Рэпартаж з Усебеларускай маладзёжнай будоўлі
Аб'ектам першай беларускай атамнай электрастанцыі, што ўзводзіцца ў Астраўцы, сёлета, згодна з прэзідэнцкім указам, быў нададзены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Цяпер удзел у стварэнні энергетычнага комплексу студэнцкія атрады могуць браць больш актыўна. Як прайшла іх сёлетняя вахта? Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, студэнты, што працавалі на АЭС, ужо раз'ехаліся па дамах. Але мы яшчэ заспелі будатрадаўцаў на працоўных месцах і цяпер дзелімся сваімі ўражаннямі.
200 хлопцаў і... 5 дзяўчат
Вялізны ангар памерам з некалькі футбольных палёў. Па ўсёй шырыні — рэйкавыя краны, якія бесперапынна рухаюцца. Гукі працуючых піл, стук кувалдаў, галасы людзей — усё гэта зліваецца ў адзіны працяглы грукат, знаходзіцца ў якім у першыя хвіліны цяжка. На планах будаўніцтва АЭС гэты ўчастак пазначаны як «вытворчая зона» — тэрыторыя, што забяспечвае працэс узвядзення станцыі ўсім неабходным.
Мы знаходзімся ў армацэху і з'яўляемся сведкамі аднаго з найважнейшых этапаў будаўніцтва станцыі — так званай «вязкі» арматуры. Таўшчэзныя, сантыметраў па 5-7 у дыяметры, стальныя пруты згінаюцца, зварваюцца паміж сабой у асобныя канструкцыі, якія потым перавязуць непасрэдна на будпляцоўку. Там іх прымацуюць да асноўнага каркаса і зальюць бетонам. Гледзячы на шчыльную шматслойную сетку, якую ўтвараюць гэтыя пруты, не верыцца, што існуе на свеце сіла, здольная іх разарваць.
...Менавіта ў армацэху працуе частка байцоў атрада. Хлопцы выконваюць самую простую, але патрэбную працу: яны тут першыя «на падхваце». Калі трэба нешта падаць, патрымаць, дапамагчы, будаўнікі звяртаюцца да іх. Хлопцаў гэтая праца асабліва не абцяжарвае — яны смяюцца, жартуюць (наколькі гэта магчыма пры такім шуме) і, здаецца, увогуле адчуваюць сябе нядрэнна. Яны праводзяць на будаўніцтве АЭС шэсць дзён на тыдзень па дванаццаць гадзін штодзень...
Працоўны дзень для большасці байцоў пачынаецца ў 7 гадзін раніцы. У 6.30 да новага мікрараёна пачынаюць пад'язджаць аўтобусы. Хлопцы ва ўніформе рассаджваюцца па месцах. Нехта дзеліцца з сябрамі апошнімі навінамі, хтосьці слухае музыку або «сядзіць» у інтэрнэце.
Да слова, байцы вельмі трапятліва ставяцца да атрыбутаў студатрадаўскага жыцця: выпрасоўваюць да бездакорнага стану ўніформу — «байцоўкі», збіраюць і захоўваюць значкі (ці па-студатрадаўску «цаглінкі»), якія ім выдаюць напрыканцы кожнай змены. На «байцоўках» хлопцаў з Расіі ёсць і знакі адрознення: шэўроны, нашыўкі. Цяпер і беларускія студатрадаўцы хочуць пераняць такі вопыт, стварыўшы сваю сістэму.
— Наш зводны беларуска-расійскі студэнцкі атрад імя героя Савецкага Саюза Івана Лебедзева складаецца з адзінаццаці лінейных, — расказвае яго камісар Аксана ЛАЗАРАВА. — Дзевяць — з беларускіх ВНУ, і два — з расійскіх. Беларусь адзначае
70-годдзе вызвалення ад нямецкіх захопнікаў, таму мы прапанавалі ўсім атрадам узяць у якасці назвы імя аднаго з Герояў Савецкага Саюза. Байцы падтрымалі гэтую ідэю. Заезд пачаўся 1-га ліпеня, а ўжо 2-га і 3-га ўсе прыступілі да працы. Дарэчы, расійскі лінейны атрад з Ніжняга Ноўгарада нават узяў удзел у шэсці на Дзень Незалежнасці ў Астраўцы. Летась тут таксама працавалі два лінейныя атрады — з Гродна і Обнінска. Мы сачылі за тым, наколькі паспяхова студэнты адпрацуюць на такой сур'ёзнай будоўлі. Вопыт аказаўся пазітыўным, і сёлета ў Астравец прыехала ўжо 205 байцоў, 5 з іх — дзяўчаты. Усе яны праходзілі спецыяльны адбор: мы выбіралі толькі студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю па спецыяльнасцях, звязаных з будаўніцтвам.
