Моцны снегапад, які прынёс у Беларусь чарнаморскі цыклон, пачаўся ў Віцебску яшчэ 26 лістапада. Такіх ападкаў напрыканцы восені віцябчане не памяталі ўжо даўно, 30 лістапада максімум вышыні снежнага покрыва быў зафіксаваны ў пасёлку Езярышча, ён дасягаў амаль 40 сантыметраў. У горадзе на Дзвіне вышыня гурбаў склала трохі менш за 34 сантыметры, і гэта ракорд: толькі ў 1988 годзе ў апошні дзень восені Віцебск пакрыўся 30-сантыметровым покрывам.
Цыклон «Філ» паўночная сталіца сустрэла аранжавым узроўнем бяспекі. У барацьбе са снегам на гарадскіх вуліцах і дварах былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі ўсіх суб’ектаў гаспадарання. За дзённую змену камунальшчыкі вывозілі каля 700 кубоў снегу. У актыўным рэжыме працавалі работнікі «Гардармоста»: 11 пяскараскідальнікаў апрацоўвалі сумессю дарогі, восем адзінак снегаачышчальнікаў, трактароў і машын расчышчалі пешаходныя пераходы, міжквартальныя праезды. ЖРЭТамі абласнога цэнтра на прыборцы дваровых тэрыторый было задзейнічана каля 220 чалавек, а таксама 18 адзінак тэхнікі. Работнікі камунальных службаў рупіліся на прыдамовых тэрыторыях з шасці гадзін раніцы да позняга вечара. Тэхніка, не паспяваючы за падарункамі нябеснай канцылярыі, працавала ў кругласутачным рэжыме, выязджаючы калонамі ноччу.
Зразумела, што камунальных рэсурсаў для ліквідацыі ападкаў ва ўсім горадзе не хапіла. На дапамогу выйшлі многія жыхары, расчышчаючы двары і стаянкі для аўтамабіляў. На выпадак моцных снегападаў 11 жыллёва-эксплуатацыйных упраўленняў горада гатовыя выдаць у бясплатнае карыстанне інвентар, яго можна атрымаць у ЖЭУ па месцы жыхарства. «Хто дапаможа яшчэ, як не ты сам» — стала для віцябчан крэда на апошнія лістападаўскія і першыя снежаньскія дні.
Дапамагчы свайму гораду на асабістым прыкладзе прапанаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Губернатар запусціў відэачэлендж #прыбіраемснег і заклікаў гараджан унесці свой уклад у барацьбу са стыхіяй. За суткі да снежнага трэнду падключыліся намеснік старшыні аблвыканкама Аляксей Героеў, «Радыё Віцебск», работнікі Цэнтра культуры «Віцебск», члены Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў, студэнты і выкладчыкі ВДУ імя П. М. Машэрава, старшыні Браслаўскага і Гарадоцкага райвыканкамаў Вячаслаў Грышчанка і Ірына Палякова, супрацоўнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, хакейны клуб «Віцебск», міліцыянеры і іншыя.
Жыхары густанаселеных мікрараёнаў горада таксама не засталіся ўбаку. У ТікТок з’явіўся ролік, дзе мужчына з акна шматпавярхоўкі здымае суседзяў, якія талакой выйшлі расчышчаць вуліцу, і пытаецца, ці ёсць у іх свабодная лапата. На адказ, што іх тут яшчэ некалькі і ўсім хопіць, герой роліка абяцае адправіць на дапамогу... сваю жонку, якая гатуе яму вячэру. Вось так лёгка і з гумарам нашы людзі, як і заўсёды, пераадольваюць складанасці, выкліканыя надвор’ем.
Не першы год зімовай парой на дапамогу пажылым людзям, ветэранам і тым, хто пражывае адзін, прыходзяць актывісты БРСМ. Сёлета, як і ў мінулым годзе, абласны камітэт у канцы лістапада адкрыў прамую гарачую лінію па нумары 8(0212)66-20-71, на якую па дапамогу могуць звярнуцца пажылыя людзі горада Віцебска. Раённыя камітэты БРСМ па ўсёй вобласці таксама прымаюць званкі з 8.30 да 17.00 у працоўныя дні.
Як расказалі ў абкаме, у першыя заснежаныя дні штодзень каля 80 валанцёраў выходзілі на расчыстку прыдамовых тэрыторый, тратуараў і памятных месцаў. На дапамогу людзям, якім не пад сілу самастойна прыбіраць свае ўчасткі, выязджаюць маладзёжныя валанцёрскія дэсанты з ліку школьнікаў і студэнтаў. Такія каманды ўжо высадзіліся ў Віцебскім раёне. Старасельскія школьнікі аказалі дапамогу ветэрану педагагічнай працы Маргарыце Юшкевіч. Сенненскія актывісты прыбіраюць ад снегу воінскія пахаванні. Падключылася да «Эстафеты дабра» моладзь Докшыцкага раёна — навучэнцы Бягомльскай сярэдняй школы працавалі на мемарыяльным комплексе «Шунеўка». Званкі працягваюць паступаць і цяпер, калі сітуацыя ў паўночным рэгіёне больш-менш стабілізавалася.
У населеных пунктах вобласці яшчэ больш складана. Асабліва ў першыя дні цыклону. Ужо не першую зіму асабліва небяспечным становіцца ўчастак трасы Віцебск — Жыгалава Віцебскага раёна. Уздоўж вёсак Кавалькі, Какоры, Міхалі вецер стварае на дарозе перамёты. ДРБУ-144, якое адказвае за дадзены ўчастак, сваю работу па расчыстцы выконвае, але гэтага аказваецца недастаткова. Аўтамабілісты вымушаны ездзіць па адной паласе руху, у некаторых месцах — пад гару, што стварае аварыйную сітуацыю. Саступіць сустрэчнай машыне паласу і перачакаць на абочыне немагчыма — яны ўяўляюць сабою кашу са снегу і пяску. Яшчэ горшая сітуацыя ў некаторых вёсках.
Жыхарка Пестуніцы Наталля Шумілава на тыдзень аказалася заблакіраванай у сваім доме. Цыклон за ноч і дзень засыпаў вуліцу Заазёрную, у выніку чаго яна стала непраязной не толькі для легкавых аўто, але і для грузавой машыны для збору смецця. На заяўку ў службу 115 ЖРЭП Віцебскага раёна адрэагаваў толькі праз чатыры дні, калі ў жанчыны скончыліся хлеб і малако. Цяпер сітуацыя стабілізавалася, усе вуліцы расчышчаны, а вось дарога да вёскі яшчэ застаецца праблемнай для праезду.
Падобныя складанасці зімой узнікаюць у многіх населеных пунктах, а аддаленыя вёскі, дзе пражываюць некалькі пажылых людзей, нярэдка застаюцца адрэзанымі. Добра, што ў некаторых вёсках, як у Пестуніцы, ёсць гаспадары са сваімі трактарамі, якія самастойна расчышчаюць вуліцы аднавяскоўцам. Але нават такая тэхніка не можа праехаць усюды.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота з ТК Віцебскай вобласці і «Витебские вести»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.