Вы тут

Баяніст Аляксандр Кашалапаў пачаў выступаць у пяцігадовым узросце


Першыя выступленні на канцэртах пачаліся для Аляксандра Кашалапава ў пяцігадовым узросце. Так і павялося, што куды б ні скіраваўся хлопец, музыка пастаянна яго суправаджала: дома, у школе, у арміі, на працы. У родным пасёлку дзеці ведаюць яго як настаўніка музыкі, а ў Жлобінскім раёне ні адно свята не абыходзіцца без баяніста-віртуоза. Да чаго прыводзяць выпадковасці і чаму вёска яму мілейшая за горад, мы распыталі ў музыкі з глыбінкі.


— Адкуль прыйшло захапленне баянам?

— Колькі сябе памятаю, маці, Любоў Трыфанаўна, увесь час на ім іграла. Часта і мяне брала на выступленні. Адзін з першых дзіцячых успамінаў: стары клуб, я на сцэне нешта спяваю, а маці побач акампануе на баяне. Мне гэта страшэнна падабалася. Усе школьныя гады прайшлі з выступленнямі, нядзіўна, што я з пятага класа ведаў, што звяжу сваё жыццё з музыкай. Потым у Пірэвічах — вёсцы, дзе мы жылі, — пабудавалі дзіцячую музычную школу і мама стала яе першым дырэктарам, а я вучнем.

— Дзе, акрамя Пірэвічаў, атрымлівалі акадэмічныя веды?

— Пасля школы паступіў у Гомельскі каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага. Нядаўна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у Мінску, толькі займаўся там не па асноўнай спецыяльнасці — баян, а па кірунку харавых народных спеваў. Пасля каледжа прыйшоў настаўнікам у Пірэвіцкую дзіцячую музычную школу, працаваў паўгода, а потым мяне забралі ў армію. Служба праходзіла... з музыкай. Служыў у каменданцкай роце, іграў у аркестры на барабанах, спяваў, а паколькі ваенны аркестр немагчыма ўявіць без трубы, то давялося асвойваць і гэты інструмент.

— Музыкантам у войску былі паслабленні?

— Ніякага асаблівага стаўлення, паменшанай нагрузкі не было. Хаця, лічу, мне пашчасціла, бо салдаты, як правіла, знаходзяцца толькі ў межах сваёй воінскай часці, бачаць адны і тыя ж твары. А мы з сябрамі выязджалі на канцэрты ў горад, мелі зносіны з людзьмі, наколькі гэта было магчыма.

— З дзецьмі займаецеся па кірунку ўлюбёнага баяна?

— У мяне яшчэ ёсць пасведчанне на акардэон, так што, калі спатрэбіцца, магу дзеля справы прыгадаць патрэбныя навыкі. Наша музычная школа невялікая, усяго чатыры педагогі.

— Два гады на Гомельшчыне выступае дуэт «Брава» з вашым удзелам. Як з'явілася ідэя яго стварэння?

— Можна сказаць, адбылося ўсё выпадкова. Калега Віктар Анатольевіч Кісялеўскі лічыўся сярод выкладчыкаў музычнай школы чалавекам спакойным, але аказаўся аматарам канцэртнага жыцця. Ён раней іграў на баяне «мінусоўкі», а аднойчы прапанаваў мне разам выканаць «Лібертанга». Потым яшчэ колькі кампазіцый ігралі дуэтам. Ён старэйшы за мяне, але паразумеліся і спрацаваліся добра. Так і ўзнік дуэт баяністаў «Брава».

Цікава назіраць, як успрымаюць нас упершыню гледачы. У пачатку, калі толькі выходзім на сцэну, насцярожана. Але потым, пасля першых кампазіцый відаць, што застаюцца цудоўныя ўражанні, людзі часта танцуюць пад музыку, а пасля канцэрта некаторыя падыходзяць і дзякуюць. Гэта адначасова і прызнанне, і ўзнагарода — выступленні ў нас толькі на энтузіязме і добраахвотным пачатку.

— А наколькі часта адбываюцца «гастролі»?

— Запрашаюць ледзь не на кожны канцэрт у Жлобіне, часам бываем у іншых раёнах ці нават на абласных святах. Нядаўна выступалі на Дні вёскі, удзельнічалі ў раённых «Дажынках». Здараецца, знаёмыя, аднавяскоўцы просяць сыграць на сямейным свяце...

— На сцэну вы трапілі раней, чым пайшлі ў школу. За гэты час паспелі паўдзельнічаць у мностве конкурсаў, сталі лаўрэатам жлобінскага музычнага фестывалю «Калядная лесвіца», дыпламантам рэспубліканскага фестывалю «Беларусь — мая песня». Які ўспамін з гэтых выступленняў для вас найбольш дарагі?

— Удзел у «Каляднай лесвіцы». Прыгадваецца яшчэ музычны нумар на свяце для ветэранаў, калі вучыўся ў 11 класе. Я тады іграў і спяваў «По полю танки грохотали». Уразіла, што пасля заканчэння некаторыя гледачы падышлі, каб паціснуць руку.

— Не задумваліся, што ў горадзе жыць прасцей?

— Неяк мне прапаноўвалі працу ў Жлобіне, але пераязджаць не стаў. Не люблю перамены, мне цяжка пакідаць абжыты, утульны дом і перабірацца на новае месца. Калі б была такая патрэба, то пераехаў бы бліжэй — і толькі. Жыць усё роўна хачу ў вёсцы. Пакуль вучыўся ў Мінску, мог ацаніць перавагі жыцця ў кватэры, але зразумеў, што не пераношу грукату і мітусні. Так што для мяне самы лепшы варыянт стасункаў з горадам — час ад часу бываць там, калі трэба нешта купіць.

— Як праводзіце вольны час? Рыбалка, паляванне?

— Такія заняткі не цікавяць. Летам гуляю ў футбол, зімой, калі замярзае возера, ладзім з сябрамі спаборніцтвы па хакеі. Наогул, з прыхільнасцю стаўлюся да ўсяго, што звязана са спортам, акрамя шахмат і шашак. Ну і сачыць за трансляцыямі матчаў люблю, у нас нават з жонкай адбываюцца штораз тыповыя спрэчкі, калі займаю месца перад тэлевізарам. З Аленай у нас двое дзяцей, калі дурэю з сынам і дачушкай, адчуваю, што шчаслівы. Мару, што аднойчы яны будуць побач на сцэне і я таксама буду акампанаваць ім на баяне, як гэта калісьці было ў маім дзяцінстве.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жыццё пад акампанемент баяна

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.