«Шкадую, што апошні год...»
Актывістаў студатрадаўскага руху ў Астраўцы размясцілі цэнтралізавана. Яны жывуць у адным з новазбудаваных шматпавярховікаў 2-га мікрараёна ў двух- і трохпакаёвых кватэрах па 5 і 7 байцоў адпаведна. Раён жывапісны: паблізу цячэ рака Лоша з неверагодна празрыстай вадой, з другога боку да горада падступае лес. Цішыня, свежае паветра, крама пад бокам — што яшчэ трэба?
— Раней да студатрадаўскага руху я ставіўся даволі скептычна, — узгадвае Андрэй СКАЛОТА, камандзір гродзенскага атрада імя Віктара Усава, а таксама камандзір усяго зводнага атрада імя Лебедзева. — Напэўна, былі ў жыцці іншыя мэты і інтарэсы. Але ўсё змянілася год таму, калі ў складзе беларускага будаўнічага атрада я трапіў на Крайнюю Поўнач, у пасёлак Баваненкава на паўвостраве Ямал. Мы працавалі там дарожнымі рабочымі. Гэта была мая першая вандроўка ў складзе студатрада, і яна пакінула незабыўныя і непаўторныя ўражанні, якія цяжка перадаць словамі. Я вучуся на інжынерна-будаўнічым факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, таму для мяне студатрадаўскі рух — гэта не толькі эмоцыі, але і важны працоўны досвед. Дарэчы, працу ў атрадах нам залічваюць як практыку.
Параўноўваючы мінулую і цяперашнюю паездкі, Андрэй кажа, што абедзве для яго асаблівыя. На Ямале беларускія студэнты былі «гасцямі», таму прыходзілася, што называецца, «трымаць марку» і паказваць сябе толькі з лепшага боку. Сёлета ўжо ў Беларусь прыехалі госці з Расіі, і гаспадары прыкладаюць усе намаганні, каб пакінуць пра сябе добрыя ўражанні: бяруць удзел ва ўсіх конкурсах, дапамагаюць сваім расійскім калегам у самых розных пытаннях.
Па словах Андрэя, праца на будаўніцтве АЭС ім даспадобы. Па-першае, у хлопцаў з'явіўся шанц паназіраць, як будуюцца па-сапраўднаму маштабныя аб'екты, бо такая магчымасць выпадае не кожнаму. А па-другое, ім самім даводзіцца — хаця б часова — працаваць у «дарослым» рытме. Гродзенскі атрад займаўся ўжо згаданай вязкай арматуры, а таксама заліўкай бетону непасрэдна на аб'екце. Давялося хлопцам папрацаваць і ў начную змену.
— Калі мы толькі збіраліся ехаць у Астравец, нам прапаноўвалі некалькі варыянтаў графікаў працы, — працягвае Андрэй. — Мы выбралі дзесяцігадзінны працоўны дзень з гадзінным перапынкам на абед. Тады думалі, што будзем толькі працаваць і спаць, але часу хапае на ўсё. Гуляем у футбол на новым стадыёне, знаёмімся з горадам, ездзім на экскурсіі, на Дзень будаўніка адпачывалі на Нарачы. Асабіста я цікаўлюся фатаграфіяй, таму яшчэ нешта здымаю. Атрад атрымаўся дружны, мы добра разумеем адно аднаго. Аб нашых гасцях з Расіі яшчэ летась склалася вельмі станоўчае ўяўленне, і цяпер яно толькі пацвярджаецца. Таму эмоцый вельмі шмат. Насамрэч, больш за ўсё я шкадую, што гэта мой апошні год у студатрадаўскім руху: я пяцікурснік. Надта позна зразумеў, як гэта класна. Напэўна, калі б раней аб гэтым даведаўся, сам бы ствараў студэнцкія атрады. Хаця і за два гады мы шмат унікальнага ўбачылі. Напрыклад, з Ямала нас вазілі ў Сочы, дзе мы назіралі за падрыхтоўкай аб'ектаў да Алімпіяды.
