Вы тут

У Мінску прайшоў гарадскі кніжны фестываль «Горад і кнігі»


Два дні скверык перад будынкам БНТУ быў пляцоўкай для гарадскога фестывалю пад адкрытым небам «Горад і Кнігі». Аматары захапляльнай літаратуры — а любімая кніга заўсёды захапляльная — падрыхтавалі такі ж разнастайны «букет» праграм, як і мінулымі гадамі, а праходзіць свята кніжнікаў ужо чацвёрты раз.


Пасля ўступных урачыстасцяў, падаецца, некаторым гледачам захацелася раздваіцца, а то і растраіцца: на ўсіх пяці пляцоўках пачаліся канцэрты, гульні, сустрэчы з творцамі. Так, бэбі-тэатр «Бусы» зладзіў тэатралізаваны інтэрактыўны канцэрт «Птушыная акадэмія» для маленькіх даследчыкаў. Гледачы разам з прафесарамі з «птушынымі» прозвішчамі даследавалі пытанне: «Чаму птушкі лётаюць?» На іншай пляцоўцы аўтары дзіцячай літаратуры праводзілі гучныя чытанні для сваёй аўдыторыі. Напрыклад, пісьменніца Надзея Ясмінска з дапамогай шытых лялек і «чароўнага куфэрка» расказала маленькім гледачам, чаму казачная пачварка Меша не мае хаты. А вось на занятках для бацькоў дарослым было цікава даведацца пра з'яву сторытэлінгу — практыкі чытання разам з дзецьмі, калі кніжная гісторыя ператвараецца ў тэатральную пастаноўку.

Навука і фантазія цудоўна «прыжыліся» на маладзёжнай пляцоўцы. Напачатку аматары кніг пра «Уладара пярсцёнкаў» задаліся пытаннем, ці дапаможа правільна выбудаваная прамова пераспрачаць самага ўпартага праціўніка, а потым зладзілі для ўсіх ахвотных трэнінг па аргументацыі «Варкшоп з энтамі». Вечарам таго ж дня госць з Расіі, аўтар навукова-папулярнай кнігі «Толькі фізіка, толькі хардкор» Дзмітрый Пабядзінскі прапанаваў прысутным паразважаць, «Наколькі вялікі Сусвет» і зладзіць уяўнае падарожжа за межы Сонечнай сістэмы. Дарэчы, для прыхільнікаў інтэлектуальных разваг працавала асобная экспертная пляцоўка. У полі зроку даследчыкаў аказаліся праблемы дзіцячай літаратуры, асаблівасці стварэння тактыльных кніг для людзей з аслабленым зрокам ад эксперта з Фінляндыі Ірмелі Холстэйн і агляд актуальных літаратурных прэмій Беларусі ад пісьменніка Андрэя Жвалеўскага. А на пляцоўцы майстар класаў наведвальнікі раскрывалі сакрэты гравюры разам з мастачкай-ілюстратарам Анастасіяй Сакалоўскай, гатавалі смачную страву па простым рэцэпце і назіралі за хімічнымі доследамі.

«Спецыялістам» ад літаратуры і навукі дапамагала каля 150 валанцёраў. Напачатку Паліна Пяцінкіна таксама адносіла сябе да звычайных аматараў-кніжнікаў. Дзяўчына другі год удзельнічала ў арганізацыі мерапрыемстваў, а сёлета ўпершыню вырашыла выступіць як каардынатар стэнда. Шыльда над палаткай запрашае: «Супакойся ды пачытай».

— На ідэю выстаўкі нас натхніла кніга, якая так і называецца — «Кніга як лекі». Там аўтары сабралі чалавечыя страхі, непрыемныя сітуацыі, захворванні і прапаноўвалі літаратурныя творы, якія б дапамаглі з імі справіцца, — кажа Паліна. — Некаторыя з парад падаліся нам спрэчнымі. Калі чалавек сапраўды хворы, толькі чытанне яму не дапаможа, тут патрэбен доктар. А вось пераадолець страх, паглядзець на сітуацыю з іншага боку ды і проста запаволіцца, каб разабрацца ў сабе праз жыццё літаратурных герояў, — у гэтых абставінах кніга стане добрым памочнікам. Мы выбралі адзінаццаць праблем, з якімі часта сутыкаецца чалавек (адзінота, страх перад невядомым, страх цемры, праблемы сталення і інш.) і склалі ўласны спіс кніг. Для гэтага глядзелі парады людзей у сеціве і распытвалі знаёмых. У выніку атрымалася «бібліятэка першай псіхалагічнай дапамогі», калі раптам стала цяжка на душы.

Наш Выдавецкі дом «Звязда» таксама не застаўся ўбаку ад літаратурнай падзеі, вітаючы чытачоў побач са сваім стэндам. Тым жа, хто сур'ёзна зацікавіўся літаратурнымі навінкамі, выдавецтвы прапаноўвалі набыць кнігі адразу на свяце.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Супакойся, чытай, гуляй

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.