Вы тут

Генадзь Ояр. Прысвячэнне Францыску Скарыну


«Францыск Скарына быў з тых, першых, хто, кажучы сучаснымі словамі, стварыў стартавую пляцоўку для рыўка чалавецтва ў ягоную неабсяжную будучыню», — напісаў шмат гадоў таму ў эсэ «Подзвіг Францыска Скарыны» Уладзімір Караткевіч. Многія і многія паэты, празаікі, драматургі ўславілі зробленае, здзейсненае беларускім першадрукаром. Зорка Скарыны відаць і нашым сябрам з іншых старонак. Народны паэт Рэспублікі Марый Эл (Расійская Федэрацыя) Генадзь Ояр у пярэдадзень 500-годдзя беларускага кнігадрукавання напісаў сваё «Прысвячэнне Францыску Скарыну». А пераўвасобіў выкладзены марыйскі погляд на нашага велічнага суайчынніка лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. Дарэчы, Генадзь Ояр з цікавасцю ставіцца да беларускай літаратуры, беларускай паэзіі. Рыхтуе зараз вялікую падборку перакладаў твораў сучасных майстроў мастацкага слова з Беларусі. Пераклаў марыйскі пісьменнік на сваю родную мову і славуты верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...». Памятаеце яго канцоўку: «Нашто ж на зямлі/ Сваркі і звадкі, боль і горыч,/ Калі ўсе мы разам ляцім/ Да зор?»...

Будзем спадзявацца на працяг сяброўства марыйскага паэта Генадзя Ояра з беларускай паэзіяй, беларускімі паэтамі. Зварот да Скарыны і Багдановіча абавязвае да гэтага.

Мікола Берлеж


Генадзь ОЯР,

народны паэт Рэспублікі Марый Эл

ПРЫСВЯЧЭННЕ ФРАНЦЫСКУ СКАРЫНУ

Той змрочны век хаваў не раз, было,

Ў нябёсах — сонца, а ў душы — святло...

Ды на зямлю прывёў наступнік-дзень

Тых, у каго ў грудзях — жывы агмень.

Яны пачулі Божы сказ з нябёс,

Яны зямлі змаглі з'іначыць лёс,

Сагрэць народ сваёй душы цяплом:

Хай будучыня зорыцца святлом!

Скарыны сэрца — сонцам узышло,

Зямлі айчыннай Слова моц дало:

Ён кніжнай праўдай асляпіў нявер,

Высокай зоркай ззяе і цяпер.

Ён акрыліў хаду зямных падзей,

Яго імя — на вуснах у людзей.

Да новай славы, да святлынь-яснот

Вядзе і сёння родны свой народ!

З марыйскай. Пераклад Міколы Мятліцкага

Загаловак у газеце: Памкненні да святлынь-яснот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.