Кватэра, адпачынак і 2 000 долараў
Трэба сказаць, што кватэры, у якіх «разбілі лагер» байцы, былі добра падрыхтаваны да іх прыезду. Тут ёсць асноўная бытавая тэхніка: электрапліты, халадзільнікі, мікрахвалёўкі. З сабой большасць брала толькі вопратку і мінімум посуду. За больш чым месяц студэнты абжыліся — кватэры выглядаюць утульна, па-хатняму. У адной з іх нават жыве... кошка. Хлопцы расказваюць, як у першыя дні змены знайшлі на вуліцы зусім маленечкае кацяня, хворае на адно вока. Знясіленай жывёлінцы далі прытулак, абагрэлі і вылечылі. Цяпер Малышка (менавіта так назвалі кватарантку) састаўляе кампанію жыхарам аднаго з пакояў. Ужо вядома, хто з хлопцаў забярэ яе дадому.
У адной з кватэр мы натрапілі на цікавы артэфакт — гэта звычайная будаўнічая каска, на якой расце... дрэва! Справа ў тым, што падчас змены праходзіў конкурс касак. Вось адзін з гродзенскіх хлопцаў і ўпрыгожыў гэты сродак бяспекі пры дапамозе пенапласту і дроту. Акрамя гэтага, байцы разам прыдумвалі лагатып зводнага атрада: кожны лінейны атрад выстаўляў на конкурс свой варыянт, з якіх у выніку быў выбраны лепшы. У раёне праводзяцца аматарскія спаборніцтвы па футболе, удзел у якіх бяруць прадстаўнікі працоўных калектываў Астравеччыны. Студатрадаўцы з Гродна таксама выставілі на турнір каманду пад назвай «Янкі»: з аднаго боку, гэта адсылка да знакамітай бейсбольнай каманды «Нью Ёрк Янкіс», з другога — даніна роднаму Гродзенскаму ўніверсітэту, што носіць імя Янкі Купалы. Увогуле, увечары атмасфера ў студэнцкім доме асаблівая. Нехта гатуе вячэру, нехта збіраецца на «вячоркі» з гітарай. Нягледзячы на працоўны дзень, маладосць бярэ сваё — жыццё пачынае бурліць!
— У Беларусі я ўжо другі раз, бо летась наш атрад таксама прыязджаў на будаўніцтва АЭС у Астраўцы, — расказвае Міхаіл ЯНЬШЫН, камісар Обнінскага атрада «Энергетык». — Сёлета планавалі ехаць у Калінінград, але там будоўлю «замарозілі», і мы вярнуліся да варыянту з Беларускай АЭС. Усяго з Обнінска прыехалі 23 чалавекі, усе — студэнты Інстытута атамнай энергетыкі, таму для нас гэта профільная паездка. Калі атрымаем дыпломы, зможам працаваць на самой АЭС па сваёй спецыяльнасці. Ехалі сюды з радасцю, бо нам падабаецца ваша краіна. Ды і фінансавы фактар не на апошнім месцы: летась за 50 працоўных дзён нам заплацілі па дзве тысячы долараў.
— Згодны. Гэта вельмі добрая практыка для будучых спецыялістаў-атамшчыкаў, — дадае Сяргей ГЕЛЕР, камандзір таго ж атрада. — Бо калі ты будуеш станцыю, то потым лепш разумееш, як яна працуе. Калі гаварыць пра іншыя ўражанні, у Беларусі больш за ўсё нас здзівілі цэны. Заходзіш у краму і бачыш на макаронных вырабах: восем тысяч. Адразу страшна становіцца. Потым толькі ўзгадваеш, што гэта беларускія рублі. Дарэчы, такая пужлівасць з цягам часу «не лечыцца» (смяецца). А калі сур'ёзна, то першым яскравым уражаннем быў момант, калі мы толькі прыехалі ў Астравец. 6 гадзін раніцы, хлопцы глядзяць у вокны аўтобуса, а горад ужо рыхтуецца да працоўнага дня: вуліцы прыбіраюцца, нехта спяшаецца на працу. Ды і людзі вельмі прыязна да нас ставяцца.
Штотыдзень хлопцы выязджаюць на адпачынак,
экскурсіі або ладзяць унутраныя мерапрыемствы. За больш як месяц паспелі згуляць на футбольным турніры, з'ездзіць на шашлыкі, пабываць на экскурсіях у Нясвіжскім палацы і ў Хатыні, паўдзельнічаць у суботніках на тэрыторыі 1-й гімназіі Астраўца і ў Гудагайскай школе (хлопцы займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі).
* * *
Для байцоў праца ў будатрадах — гэта нешта большае за звычайныя працоўныя вандроўкі. Дакладна скажу адно: назіраючы за імі, слухаючы захапляльныя аповеды, адчуваеш, што яны сапраўды гэтым жывуць. І, калі шчыра, трохі ім зайздросціш.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Фота Надзеі БУЖАН.
Мінск — Астравец — Мінск.
Што за таемнымі дзвярыма?