Вы тут

Памятны сімвал = сімвал памяці


У Беларусі абвешчаны конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мемарыяла) Курапаты. Мэта конкурсу — пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстравання вобраза ўрочышча як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння. Арганізатар конкурсу — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі конкурсу могуць быць скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.


Мемарыял павінен стаць асаблівым месцам для беларускага народа, куды зможа прыехаць кожны неабыякавы. Галоўная ідэя твора — увекавечанне памяці ўсіх бязвінна загінуўшых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Кампазіцыйнае выкананне памятнага знака павінна адпавядаць нацыянальным і класічным традыцыям манументальнага мастацтва. Адна з важных умоў конкурсу — мемарыял павінен лаканічна ўпісвацца ў ландшафт урочышча. Скульптары і архітэктары падчас распрацоўкі свайго варыянта памятнага знака могуць таксама прапаноўваць дакладнае месца яго размяшчэння. Заяўкі для ўдзелу прадастаўляюцца па 26 красавіка.

Беларускі саюз мастакоў уключыўся ў працу, і сёння творцы актыўна падаюць заяўкі на ўдзел у конкурсе, распрацоўваюць праекты.

— Адзінае, што непакоіць мяне сёння, — на конкурс адведзена ўсяго толькі чатыры тыдні, — адначае старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Таму вельмі складана быць упэўненым, што за гэты час можна зрабіць нешта адметнае. З іншага боку, тое, што работа распачатая, — выдатна, таму што няма куды адкладваць. І нашы мастакі павінны зразумець гэта. Канечне, пакуль дзяржава павінна зрабіць усё, каб засцерагчы гэтую тэрыторыю ад розных людскіх забаў. Я нават лічу, што гэта найпершая задача, а стварэнне мемарыяла — другая. Для нас гэта толькі пачатак, але ж будуць і іншыя часы, іншыя пакаленні, якія зробяць усё больш грунтоўна, каб урочышча мела агульнанацыянальнае значэнне: мала якая сям’я не была закранутая катком рэпрэсій. Але не значыць, што гэта помнік ахвярам усяго XX стагоддзя. Нічога падобнага, мы памятаем, што Хатынь — помнік знішчаным вёскам, Трасцянец — помнік ахвяраў канцлагера, а Курапаты — помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Таму мы вельмі канкрэтна павінны абазначыць, што Курапаты — наш нацыянальны некропаль.

Базавай арганізацыяй конкурсу будзе выступаць Цэнтр сучасных мастацтваў. Сёння ўжо фарміруецца прафесійнае журы, якое будзе ацэньваць прапановы канкурсантаў, але ж канчатковае слова ўсё роўна будзе за грамадзянамі нашай краіны, якія таксама змогуць ацаніць і выбраць найбольш годны праект.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.