Вы тут

Як камунальнікі наводзяць чысціню і стымулююць выконваць правілы


Прыйшла вясна, з-пад снегу паказаліся недакуркі, пластыкавыя бутэлькі і іншае смецце... Думаеце, смешна? А вось работнікам камунальных службаў зусім не да смеху. І калі гараджане часам не заўважаюць іх штодзённай працы, а то і наракаюць на яе якасць, то вельмі хутка заўважаць яе адсутнасць, калі, напрыклад, у двары не будуць прыбірацца хоць бы тыдзень.


Рамонт дарог — па конкурсе

Між тым адказнасць за беспарадак на вуліцах і ў пад'ездах нясуць перадусім не камунальнікі, а мы самі, грамадзяне, кідаючы іншы раз паперку міма сметніцы. Таму камунальныя службы заклікаюць мінчан не толькі не смеціць, але і дапамагаць у прыборцы. Асаблівая дапамога жыхароў патрэбна цяпер, падчас месячніка па добраўпарадкаванні, які праходзіць у сталіцы з 15 сакавіка да 15 красавіка.

— На сённяшні дзень прыведзена ў парадак больш за 40% тэрыторый. Нягледзячы на ўмовы надвор'я, запланаваныя работы мы выконвалі, — паведаміла выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Марына МАЛАЕВА.

Сярод запланаваных мерапрыемстваў — ямачны рамонт дарог, пасадка дрэў, рамонт дзіцячага гульнявога абсталявання.

Усе раёны сталіцы абвясцілі конкурсы на выбар падрадных арганізацый па ямачным рамонце дарог. Конкурсы ўжо правялі Першамайскі і Цэнтральны раёны, на падыходзе Фрунзенскі.

— Мы заяўляем аб'ёмы грошай, якія ў нас ёсць, і людзі, што ўдзельнічаюць у электронных таргах, канкурыруюць паміж сабой, — патлумачыла намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Галіна ГІЛЕВІЧ.

Сёлета горад мае патрэбу ў рамантаванні амаль 129 тысяч кв. м дарог. З пачатку месячніка па добраўпарадкаванні выкананы ямачны рамонт 8,6 тысячы кв. м
асфальтабетоннага пакрыцця. Усяго падчас месячніка плануецца адрамантаваць больш за 11,8 тысячы кв. м вулічна-дарожнай сеткі. Таксама адрамантуюць тратуары, ад пяску і смецця ачысцяць больш за 22 млн кв. м дарог, расказаў намеснік генеральнага дырэктара Гаррамаўтадара Мінгарвыканкама Анатоль ЖАМОЗДЗІК.

У Мінску вядзецца работа па мыйцы, рамонце і афарбоўцы прыпыначных навесаў, лавак і ўрнаў. Акрамя таго, дарожнікі праводзяць вонкавы агляд сетак дажджавой каналізацыі. Падчас месячніка ў сталіцы прывядуць у парадак чатыры падземныя пешаходныя пераходы, а таксама 20 мастоў і пуцеправодаў.

Нашы дзеці, сабакі, машыны...

Вялікую занепакоенасць у спецыялістаў выклікае стан месцаў агульнага карыстання пасля зімы.

— Вы ўсе жыхары Мінска, бачыце, у што ператварыліся за зіму месцы пад вокнамі і балконамі. Гэта жахліва! Там стала менш смецця ў выглядзе пластыкавых бутэлек, але што датычыцца курэння — гэта недапушчальна. Самае страшнае, што з-за выкідвання недакуркаў з балконаў адбываюцца пажары, — звярнула ўвагу Галіна Гілевіч.

Паралельна з месячнікам па добраўпарадкаванні ў сталіцы аглядаюць інжынерныя сеткі, канструкцыйныя элементы дамоў, а таксама дзіцячых пляцовак.

— Візуальна дзіцячае абсталяванне трэба аглядаць штодня на прадмет вандальных дзеянняў і ўзроставага выкарыстання. Бяспека нашых дзяцей — справа не толькі работнікаў жыллёвых арганізацый, але і бацькоў, — нагадала Галіна Гілевіч.

Яна расказала, што планаў па ўстаноўцы новага дзіцячага абсталявання няма (можна толькі мяняць і рамантаваць старое). Але калі ў жыхароў узнікне жаданне набыць новыя прылады для дзіцячай пляцоўкі, яны могуць звярнуцца ў жыллёвую службу і за свае грошы закупіць абсталяванне.

У дварах сочаць не толькі за чысцінёй і станам малых формаў, але і за аўтамабілямі жыхароў. Выяўляюць неэксплуатаваныя аўто ці машыны ў дрэнным стане. Адметна, што аўтахламу на вуліцах Мінска з кожным годам становіцца менш. Летась у сталіцы выявілі 1075 безгаспадарных аўтамабіляў. З іх прыведзена ў парадак больш за 570, утылізавана — звыш 330. Згодна з заканадаўствам, усе ўладальнікі кінутых аўто атрымліваюць паведамленне аб неабходнасці на працягу 30 дзён перамясціць транспартны сродак на ахоўную стаянку, прывесці ў належны стан альбо ўтылізаваць. Калі ўласнік не аб'явіўся, службы ЖКГ маюць права ў прымусовым парадку перавезці аўтахлам на ахоўную стаянку. Там кінуты аўтамабіль можа знаходзіцца да трох месяцаў, затым ён прызнаецца безгаспадарным і знішчаецца. Аплаціць выдаткі па яго эвакуацыі і захоўванні прыйдзецца ўладальніку, прычым спагнаць плату з яго могуць у судовым парадку.

Апроч таго, у раёнах сталіцы праводзяцца акцыі па маніторынгу працэсу выгулу сабак. Іх гаспадароў знаёмяць з правіламі, нагадваюць, што за гадаванцам трэба прыбіраць. У выпадку парушэнняў правілаў на гаспадароў жывёл складаюць пратаколы: штраф можа дасягнуць пяці базавых велічынь. На сённяшні дзень у Мінску існуюць 49 пляцовак і 69 месцаў для выгулу сабак. Намеснік гендырэктара МГЖГ не адмаўляе: гэтага недастаткова, але за кошт будаўніцтва і ўшчыльнення горада колькасць такіх месцаў скарацілася.

seradzyuk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Генеральная прыборка

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.