалі беларускія і рускія артысты. Цяпер яе вельмі эмацыйна папулярызуе вядомы спявак Алег Сямёнаў.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.
Верш Адама Русака
Не магу я знайсці тое слова,
Каб красу расказала тваю.
Не магу я знайсці тое слова,
Каб любоў расказала маю.
Не магу параўнаць цябе з зоркай —
Днём не свеціць яна над зямлёй.
Не магу параўнаць цябе з кветкай —
Не цвіце ў садзе кветка зімой.
Музыка Ісака Любана
Не магу параўнаць я і з сонцам
Тваіх ясных, агністых вачэй, —
Бо не свеціць і сонца з нябёсаў
Яркім светам у цемры начэй.
Толькі з песняй цябе параўнаю,
Што у сэрцы сваім берагу.
Тую песню я вечна спяваю,
Без той песні я жыць не магу.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».