Вы тут

Пражыць зіму без пажару


Дзве траціны здарэнняў з лятальным зыходам адбываюцца з кастрычніка па сакавік

 Пік пажараў у зімовы час у краіне прыпадае на два першыя месяцы — снежань і студзень. Яно і не дзіўна: гэта пара халадоў, доўгіх святаў, школьных канікул, да таго ж, вельмі кароткі светлавы дзень...

— З-за гэтага людзі праводзяць усё больш часу дома, — гаворыць начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Рафальскі. — Пры гэтым вольны час яны бавяць з дапамогай разнастайных электрычных прыбораў. Не сакрэт, што нагрузка на энергасеткі ўзрастае з года ў год. Асабліва гэта важна для дамоў, у якіх праводка не мянялася з часоў пабудовы на працягу трыццаці-сарака гадоў і таму элементарна не разлічаная на вялікія нагрузкі. Калі раней асартымент электрычных прыбораў

звычайна абмяжоўваўся халадзільнікам, тэлевізарам ды магнітафонам, то цяпер у штодзённы побыт стала ўвайшлі і камп'ютары, і печы ЗВЧ, і пральныя машыны-аўтаматы... І часта ў адну разетку падключаецца некалькі такіх «пражэрлівых» прылад. Але ніводная сетка гэтага не вытрымае. Калі-нікалі для пажару хапае ўключэння ў адну разетку халадзільніка і абагравальніка. Больш за тое, сучасная кватэра літаральна нашпігавана рознымі сінтэтычнымі рэчывамі. Людзі гінуць часта не з-за агню, а з-за таго, што атручваюцца прадуктамі гарэння.

На 25 лістапада ў краіне здарылася 6114 пажараў, у якіх загінулі 636 чалавек, з іх 13 дзяцей.

Несумленныя гаспадары кватэр і дамоў карыстаюцца «жучкамі». Гэта кусок дроту, які замест засцерагальніка ставіцца ў электралічыльнік. Пры аварыйнай нагрузцы звычайная плаўкая ўстаўка спрацуе, і пажару не адбудзецца. А вось «жучок» лічыльнік не выбівае. Калі ж па провадзе ідзе ток, параметры якога перавышаюць намінальныя, то пачынае разбурацца ад высокай тэмпературы ізаляцыя. Пра далейшы ход падзей доўга гадаць не трэба...

Агулам жа па стане на 25 лістапада ў краіне сёлета здарылася 6114 пажараў, у якіх загінулі 636 чалавек, з іх 13 дзяцей. Аналіз паказвае, што дзве траціны пажараў з лятальным зыходам адбываюцца з кастрычніка па сакавік. У групе рызыкі, як правіла, пенсіянеры ды непрацуючыя аматары алкаголю, якія да таго ж любяць курыць у пасцелі. Зачастую яны пагражаюць такімі паводзінамі і бяспецы сваіх суседзяў.

— Хачу прывесці тыповы прыклад з жыцця, — згадвае Уладзімір Рафальскі. — У прыватным доме за сценкай жыве сусед, які існуе па прынцыпе «напіўся-закурыў». А калі пажар здараецца і прыязджаюць ратаўнікі, якія ўзломліваюць дзверы, выцягваюць небараку, то чуюць ад яго здзіўленае пытанне: «А чаго вы прыехалі?..» І вось пастаўце сябе на месца суседзяў, якія не адзін год вымушаны жыць нібыта на бочцы з порахам...

Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі выратавалі за 12 гадоў каля 2 тысяч чалавек.

Далучыцца ж да прафілактычных мерапрыемстваў зможа кожны чалавек. Так, 29 лістапада ў месцах, дзе збіраецца шмат людзей, пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў. Перад гледачамі выступяць актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных, пакажуць тэматычныя фільмы, пройдуць разнастайныя віктарыны... Удзельнікаў чакаюць не толькі падарункі, але і шмат іншых сюрпрызаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.