21 Верасень, пятніца

Вы тут

Адзін з найстарэйшых франтавікоў краіны ўзгадаў пачатак Вялікай Айчыннай


Вайна — гэта страшнае слова. У 1941-м яна мяняла жыццё, ламала лёсы, разлучала людзей. Дзякуючы подзвігу дзядоў і прадзедаў сёння пра вайну многія ведаюць толькі па гістарычных звестках і музеях. А яны за нас прайшлі ўсе яе жахі. Менавіта лёс і жыццёвы вопыт ветэранаў нам зараз нагадвае пра сапраўдную цану мірнага неба над галавой. Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны адзін з найстарэйшых франтавікоў Беларусі, якому спаўняецца 95 гадоў, ветэран, удзельнік бітвы пад Масквой Міхаіл Сяргеевіч Самонаў падзяліўся тым, як для яго пачыналася вайна, расказаў пра страх першага бою і пра тое, чаму трэба заўсёды памятаць.


Нельга быць гатовым

Вялікую Айчынную ён прайшоў ад пачатку і да канца. На палях яе бітваў правёў сваю маладосць. Там жа і пасталеў. Сёння пра вайну Міхаілу Сяргеевічу нагадваюць два раненні, ордэны і медалі. А таксама пачуццё жаху і горыч страт.

Па словах Міхаіла Сяргеевіча, вайна для яго пачалася раней за 1941-ы.

«Пасёлак, дзе я жыў, называецца Яроміна і знаходзіцца пад Гомелем. Там недалёка праходзіла чыгунка з Украіны ў Ленінград. Яшчэ да пачатку вайны я і мае сябры бачылі, як цягнікі перавозілі ваенную тэхніку. Памятаю, як на сходах камсамола мы абмяркоўвалі, што трэба пачынаць рыхтавацца да вайны. Мы ўжо тады падазравалі, што яна магчымая», — расказвае Міхаіл Самонаў.

Для гэтага ён амаль кожны тыдзень ездзіў з сябрамі ў Гомель, дзе практыкаваўся ў стральбе. Таксама з дзяцінства марыў быць лётчыкам. Праходзіў усе тэсты па здароўі. Вучыўся лятаць на самалёце У-2, але лётчыкам так і не стаў. А вось страляць навучыўся трапна. Калі яго мабілізавалі, ён ужо паказваў выдатны вынік. Напачатку адправілі ў тыл і залічылі ў Варонежскую школу малодшых авіяспецыялістаў стралком-радыстам.

«Памятаю, як мяне і маіх сяброў мабілізавалі і павезлі з Гомеля ў Арол. У нейкай ступені мы былі гатовыя да вайны. Але гэта толькі тэарэтычна. На практыцы да яе нельга быць цалкам гатовым», — падзяліўся ветэран.

Першы бой і абарона Масквы

Першае хрышчэнне агнём у Міхаіла Самонава прайшло падчас абароны Масквы ў канцы 1941-га і пачатку 1942 года. Іх падраздзяленне размясцілі ў Хімках, а праціўнік быў у горадзе Сонечнагорск. Паступіла задача адбіць горад. Выканаць загад было складана, бо населены пункт ужо ўмацавалі і падрыхтавалі да абароны. Менавіта тады Міхаіл Сяргеевіч упершыню адчуў страх страціць сваё жыццё.

«Памятаю, як аддалі загад на штурм. У першых хвілінах бою я бачыў, як гінуць мае таварышы. Тады мне стала страшна памерці ў самым пачатку вайны. У гэтым баі загінула шмат хлопцаў 18—20 гадоў. Першае хрышчэнне было горкае», — прыгадвае Міхаіл Самонаў.

Памятае і як у складзе 102-га спецбатальёна ў наступленні поўз, прыціскаючыся да снегу, які станавіўся чырвоным ад крыві. Як задыхаўся, калі пераносіў часткі кулямёта і патроны, каб падтрымаць агнём сваіх. Тыя дні для яго былі самыя цяжкія. Памятае і як наступалі ў 25-градусны мароз, калі не было дзе грэцца. Тады пад Масквой паўсюль былі суцэльныя могілкі і разбітая нямецкая тэхніка, павернутая на захад. А гэта выклікала радасць і азначала, што немцы ўцякалі. Салдаты зразумелі, што адстаялі Маскву.

Не было часу думаць пра смерць

Аднак ужо пасля бітвы пад Масквой вайна стала звыклай. Як кажа Міхаіл Сяргеевіч, у яго папросту не было часу на тое, каб думаць пра смерць або адчуваць страх. І гэта, як ён кажа, не бравада, а псіхалогія.

Ужо потым Міхаіл Самонаў прайшоў Калінінскі фронт, Першы Прыбалтыйскі, дайшоў да Кёнігсберга. Нават цяпер яму цяжка зразумець, як ён выжыў, бо смерць была паўсюль.

«Мы выйгралі Вялікую Айчынную мільёнамі чалавечых жыццяў. Мільёнамі ахвяр. Мне незразумела, чаму пасля такой трагедыі людзі да гэтага часу разважаюць пра вайну? Не дай ёй бог здарыцца. Вайна гэта страшна. Каб яна не паўтаралася — трэба памятаць», — лічыць ветэран.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Вайну трэба памятаць у дэталях

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!